Сядзіба О’Руркаў ва Уселюбе

Сядзіба О’Руркаў ва Уселюбе

Сядзіба О’Руркаў ва Уселюбе

15 октября 2019 2732

Уселюб вядомы ўжо з XV стагоддзя. У 1438 го­дзе князь літоўскі Сігізмунд Кейстутавіч падарыў Уселюб Андрэю Неміровічу.

Ёсць усе падставы меркаваць, што гэты дакумент толькі пацвярджальны, а Уселюбам валодаў яшчэ Ян Няміра, канюшы вялікага князя Вітаўта. Пацвярджэннем гэтаму служыць той факт, што Мікалай Неміровіч (брат Андрэя) называе сябе ў дакуменце 1471 г. «дзедзічам Уселюба». Гэта значыць, што Уселюб належаў не менш як тром пакаленням гэтага роду і быў галоўным памесцем Неміровічаў. Адзін з яго нашчадкаў ў 1537 годзе адпісаў Уселюб Станіславу Давойне, які ў маладосці служыў у кіеўскага ваяводы Андрэя Неміровіча. У 1553 годзе Сігізмунд Аўгуст дазволіў Давойне заснаваць ва Уселюбе тыднёвы кірмаш. Вядома, што ў 1576 годзе Уселюб набыў князь Мікалай Радзівіл – віленскі ваявода. У далейшым уладанні перайшлі да Пацеяў, а ў 1713 го­дзе да А. Навасельскага – навагрудскага каштэляна, і, нарэш­це, да О’Руркаў, прадстаўнікоў арыстакратычнага дваранскага роду ірландскага паходжання. Яны паступілі на службу да імператрыцы Лізаветы Пятроўны ў XVIII стагоддзі. Вядома, што Іосіф О’Рурк, уладальнік маёнтка, праславіўся ў руска-турэцкай вайне, а падчас вайны з Напалеонам у 1812 го­дзе разграміў авангард генерала Мора, праследуючы французаў з Белавежскай пушчы да самага Брэста.

Іосіф О’Рурк пабудаваў ва Уселюбе сядзібу з выглядам на раку Плісу ў другой палове XIX стагоддзя. Яна адпавядала традыцыям позняга класіцызму. З усходняга боку да сядзібы вяла пад’язная алея, з процілеглага – знаходзілася капліца. З паўднёвага боку размяшчаўся парк плошчай каля 10 га, які перасякалі шматлікія прагулачныя алеі і дарожкі.

IMG_5214

Апошнім уладальнікам ся­дзібы быў граф Карл Мар’ян Аляксандр О’Рурк (1864-1946 гг.). Мясцовыя жыхары называлі яго граф Караль. Ён быў жанаты на графіні Марыі Тышкевіч, якая памерла ў Варшаве ў 1926 годзе. У шлюбе дзяцей не было. Карл быў узве­дзены ў сан камергера. У 1898 годзе на ўласныя сродкі ён прыбудаваў да касцёла Святога Казіміра званіцу. У 1911 годзе цалкам выкупіў маёнтак Уселюб з залога ахоўнай казны ў Пецярбурзе. Развіваў лесатэхнічную галіну ў сваёй гаспадарцы. Быў патронам царквы і бальніцы, для якой прадаставіў верхні паверх радавога маёнтка. У спісах па выбарах 1912 года паказаны як уладальнік 7855 дзесяцін зямлі ў Навагрудскім павеце.

У 1897 г. – міравы суддзя, 1902-1914 гг. – ганаровы міравы суддзя і член павятовага з’езда, член Савета Навагрудскага дабрачыннага таварыства (як папячыцель прытулку), з 1914 года – член павятовага камітэта Расійскага Таварыства Чырвонага Крыжа. Граф Карл валодаў радавымі землямі Уселюб да 1939 года. Восенню 1939 года быў арыштаваны і ра­зам з сястрой Эльвірай адпраўлены ў Навагрудак. Эльвіра захварэла і памерла, а Карл быў асуджаны і сасланы ў лагер у Сібір.

Памёр і пахаваны Карл О’Рурк у Польшчы ў 1946 годзе ў горадзе Цэхацінцы.

IMG_5237

Падрыхтавала Вольга Пісар, «НЖ»

Варта пачытаць:

Вяртанне праз стагоддзі: Навагрудская ратуша

Вяртанне праз стагоддзі: сядзібна-паркавы ансамбль Брахоцкіх у в. Вераскава