Калі ўзнік Навагрудак: летапісы расказваюць

Калі ўзнік Навагрудак: летапісы расказваюць

04 апреля 2024 873

У папярэднім выпуску нашага праекта мы ўжо пісалі, які адказ на пытанне, вынесенае ў загаловак, дае археалагічная навука. Нагадаем: вынікі раскопак у Навагрудку паказваюць, што паселішча на тэрыторыі нашага горада існавала ўжо ў канцы X стагоддзя. А калі ж горад быў упершыню згаданы ў пісьмовых крыніцах? Як ні дзіўна, дакладнага адказу на гэтае пытанне мы і сёння не атрымліваем нават ад дасведчаных гісторыкаў. Прычын, па якіх так адбываецца, мінімум дзве. Пра іх і пагаворым…

Прычына першая: гарады–«цёзкі»
Ва ўсходнеславянскім летапісанні часта можна сустрэць такія назвы, як «Новгородок», «Новогородок», «Новый город», «Новгород», «Новый Городец». Любая з іх гіпатэтычна можа мець дачыненне да сучаснага Навагрудка. Аднак жа можа і не мець… Назвы паселішчаў са значэннем «новы горад» – не рэдкасць не толькі на ўсходнеславянскім абшары, але і ва ўсім свеце (узгадаем хаця б італь янскі Неапаль).

Вялікі Ноўгарад – самы вядомы горад сярод славянскіх «цёзкаў» Навагрудка. У летапісах ён згадваецца досыць часта, аднак не заўсёды нават выдатныя знаўцы гісторыі могуць сказаць адназначна, які горад упамінаецца ў той ці іншай пісьмовай крыніцы: Вялікі Ноўгарад ці Навагрудак.

Акрамя рускага «цёзкі», у Навагрудка ёсць і украінскі – Ноўгарад-Северскі. І яго пераблытаць з нашым горадам зусім няцяжка. А паколькі такая блытаніна час ад часу адбываецца, мы і не маем дагэтуль дакладнага адказу: хто і калі першым узгадаў Навагрудак у пісьмовай форме.

Гіпотэз адносна першай згадкі Навагрудка ў летапісах некалькі. Звернемся да кожнай асобна.

1044 г. Рускі гісторык Васіль Тацішчаў, спасылаючыся на страчаны да нашага часу летапіс, выказаў думку, што Навагрудак быў заснаваны менавіта ў гэтым годзе. Падставай для меркавання паслужылі такія словы летапісца: «Ходи Ярослав на Литву, а на весну заложи Новгород». Ахвотна падхапіў меркаванне В.М. Тацішчава беларускі гісторык Мікола Ермаловіч. Падзяляюць гіпотэзу аб тым, что Навагрудак быў заснаваны ў 1044 г. падчас паходу кіеўскага князя Яраслава Мудрага на Літву, і многія навагрудскія гісторыкі, краязнаўцы і іншыя жыхары горада.

Праўда, некаторыя даследчыкі гісторыі і Вялікага Ноўгарада, і Ноўгарада-Северскага, ды і беларускія вучоныя звязваюць паход Яраслава з гісторыяй гэтых гарадоў, але не Навагрудка. І яшчэ на адну дэталь у прыведзеным фрагменце летапісу варта звярнуць увагу: князь Яраслаў «заложи» горад не ў год паходу на Літву, а «на весну» (гэта значыць, у наступным, 1045 годзе).

1116 г. Меркаванне аб тым, што Навагрудак заснаваны менавіта ў гэтым годзе князем Яраполкам (сынам Уладзіміра Манамаха), у свой час карысталася пэўнай папулярнасцю. Даў жыццё гэтай гіпотэзе вядомы вучоны ХІХ ст. Тэадор Нарбут. Аднак наступныя пакаленні гісторыкаў не знайшлі ў летапісах аніякіх звестак пра тое, што Яраполк Уладзіміравіч у азначаны перыяд быў хоць калі-небудзь у ваколіцах Навагрудка. Зрэшты, не меў такіх звестак і сам Нарбут: увесь яго доказ грунтаваўся на сугуччы назвы горада Жэлня (там нага Яраполка сапраўды ступала) з Жэлненскім падзамчышчам у Навагрудку.

Сённяшнія гісторыкі не ставяцца ўсур’ёз да гэтага аргумента Нарбута. А значыць, 1116 год як верагодная дата ўзнікнення Навагрудка – гэта хутчэй міф, чым гістарычная рэальнасць.

1228 г. У паведамленні з Галіцка-Валынскага звода Іпацьеў скага летапісу, датаваным гэтым годам, згадваецца не сам Навагрудак, а верагодныя яго жыхары – «новоугородцы», якія, ваюючы на баку кіеўскага князя Уладзіміра, сумесна з полаўцамі, а таксама з «куряны и пиняны… и тоуровцы», узялі ў аблогу горад Камянец. Верагоднасць таго, што «новоугородцы» – гэта і ёсць жыхары Навагрудка, існуе, і немалая, аднак упэўненасці ў гэтым няма, бо слова «новоугородцы» ў летапісанні прымянялася ў дачыненні не толькі да іх, але і да насельніцтва Вялікага Ноўгарада.

1235 г. «По том же лете Данил возведе на Кондрата Литву Миндовга, Изяслава Новгородского». Знаўцы сярэднявяковай гісторыі з лёгкасцю пазнаюць большасць фігурантаў гэтага летапіснага паведамлення. «Данил» – гэта галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч. У згаданым годзе ён здзейсніў паход на Мазовію, на чале якой стаяў князь Конрад І Мазавецкі (вядома, ён і ёсць той самы летапісны «Кондрат»). Немагчыма ні з кім пераблытаць і літоўскага князя Міндоўга (яго мы яшчэ не раз згадаем у нашым праекце). Адзіная загадкавая для гісторыкаў персона ў гэтым летапісным радку – Ізяслаў Наўгародскі. Больш чым верагодна, што летапісец меў на ўвазе князя Ізяслава, якому належала ўлада ў панямонскім Новагародку (сучасным Навагрудку). Аднак такое самае імя насіў у гэты час і князь з Ноўгарада-Северскага – Ізяслаў Уладзіміравіч. А значыць, гісторыкі (а разам з імі і мы) засталіся без стапрацэнтных доказаў таго, што паведамленне пра мазавецкі паход 1235 года мае дачыненне да Навагрудка.

1252 г. Той жа Іпацьеўскі летапіс упершыню згадвае Міндоўга ў якасці ўладара Новагародка, а таксама сведчыць, што ў гэты час вышэйзгаданы князь Даніла Галіцкі паслаў на Новагародак свае войскі і ў 1253 г. «плениша всю землю Новгородскую». Больш падрабязна пра падзеі гэтага часу раскажам у наступным выпуску нашага праекта, а тут заўважым, што 1252 г. – гэта першая дата, сувязь якой менавіта з Навагрудкам не выклікае сумненняў ні ў кога з гісторыкаў.

Прычына другая: горад мог называцца інакш
Нельга выключаць, што Навагрудак мог упамінацца ў пісьмовых дакументах нават да 1044 года, але… пад іншай назвай. Гісторыкам добра вядомы такі закон: населеныя пункты, назва якіх мае значэнне «новы горад», часцей за ўсё узнікаюць непадалёку ад паселішчаў, якія па нейкіх прычынах зніклі або прыйшлі ў заняпад. Паселішча таму і называюць новым горадам, што дзесьці побач існаваў ці яшчэ існуе горад стары. Яскравы прыклад ужо згаданага Неапаля, заснаванага грэкамі ў VIII стагоддзі да н.э. пад назвай Партэнопа. Пазней Партэнопу разбурылі італь янскія плямёны, але непадалёку ад яе ўзнік горад пад назвай Неапаль (у перакладзе з грэчаскай мовы – «новы горад»).

Падобная гісторыя магла здарыцца ў свой час і з Навагрудкам. Нездарма экспедыцыя ленінградскага археолага Фрыды Гурэвіч рабіла раскопкі ў прылеглых да горада Радагошчы і Гарадзілоўцы. Там вучоныя спадзяваліся знайсці гарадзішча буйнога паселішча, побач з якім развіўся сучасны Навагрудак. Праўда, так і не знайшлі.

Аднак і зараз гісторыкі прымаюць да ўвагі той факт, што такое паселішча магло існаваць. А калі існавала, то, вядома, мела і сваю назву, пад якой, не выключана, пакінула след у летапісах.

Калі горад меў імя Новагародак (Новы Гарадок), ці не магло паселішча, якое некалі існавала на яго месцы ці каля яго, называцца проста Гарадок? Такім пытаннем у сваіх працах задаваўся выдатны знаўца старажытных летапісаў, наш зямляк Вячаслаў Чамярыцкі. Вячаслаў Антонавіч не толькі заклікаў даследчыкаў гісторыі Навагрудка звяртаць увагу на рассыпаныя па летапісных тэкстах назвы тыпу Гарадок, Гарадец і іншыя найменні з гэтым коранем. Ён і сам рабіў гэта. Так, на думку В.А. Чамярыцкага, згаданы ў Кіеўскім летапісе паход полацкага князя Рагвалода Барысавіча «к Городцю» які адбыўся ў 1162 (магчыма, у 1161) годзе, можа мець да гісторыі нашага горада самае непасрэднае дачыненне. Кіеўскае войска, адагнанае дружынай князя Валадара Глебавіча ад Гарадца, адступіла ў Друцк праз Слуцк. Сучасныя даследчыкі прызвычаіліся атаясамліваць летапісны Гарадзец з Гарадком, што ў Маладзечанскім раёне. Чаму Рагвалод Барысавіч выбраў такі нязручны маршрут: Гарадок – Слуцк – Друцк? Задумаўшыся над гэтым, В.А. Чамярыцкі выказаў меркаванне, што Гарадзец мог знаходзіцца не ў паўночна-заходнім напрамку ад Мінска, а ў паўднёва-заходнім. А значыць, нельга выключаць, што менавіта ён быў тым самым «старым» Гарадком, каля якога вырас «новы» – сучасны Навагрудак.

Вось такімі былі першыя вядомыя згадкі Навагрудка ў пісьмовых крыніцах. Мяркуйце самі, шаноўныя чытачы, наколькі кожная з іх мае дачыненне да нашай малой радзімы. А магчыма, некаму з вас яшчэ пашчасціць знайсці ў старажытных летапісах і іншыя ўпамінанні нашага горада, больш раннія і не менш даставерныя за тыя, з якімі вы зараз пазнаёміліся.

Віктар Свёкла, «НЖ».