Віктар Валчэцкі – чалавек асаблівай адвагі

Віктар Валчэцкі – чалавек асаблівай адвагі

Віктар Валчэцкі – чалавек асаблівай адвагі

28 февраля 2024 513

Яшчэ да пачатку вайны Віктар Валчэцкі (родам ён з в. Навіны Навагрудскага раёна) добраахвотнікам паехаў на работу па здабычы вугалю ў Варашылаўград (Луганск).

У маі 1941 года ён прыехаў на адпачынак дадому, дзе яго і застала вайна.

З першага дня імкнуўся трапіць на фронт старэйшы брат Іван. Ён паехаў з Навін у горад Навагрудак, каб адправіцца на вайну. Аднак у яго не хапіла нейкіх дакументаў, і вярнуўся дадому. Хутка пачалі дзейнічаць першыя партызанскія атрады. У партызаны пайшлі Іван і Віктар, якому на той час было ўсяго 19 гадоў. Спачатку атрад, дзе змагаліся браты, называўся атрад імя Віктара Панчанкава. Пазней ужо гэта быў вядомы атрад «Кастрычніцкі». Асноўнымі пунктамі дыслакацыі партызан атрада былі вёскі Кміцянка, Каменка, Осава, Журавельнікі, Навіны, Пятрэвічы, Радзюкі, Ператокі, Ігнатава, Драчылава, Янавічы і многія вёскі Дзятлаўскага раёна.


Першыя аперацыі, у якіх прынялі ўдзел браты Віктар і Іван, – знішчэнне варожай лініі на ўчастку дарогі Навагрудак – Ліда, пазней і на ўчасту дарогі ў кірунку Баранавіч. Віктар заўсёды быў чалавекам асаблівай адвагі, камандзірам групы, а затым атрада падрыўнікоў. На яго баявым рахунку і рахунку Івана, які быў каман дзірам знішчальнага ўзвода, нямала пушчаных пад адхон варожых эшалонаў, нямала зні шчаных фашыстаў. На заданне часта хадзілі разам, прыкрывалі адзін аднаго, ім камандаванне даручала самыя складаныя заданні. Неаднаразова былі параненыя.

Апошні варожы эшалон, пушчаны Віктарам пад адхон, быў на чыгунцы Баранавічы–Ліда.


І сёння да дробязей родныя Віктара Валчэцкага памятаюць той страшны чэрвеньскі дзень 5 чэрвеня 1944 года – дзень, калі загінуў Віктар.

Напярэдадні ён толькі вярнуўся з задання, яны сядзелі з братам Іванам, размаўлялі, як раптам пачулі сігнал трывогі. Іван хутка накіраваўся ў свой узвод. Віктару, які толькі ноччу вярнуўся з задання, камандаванне загадала ісці адпачываць, але ён папрасіўся ісці разам з атрадам. У вёсках Асмолава і Осава немцы рабавалі мясцовых жыхароў. Камандаванне вырашыла правучыць карнікаў. Завязаўся бой каля вёскі Малая Ізва. Віктар прабраўся ў тыл і адкрыў агонь па ворагу. Немцы ж адкрылі агонь у адказ і пачалі яго акружаць. Брат Іван вызваў агонь на сябе, каб адцягнуць пагрозу ад брата. Аднак адна куля не абмінула Віктара… Не дажыў ён усяго месяц да вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Віктару Валчэцкаму было толькі 22 гады. Пахавалі яго ў родных Навінах, магіла знаходзілася недалёка ад школы, дзе вучыўся.