Сёлета наша краіна святкуе 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокі след у жыцці кожнай сям'і. Расказы аб гэтай вайне перадаюцца ад старэйшых, якія прайшлі гэта страшнае выпрабаванне пакаленняў, да малодшых, якія жывуць у мірны час. Напярэдадні Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь успомнім з удзячнасцю і смуткам пра тое, як родныя нам і зусім незнаёмыя людзі здабывалі для нас, сваіх нашчадкаў, магчымасць жыць у міры. Няхай тыя страшныя дні ўжо так далёка ад нас, але яны былі, гэта наша гісторыя, наша памяць, падмурак нашага сучаснага жыцця… Мы ўзіраемся скрозь час у гэтыя асобы і захапляемся мужнасцю нашых родных. У беларускіх сем'ях свята шануюць ратны подзвіг сваіх продкаў, захоўваюць іх ордэны, медалі, фатаграфіі як бясцэнныя рэліквіі. У нашым праекце «Ніколі не забудзем: праўнукі пра герояў і вайну» школьнікі ўстаноў адукацыі раёна падзеляцца сваімі сямейнымі ўспамінамі пра герояў таго часу. А пачнём мы з сярэдняй школы № 4 г. Навагрудка.
Ведаю і ганаруся!
Пра вайну трэцякласнік Арсеній Главацкі ведае не толькі са школьных інфармацыйных гадзін і праграмных твораў па літаратуры. А яшчэ з біяграфіі сваёй сям'і.
– Мой прадзядуля Пётр Фаміч Фурса – ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Ён нарадзіўся ў сакавіку 1916 года ў вёсцы Ладзенікі, Навагрудскага раёна. У 1941 годзе фашысцкая Германія вераломна, без абвяшчэння вайны напала на СССР. Маладых хлопцаў з вёсак і гарадоў заклікалі ў Чырвоную армію на абарону Радзімы, многія ішлі на фронт добраахвотнікамі, шмат хто ў ваенкаматах на прызыўных пунктах завышаў свой узрост, каб, узяўшы ў рукі зброю, змагацца з ворагам. Калі пачалася вайна, майму пра дзеду было 25 гадоў. Разам з іншымі тысячамі салдат ён каваў Вялікую Перамогу: удзельнічаў у баях за вызваленне Беларусі, дайшоў да Берліна, удзельнічаў у баях пры ўзяцці Рэйхстага, – успамінае старонкі баявой біяграфіі свайго прадзеда школьнік. – У пасляваенны час прадзед актыўна ўдзельнічаў у аднаўленні народнай гаспадаркі. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР у 1985 годзе ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені за адвагу, стойкасць і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і ў азнаменаванне 40-годдзя Перамогі. За шматгадовую добрасумленную працу ў 1980 годзе ўзнагароджаны медалём «Ветэран працы». Ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 1995 годзе ўзнагароджаны юбілейным медалём «50 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне».
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Пётр Фаміч Фурса памёр у 1996 годзе. Але пасля сябе ён пакінуў на беларускай зямлі светлую памяць і цэлае пакаленне спадчыннікаў Вялікай Перамогі. У яго 6 дзяцей, 11 унукаў, 15 праўнукаў.
– Калі ў маёй сям'і расказвалі пра наступствы вайны, я быў зусім маленькім, і цяпер мае ўспаміны – гэта хутчэй вобраз у цэлым, чым нешта канкрэтнае. Памятаю, мяне ахопліваў страх ад расказаў, жах ад умоў, у якіх жыў мой прадзед. Я часта пераглядаю яго фатаграфіі. На фотаздымках прадзед розны. Але погляд заўсёды аднолькавы: у ім унутраная сіла, рашучасць і адначасова душэўнасць. Ёсць у поглядзе і яшчэ нешта, ад чаго становіцца спакойна, і верыш, што ўсё будзе добра. Напэўна, людзі, якія былі побач, таксама адчувалі гэта, таму і ішлі за ім, верылі ў Перамогу. Я ганаруся, што мой прадзед унёс свой уклад у Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне! Гэта сапраўдны прыклад самаадданай працы, любві да сваёй зямлі, шчырага стаўлення да людзей і добрай памяці пра сябе…
Памяць сэрца не маўчыць
Шмат выпрабаванняў выпала і на долю прадзядулі па татавай лініі вучаніцы шостага класа Кацярыны Анікевіч – Мітрафана Кандрацьевіча Несцера. Ён нарадзіўся ў невялікай вёсцы Пуцэвічы ў простай сялянскай сям'і. Дзякуючы інтэрнэт-парталу «Памяць народа», дзяўчынцы разам з бацькамі ўдалося знайсці дакументы, якія сведчаць аб гераічным подзвігу прадзядулі і пацвярджаюць сямейныя расказы.
– На вайсковую службу мой прадзядуля быў прызваны ў чэрвені 1944 года ва ўзросце 19 гадоў. Прысягу на вернасць Радзіме прыняў 8 верасня 1944 года. Служыў у 258-м стралковым Хабараўскага ордэна Чырвонай зоркі палку 140-й стралковай дывізіі. У наступальных баях за Максідорф 4 мая 1945 года радавы праявіў сябе бясстрашным воінам. Нягледзячы на моцны агнявы ўдар праціўніка, сваім куляметам знішчыў 13 гітлераўцаў, чым забяспечыў рух падраздзялення наперад. Быў прадстаўлены да ўрадавай ўзнагароды – Ордэна Славы III ступені. Сярод узнагарод ёсць медалі «За вызваленне Прагі», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», юбілейныя медалі. Пасля вайны прадзядуля вярнуўся на Навагрудчыну. Тут пазнаёміўся і стварыў сям'ю з прабабуляй Надзеяй. У мірны час яны сумленна працавалі на прадпрыемствах горада, выхоўвалі сына Сяргея і дачку Алену, маю бабулю, – расказвае школьніца.
– Мой бацька вельмі ганарыцца сваім дзедам. Часта ўспамінае аб тым, як любіў, калі той апранаў свае медалі, і яны разам ішлі на гарадскую плошчу ў Дзень Перамогі. Напэўна, менавіта дзед аказаў уплыў на майго бацьку пры выбары будучай прафесіі. Ён звязаў сваё жыццё з ваеннай службай. Больш як 25 гадоў служыў у вайсковай часці 75158 г. Навагрудка. Як і прадзед Мітрафан, мой бацька служыў Радзіме сумленна, неаднара зова ўзнагароджваўся камандаваннем.
Засталіся ў нашай сям'і ўспаміны і аб прабабулі Надзеі. У 16-гадавым узросце яна была вывезеная на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Па словах бабулі, маці ёй вельмі мала расказ вала, як жылося на чужой зямлі. А калі і гаварыла, то несуцешна плакала ад горкіх успамінаў. Непасільная праца, голад, здзекі... Немагчыма нават уявіць, што перажыла маладая дзяўчына на чужыне. Доўгачаканы дзень Перамогі стаў самым радасным святам. Нягледзячы на перажытыя жахі вайны, яна захавала любоў і дабрыню да ўсіх. У гонар яе назвалі маю старэйшую сястру. Маё імя таксама з'яўляецца сімвалам Перамогі, велічы. Я стараюся быць дастойнай маіх родных людзей, якіх, на жаль, няма побач... Але засталася памяць ... Памяць, якую я павінна захаваць!
Мы – нашчадкі герояў!
Усевалад Анісімаў разам са сваімі аднагодкамі з гонарам успамінае старонкі гераічнага мінулага прадзеда – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васілія Анісімавіча Анісімава.
– Мой прадзед нарадзіўся ў 1924 годзе ў Смаленскай вобласці. Калі ён быў сямнаццацігадовым хлопчуком, пачалася Вялікая Айчынная вайна. Яго маладосць вельмі падобная на маладосць многіх мільёнаў маладых лю дзей тых горкіх ваенных гадоў. На фронт бралі толькі з 18 гадоў. Прыпісаўшы сабе 1 год, мой пра дзед быў прызваны на фронт. Бабуля гаварыла, што прадзед не любіў расказваць пра вайну – гэта быў страшны час. Гісторыі і ўспаміны мы літаральна збіралі па крупінках на працягу многіх гадоў... Я ведаю, што прадзед прайшоў усю вайну, некалькі разоў быў паранены. Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны і ордэнам Чырвонай Зоркі. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР у 1945 годзе быў удастоены медалёў «За вызваленне Варшавы» і «За ўзяцце Берліна». Пасля Вялікай Айчыннай вайны прадзед 2 гады служыў у Берліне. Так, адправіўшыся на вайну ў 1941 годзе, вярнуўся толькі ў 1947 годзе, – расказвае Усевалад Анісімаў. – Доўгі, але поўны выпрабаванняў жыццёвы шлях прайшоў мой прадзед. Шмат было розных выпадкаў у яго жыцці ў гэтыя суровыя франтавыя гады. Многае яму давялося выпрабаваць і перажыць.
– Пасля вайны прадзед вярнуўся на радзіму. Паступіў у Чыцінскі педагагічны інстытут імя М.Г. Чарнышэўскага на гістарычны факультэт, там жа і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Працаваў дырэктарам Чыцінскай школы і падчас працы паступіў у вышэйшую партыйную школу, пасля заканчэння якой яго накіравалі першым сакратаром райкама партыі. Затым да пенсіі працаваў кіраўніком трэста «ЧитаМелеоВодСтрой», з'яўляўся членам абкама КПСС.
Калі б ён быў жывы, я даведаўся б пра яго больш. А як хочацца пачуць з яго вуснаў расказы пра баявы шлях, пра франтавых сяброў, пра перапіску з роднымі, пра тое, як сустрэў Перамогу… Радзіма ўзнагародзіла ўдзельнікаў вайны ордэнамі і медалямі, але вайна адабрала ў многіх з іх здароўе, блізкіх, жыцці. Яны змагаліся за Радзіму, яны змагаліся за нас. І я памятаю! І я ганаруся!
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |