Зоя Калала: «Прапановы, унесеныя на сходзе, павінны забяспечыць павышэнне дабрабыту людзей»

Зоя Калала: «Прапановы, унесеныя на сходзе, павінны забяспечыць павышэнне дабрабыту людзей»

Зоя Калала: «Прапановы, унесеныя на сходзе, павінны забяспечыць павышэнне дабрабыту людзей»

03 февраля 2021 2125

Усебеларускі народны сход, які пройдзе 11-12 лютага, стане знакавай падзеяй, якая вызначыць будучыню Беларусі. Напярэдадні сходу прадстаўнікамі розных прафесій і ўзростаў актыўна абмяркоўваюцца сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя пытанні. Сваімі думкамі наконт далейшага развіцця краіны падзялілася дэлегат сходу, дырэктар ААТ «Вялікая Крыніца» Зоя Калала.

 

Прымаць удзел ва Усебеларускім народным сходзе Зоя Калала будзе ўпершыню, аднак заўсёды займала актыўную грамадзянскую пазіцыю. На Навагрудчыне яе ведаюць як дэпутата раённага Савета дэпутатаў, дырэктара аднаго з буйнейшых гандлёвых прадпрыемстваў і наогул чалавека актыўнага і мэтанакіраванага. Пад яе кіраўніцтвам ААТ «Вялікая Крыніца» за апошнія пяць гадоў стала вядучым гандлёвым прадпрыемствам раёна. Шэсць магазінаў, рэстаран «Свіцязь», кафетэрый, кафэ «Аўра», цэх па нарыхтоўцы мясных паўфабрыкатаў, міні-пякарня,інтэрнэт-магазін – усе аб’екты таварыства маюць сучасны выгляд і працуюць вынікова.

– За апошнія гады адрамантавана 93% усіх гандлёвых плошчаў і 30% плошчаў аб’ектаў грамадскага харчавання, – адзначыла Зоя Міхайлаўна. – Поўнасцю абноўлена халадзільнае, гандлёвае і касавае абсталяванне, мадэрнізаваны не толькі гандлёвыя, але і складскія памяшканні, санвузлы і гардэробы. Шмат увагі мы ўдзяляем якасці абслугоўвання пакупнікоў, рэгулярна праводзяцца акцыі і скідкі. Да прыкладу, сёлета магазін №5 перапрафіліраваны ў магазін нізкіх цэн. У 2019 годзе значныя работы былі праведзены па мадэрнізацыі аб’ектаў грамадскага харчавання, аднак пандэмія каронавіруса не лепшым чынам паўплывала на іх дзейнасць. І хаця не ўсе спадзяванні апраўдаліся, значнага зніжэння тавараабароту не адбылося, у цэлым па выніках мінулага года прадпрыемства спрацавала з прыбыткам.

Нягледзячы на высокую канкурэнцыю, ААТ «Вялікая Крыніца» працуе паспяхова, прапануючы пакупнікам высокую якасць тавараў у спалучэнні з прымальнымі цэнамі. Па выніках сацыяльна-эканамічнага спаборніцтва апошнія тры гады ААТ «Вялікая Крыніца» станавілася пераможцам раённага спаборніцтва, а Зоя Калала чатыры разы ўдастойвалася звання «Кіраўнік года».

– Для мяне ганарова стаць удзельнікам такога маштабнага дыялогу, – падкрэсліла дэлегат. – На Усебеларускім народным сходзе будзе вызначана стратэгія развіцця краіны з улікам меркавання кожнага яе жыхара. У першую чаргу, як кіраўніка гандлёвага прадпрыемства, мяне хвалююць сфера гандлю і эканоміка, стварэнне ўмоў для іх росту і развіцця. На маю думку, неабходна працягваць работу па забеспячэнні роўных падыходаў да цэнаўтварэння для прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў. Таксама важным з’яўляецца павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. Толькі стабільная дзейнасць прадпрыемстваў, рост заробкаў людзей дазволіць паспяхова развівацца сферы гандлю. Безумоўна, адным з важных пытанняў на сходзе стане выпрацоўка мер па захаванні міру і стабільнасці. Хочацца, каб, як і раней, кожны чалавек мог спакойна выйсці на вуліцу, не баяцца за сваіх дзяцей і ўнукаў. Упэўнена, што прапановы, якія будуць унесены ўдзельнікамі сходу, дазволяць вызначыць напрамкі развіцця не толькі краіны ў цэлым, але і канкрэтных рэгіёнаў, галін, арганізацый, павысіць дабрабыт нашых грамадзян.

Алена Ганцэвіч, «НЖ»