Віншаванне з Наражэннем Хрыстовым пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла Юрыя Жэгарына

Віншаванне з Наражэннем Хрыстовым пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла Юрыя Жэгарына

Віншаванне з Наражэннем Хрыстовым пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла Юрыя Жэгарына

25 декабря 2023 314
Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Чарговы раз і кожны раз па-новаму святкуем Божае Нараджэнне, сэнс якога тлумачыць анёл у Евангеллі: «Сёння ў горадзе Давідавым нарадзіўся вам Збаўца, які ёсць Месія, Госпад» (Лк 2, 11). Пастухі, якія ідуць у Бэтлеем, з’яўляюцца вобразам Касцёла, Божай сям’і, якая прыняла вестку збаўлення і крочыць шляхам веры.

У гісторыі збаўлення Бог рознымі спосабамі прамаўляў да людзей, засведчыўшы сваю любоў да чалавека і свету. Кульмінацыяй гэтай камунікацыі любові Бога да чалавецтва з’яўляецца дар Уцелаўлёнага Слова народжанага Езуса Хрыста. У Бэтлееме больш чым дзве тысячы гадоў таму Бог прамовіў да нас праз свайго Адзінароднага Сына (Гбр 1, 2): і «святло вялікае сёння сышло на зямлю». У Новым Запавеце пазнанне Хрыста, Яго слоў і ўчынкаў з’яўляецца шляхам, які вядзе да еднасці чалавецтва з Богам.

Сёння і ўсе хрысціяне, падобныя да тых бедных, незразумелых для гэтага свету пастушкоў, крочаць у бок Божага святла як адна сям’я. Нашая суполь насць вернікаў-католікаў таксама як адна сям’я стараецца крочыць насустрач прыходзячаму Збаўцу! Мінулы год быў асабліва плённым для нашай супольнасці. На пачатку года пры касцёле адбылася выстаўка прыватнай калекцыі старажытных ікон нашай малой Радзімы, якую паспелі паглядзець навагрудчане і госці нашага горада. Была нашая супольнасць багатая і на падзеі выключна духоўнага характару – праведзены евангелізацыйны катэхетычны курс для дарослых, а таксама наша каманда служыцеляў дапамагла зладзіць такі ж курс пры парафіі на Залатой Горцы ў Мінску.
Клопат наш датычыць захавання матэрыяльнай гістарычна-культурнай спадчыны, таму на пачатку года вядомым гродзенскім майстрам было адрэстаўравана распяцце Езуса з капліцы ў Несутычах, а пазней адноўлена і сама капліца Святога Крыжа, якую ўрачыста асвяціў біскуп Юрый Касабуцкі. Распачаліся таксама кансервацыйныя захады для захавання драўлянай капліцы Святога Антонія ў Мількавічах.

Амаль штогод у нашым касцёле ў кожную першую суботу месяца адбываюцца начныя Адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту – вялікі духоўны дар ад Бога для нас вернікаў. Напрыканцы Вялікага Посту па вуліцах Навагрудка ў Вялікім Тыдні прайшоў першы крыжовы шлях, пасля Вялікадня моладзь і дарослыя прынялі з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча сакрамант хрысціянскай сталасці – Таінства Канфірмацыі.

У маі пры нашым храме ўпершыню былі арганізаваны майстар-класы па вакальным і арганным майстэрстве. Ну і, канечне, адна з самых важных падзей, якая ўвойдзе не толькі ў гісторыю нашай парафіі, але і ў гісторыю Навагрудчыны – усталяванне велічнай калоны Святога Арханёла Міхала – галоўнага заступніка і сімвала нашага горада. Урачыстае асвячэнне калоны здзейсніў апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Адметнай падзеяй адыходзячага года было ўрачыстае асвячэнне абразоў мучаніц-назарэтанак з Навагрудка арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, а таксама ўнясенне ў касцёл іх рэліквій. Крыху пазней адбылося адкрыццё экспазіцыі абразоў сясцёр-мучаніц пры пабрыгідскім касцёле ў Гродне.

Радаснай навіной для многіх вернікаў было паступленне Кірыла Масалыкі ў Міждыяцэзіяльную Вышэйшую Духоўную семінарыю ў Гродне. Напрыканцы лета ўжо традыцыйна пры нашым храме прайшлі пакутныя рэкалекцыі-малітвы за наш край. На працягу ўсяго года адбываліся духоўныя практыкаванні на розныя актульныя духоўныя тэмы, і праводзілі іх пры нашым касцёле вядомыя святарырэкалекцыяністы: кс. Аляксандр Жарнасек, кс. Віктар Ханько і кс. Мікалай Ціхановіч.

Хапала ў 2023 годзе і паломніцтваў. Пешшу вернікі хадзілі ў санктуарый Маці Божай у Тракелях і да Маці Божай Новага Жыцця ва Уселюб. Аўтобусам пілігрымавалі мы ў Будслаў, Лагішын і Пінск, а таксама па каталіцкіх святынях Іўеўшчыны.
Адметнай падзеяй мінулай восені быў кангрэс у абароне ненароджанага жыцця і традыцыйных хрысціянскіх сямейных каштоўнасцей, які сабраў гасцей з Беларусі і Расіі. У кангрэсе прынялі ўдзел арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Алег Буткевіч.

Дзякуючы людзям добрай волі, у нядзельнай школе для больш эфектыўнага адукацыйнага працэсу дзяцей з’явілася інтэрактыўная дошка.

Адбыліся многія цікавыя духоўна-культурныя мерапрыемствы: упершыню адбылася Містэрыя Святой Люцыі разам з хорам з Мінска, быў запісаны на відэа музычны праект – адвентавы гімн «Дарога Бога» з удзелам таленавітых дзяцей, а не так даўно, паводле шматгадовай традыцыі, да нас каталіцкімі скаўтамі з Гродна быў прывезены Віфлеемскі агонь міру.

З вялікай удзячнасцю Богу за мінулы час і атрыманыя дары давайце будзем радавацца гэтаму цудоўнаму, светламу хрысціянскаму святу! Давайце паглядзім на сціплую сям'ю Езуса, Марыі і Юзафа і сям'ю Касцёла, а таксама вялікую сям'ю людзей ва ўсім свеце, параненых войнамі, бязбожнасцю і несправядлівасцю. Вось Езус працягвае да нас рукі, чакаючы нашай адкрытасці, любові і прабачэння. Пры гэтым з даверам, па-бацькоўску, просім: «Уздымі руку, Дзіцятка Божае, благаславі нашую парафію і нашу мілую Айчыну, падтрымай яе сваёй сілай і мудрасцю».

Духоўна дзелячыся з Вамі традыцыйным аплаткам – белым хлебам, жадаю Божага Дабраслаўлення! Няхай, нарэшце, у гэтыя святочныя дні адбудзецца і Ваша асабістая сустрэча з Езусам Хрыстом, узмоцніцца Ваша жаданне ісці за Ім. Не бойцеся і з вялікай верай, надзеяй, любоўю глядзіце ў будучыню, у будучы – 2024 год!

Спакойных і радасных Вам Свят! Са Святам Божага Нараджэння!

Пробашч парафіі Святога Арханёла Міхала ў Навагрудку, ксёндз, доктар багаслоўя Юрый ЖЭГАРЫН.