«Вуліцы даўжынею ў жыццё». Гаворым аб узнікненні назвы вуліцы Савецкая

«Вуліцы даўжынею ў жыццё». Гаворым аб узнікненні назвы вуліцы Савецкая

«Вуліцы даўжынею ў жыццё». Гаворым аб узнікненні назвы вуліцы Савецкая

09 сентября 2020 3323

Для кожнага з нас Радзіма пачынаецца з дарагіх месц – з дома, дзе нарадзіўся і жыў, са школы, дзе вучыўся, з вуліцы, дзе пачынаўся шлях у жыццё. І якія б ні былі гэтыя вуліцы – вялікія ці маленькія – яны вельмі дарагія для нас і застаюцца ў памяці назаўсёды.

У кожнай вуліцы нашага горада ёсць свая гісторыя, якую мы павінны беражліва захоўваць. За апошнія гады Навагрудак прыкметна змяніўся, у наш горад прыязджае шмат гасцей. Самі жыхары атрымліваюць задавальненне ад прагулак па яго прыгожых вуліцах. А як з’явіліся назвы гэтых вуліц і чые імёны яны носяць? Сапраўды, праходзячы па вуліцах роднага горада і чытаючы іх назвы, мы часта задумваемся, чаму яны так названыя. Газета «Новае жыццё» і Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей распачынаюць сумесны праект «Вуліцы даўжынёю ў жыццё». На старонках газеты мы раскажам, як узніклі, як і чаму так былі названы і чаму змяніліся назвы многіх вуліц нашага старажытнага горада.


Вуліца Савецкая да вайны называлася Касцельнай, бо на ёй яшчэ з ХVІІ ст. стаяў касцёл і кляштар дамініканцаў. Касцёл захаваўся да нашага часу і ўпрыгожвае цэнтр горада, хоць былі ў гісторыі часы, калі ён знаходзіўся пад пагрозай знішчэння.

Яшчэ вуліца называлася Жыдоўскай, а затым Яўрэйскай. Зразумела, што нездарма. Яўрэі пасяліліся ў Навагрудку яшчэ ў ХV ст. Пазней для пражывання яўрэяў былі выдзелены спецыяльныя раёны, і вуліца стала адным з асноўных месц іх жыхарства на працягу некалькіх стагоддзяў.  З-за спрыяльных для яўрэйскай абшчыны абставін, іх колькасць у Навагрудку павялічвалася. Перад Другой сусветнай вайной у Навагрудку пражывала больш за 6 тысяч яўрэяў, што складала 63 % ад усяго насельніцтва горада.


У пачатку ХХ ст. забудова Яўрэйскай вуліцы ў асноўным складалася з невялічкіх драўляных домікаў, якія цесна туліліся адзін каля аднаго. Дамінуючымі аб’ектамі на вуліцы быў касцёл Святога Міхала і размешчаная за ім сінагога, якая з ХVII ст. была цэнтрам абшчыннага жыцця яўрэяў. Месца, на якім яна стаяла, называлася сінагагальнаю плошчаю. Побач з вялікай мураванай сінагогай знаходзілася мноства маленькіх сінагог рамеснікаў, яўрэйскіх школ і іншых пабудоў, якія належалі абшчыне.

У 1941 годзе, падчас першых авіяцыйных налётаў на цэнтр горада, амаль уся вуліца была зруйнавана. Уцалелі толькі касцёл з сінагогай і яшчэ некалькі будынкаў. На вялікі жаль, сінагога была ўзарвана ў 1964 годзе. Зараз на гэтым месцы размешчана стаянка аўтатранспарту.


Недалёка ад цэнтра горада знаходзіцца Палац шлюбаў. У савецкі час у ім быў размешчаны кінатэатр «Радзіма», пабудаваны ў 1950-х гадах. У пачатку вуліцы – двухпавярховая жылая забудова паступова пераходзіць у чатырох-пяціпавярховую. Гэтыя дамы былі пабудаваны ў канцы 1950-х – пачатку 1960-х гг. У народзе іх называюць «хрушчоўкамі». 

Вуліца Савецкая з’яўляецца адной з галоўных вуліц горада. Акрамя жылой забудовы, тут размешчаны вучэбныя і інтэрнацкія карпусы аграрнага каледжа, аб’екты грамадскага харчавання і гандлю: рэстараны «Свіцязь» і «Валерыя», кафэ «Маладзёжнае», гандлёвыя аб’екты «Мара», «Евроопт», «Дружба», прамысловыя прадпрыемствы, аб’екты прыватнага гандлю, харчовай вытворчасці і інш. Адным з буйнейшых прадпрыемстваў Навагрудка з‘яўляецца ААТ «БелКрэда», якая спецыялізуецца на выпуску мужчынскіх касцюмаў. Швейная фабрыка была арганізавана ў 1944 го­дзе, адразу пасля вызвалення Навагрудка і размяшчалася ў невялікім, трохпавярховым будынку ў пачатку Гродзенскай вуліцы. На работу прымалі тых, хто меў уласныя швейныя машынкі нажнога і ручнога прываду. Спачатку было 13 рабочых, якія абслугоўвалі сем машын. Сучасны пяціпавярховы корпус па вуліцы Савецкай прадпрыемства атрымала ў 1969 годзе.


Асаблівай адметнасцю вуліцы нядаўна стаў сквер імя Уладзіміра Высоцкага, закладзены ў 2012 го­дзе на скрыжаванні вуліц Савецкай і Камсамольскай. Тут устаноўлены бюст знакамітага паэта, барда, акцёра. Уладзімір Высоцкі прыязджаў у Навагрудак летам 1969 года на здымкі фільма рэжысёра Віктара Турава «Сыны ідуць у бой». Высоцкі напісаў да карціны некалькі песень і прыехаў, каб запісаць іх. Аб гэтых падзеях яшчэ помняць многія жыхары горада. Таму ў гонар знакамітага артыста штогод на Літоўцы прахо­дзіць фестываль бардаўскай песні «Музыка сэрцаў».


І яшчэ адным значным аб’ектам горада з’яўляюцца старыя хрысціянскія могілкі, якія датуюцца пачаткам ХІХ ст. Знаходзяцца яны на скрыжаванні вуліц Савецкай і Валчэцкага. На могілках пахавана шмат вядомых людзей, у тым ліку Ігнацій Аржахоўскі – урач, былы прыгонны графа Храптовіча, Пётр Пушкін – унук вядомага паэта Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Тут ёсць магілы паўстанцаў з Асташына, расстраляных у 1932 годзе, Зінаіды Маслоўскай, якая загінула ў 1942 годзе,  удзельнікаў польскага руху супраціўлення і інш. Апошняе пахаванне на могілках датуецца 1961 годам. У 1996 годзе могілкі былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.


Галіна Кавальчук,

старшы навуковы супрацоўнік гістарычна-краязнаўчага музея

Фота музея і "НЖ"