Князь у манаскім клабуку

Князь у манаскім клабуку

Князь у манаскім клабуку

22 июля 2024 247

 

Кіраўнік дзяржавы, рашучы і бязлітасны да ворагаў воін, дальнабачны палітык і разважлівы дыпламат. І разам з тым – слуга Божы, пакорлівы хрысціянін, манах-пустэльнік. Цяжка ўявіць, што ўсе пералічаныя характарыстыкі датычацца адной і той жа асобы. Аднак гэта сапраўды так. Князь ВОЙШАЛК не раз здзіўляў незразумелымі ўчынкамі сваіх сучаснікаў і застаецца шмат у чым загадкавай постаццю да нашага часу. Пра яго пойдзе гаворка ў чарговым выпуску нашага гістарычнага праекта.

Князь Войшалк. Мастак М. Рыжы. 1995 г.

Насуперак бацькоўскай волі

З сярэдзіны ХІІІ ст., калі літоўскі князь Міндоўг атрымаў уладу ў Новагародку, летапісцы побач з яго імем пачынаюць называць і імя яго старэйшага сына Войшалка.

Год нараджэння Войшалка невядомы.Тэадор Нарбут лічыў, што ён нарадзіўся ў 1223 г. Калі гэта сапраўды так, то на момант узыходжання Міндоўга на новагародскі прастол узрост яго сына набліжаўся да трыццаці гадоў, і ён ужо быў дастаткова сталым для таго, каб дапамагаць бацьку ажыццяўляць дзяржаўную палітыку ў Верхнім Панямонні. Войшалк правіў у Ваўкавыску і Слоніме, а ў 1253 г. ён быў упершыню згаданы ў летапісе як князь Новагародка.

Міндоўг бачыў у нашчадку свайго будучага пераемніка, доўга рыхтаваў яго да самастойнай дзяржаўнай дзейнасці. Аднак рашэнне Войшалка, прынятае ў 1255 г., стала вялікай нечаканасцю для многіх, і перш за ўсё для Міндоўга. Ён насуперак волі бацькі абвясціў, што прысвячае жыццё служэнню Богу.

Летапісцы бачылі ў рашэнні Войшалка стаць праваслаўным манахам покліч душы і выдатны прыклад таго, як вера ў Хрыста змяняе чалавека да лепшага. Войшалк-язычнік паўстае са старонак летапісаў як крыважэрны забойца, які, калі за дзень не пралье чыюсьці кроў, «печаловашеть тогда, коли же убьяшеть кого, тогда весел бяшеть». Але як толькі «вниде страх божий во сердце его» – чалавек непазнавальна змяніўся, напоўніўся святасцю і міласэрнасцю. Для нашых сучаснікаў такое тлумачэнне метамарфозы, што адбылася з сынам Міндоўга, гучыць непераканаўча. Сапраўдныя ж прычыны рашэння Войшалка можна зразумець, калі звярнуцца да гістарычных абставін, у якіх яно прымалася.

Валынскі заложнік

Ваеннае супрацьстаянне Міндоўга з Данілам Галіцкім складвалася на карысць апошняга. Новагародку было патрэбна прымірэнне, але бескампрамісны воін Міндоўг быў не лепшым дыпламатам. А калі княжыць у Новагародку стаў яго старэйшы сын, паўнамоцтвы правесці мірныя перамовы з Данілам перайшлі да яго.

Умовы міру, якія навязваў галіцкі князь, выглядалі для Новагародка цяжкай кабалой. Даніла Раманавіч патрабаваў, каб новагародскім князем стаў яго сын Шварн, за нашчадкамі якога замацоўвалася б права на валоданне горадам і княствам. Войшалк змог угаварыць Данілу на тое, што прастол у Новагародку зойме не Шварн, а ягоны брат Раман. Гэтая дамова замацоўвалася шлюбам Шварна з сястрой Войшалка, сам жа ён быў змушаны перабрацца на Валынь, дзе знаходзіўся ў ролі свайго роду заложніка.

Тады Войшалк і вырашыў прысвяціць сябе служэнню Богу. З яго боку гэта быў тонкі разлік. Даніла Галіцкі ўжо не бачыў роўнага сабе саперніка ў асобе Міндоўга, а тут яшчэ адмовіўся ад амбіцый дзяржаўнага дзеяча яго нашчадак. Але Войшалк верыў: для Новагародка і Літвы ўсё зменіцца да лепшага. Трэба толькі пачакаць.

Тры гады Войшалк правёў у Палонінскім манастыры на Валыні, усімі справамі і ўчынкамі паказваючы пакору волі Бога і галіцка-валынскага князя. Даніла Раманавіч усё больш упэўніваўся, што сын Міндоўга не з’яўляецца для яго сур’ёзным палітычным канкурэнтам. Перастаў абмяжоўваць свабоду перамяшчэння Войшалка, дазволіў яму паломніцтва ў Афон. Туды Войшалк паехаў з мэтай адшукаць святароў для хрышчэння Літвы, але ваенна-палітычныя абставіны не далі магчымасці адолець дарогу да святых мясцін.

Вяртанне да ўлады

І тады Войшалк вярнуўся на новагародскую зямлю. Атрымаўшы дазвол Данілы Раманавіча, заснаваў тут Лаўрышаўскі манастыр. У яго сценах працягваў уздаваць хвалу Богу Войшалк-манах. І адсюль жа пільна сачыў за ўсім, што адбываецца ў Новагародку і свеце, Войшалк-палітык.

Ён бачыў, што жыхары Новагародка не выказваюць задавальнення княжаннем Рамана Данілавіча. Бачыў і тое, што не лепшыя часы насталі для Галіцка-Валынскага княства. У 1258 г. Даніла Галіцкі сам трапіў у залежнасць ад моцнага праціўніка.Татарскі хан Бурундай змусіў валынян скарыцца і рушыць сумесна з татарамі на Літву. Дамоўленасць аб міры паміж Данілам і Войшалкам перастала дзейнічаць.

І тады Войшалк пакінуў сцены манастыра. Нават выйшаўшы ў свет, ён не адмовіўся ад манаскіх звычак: «завше на княжих сукнях светлодорогих, на голове зверху клобук чорный носил».

Войшалк уступіў у саюз з князем Таўцівілам, які на той час кіраваў у Полацку. Разам яны авалодалі Новагародкам, схапілі і, мабыць, забілі Рамана Данілавічам. .На прастол узышоў Войшалк. Даніла Галіцкі даведаўся пра знікненне сына і з войскам пайшоў на панямонскую зямлю. Аднак новагародская дружына ухілялася ад сутычкі з ворагам, зберагала жывую сілу і выгадвала час. Адпомсціць Войшалку Даніла так і не здолеў.

Княства пашырае межы

Пасля забойства Міндоўга ў 1263 г. на Літву распаўсюдзілася ўлада аднаго з яго забойцаў– жамойцкага князя Траняты, якога непакоіла, што ў Новагародку і Полацку княжаць законные прэтэндэнты на ўладу ў Літве – Войшалк і Таўцівіл.Запрасіўшы Таўцівіла да сябе дзяліць «землю и добыток Миндовгов», Транята забіў яго. Жадаў ён расправіца і з Войшалкам, але той пакінуў Новагародак і зноў апрануў манаскае адзенне. У Ляшчынскім манастыры ў Пінску ён рыхтаваўся да паходу на Літву: збіраў дружыну, вёў перамовы з літоўцамі, якія верна служылі забітаму Міндоўгу. Хутчэй за ўсё, не абышлося без удзелу Войшалка ў загаворы супраць Траняты, які скончыўся яго забойствам. Пасля гэтага дружыны з Новагародка Пінска і рушылі на Літву.

«Литва же вся прияша с радостью своего господичича», – гэты летапісны запіс не зусім адпавядае рэчаіснасці. Хапала ў Літве і тых, хто не рады быў уладзе Войшалка. Хрысціянскай літасці ад былога манаха яны не дачакаліся. Войшалк «поча вороги свое избивати, изби их бесчисленное множество». Такім чынам, сын Міндоўга не дазволіў распасціся саюзу Новагародка і Літвы, да сярэдзіны 1260-х гг. заваяваў балцкія землі Нальшаны і Дзяволтву. Яго ўладу прызналі Полацк і Віцебск, далучылася да саюзу Пінскае княства. Вялікае Княства Літоўскае з цэнтрам у Новагародку істотна пашырыла свае межы.

Адна дзяржава – адна вера

Каб прымірыцца з варожым Галіцка-Валынскім княствам, Войшалк запрасіў на новагародскі прастол Шварна Данілавіча. Яны правілі сумесна да 1265 г., пакуль Войшалк не вырашыў ізноў вярнуцца ў Палонінскі манастыр. Ён разлічваў знайсці тут манахаў для хрышчэння Літвы. Войшалк усведамляў, што адзіная вера з цягам часу з’яднае шматнацыянальнае насельніцтва княства. Заўважым: агульнай верай у княстве Войшалк бачыў не тую, у якой узрос ён сам, а тую, якой прытрымлівалася славянская большасць насельніцтва дзяржавы. Гэта дае падставу гаварыць, што яшчэ ў гады яго княжання Вялікае Княства Літоўскае пачало ператварацца з балцка-славянскай дзяржавы ў славяна-балцкую. Можна лічыць, што менавіта ад Войшалка бярэ пачатак прынцып «адна дзяржава – адзін народ», якім у наступным кіраваліся іншыя князі Вялікага Княства Літоўскага.

Загінуў Войшалк у 1267 г. ад рукі галіцка-валынскага князя Льва Данілавіча, які не дараваў, што ўладу ў Новагародку літоўскі князь падзяліў не з ім, а з яго братам Шварнам. Смерць не дазволіла князю ажыццявіць многія яго намеры, але і не знішчыла таго, што ён паспеў зрабіць. Новагародак і Вялікае Княства Літоўскае ўжо цвёрда трымаліся на ногах. Аднавіў дзейнаць пасля перапынку і заснаваны Войшалкам Лаўрышаўскі манастыр. 


Выява на акладзе Лаўрышаўскага евангелля. XIV ст. 

Прынята лічыць, што ў вобразе воіна увасоблены князь Войшалк.


Лаўрышаўскі манастыр,заснаваны Войшалкам, адрадзіўся ў наш час.

Расказ пра яго чакайце у адным з бліжэйшых выпускаў гістарычнага праекта «НЖ»

Віктар Свёкла, «НЖ».

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |