Як стаць рамеснікам? Пакрокавая інструкцыя для тых, хто жадае займацца любімай справай і зарабляць

Як стаць рамеснікам? Пакрокавая інструкцыя для тых, хто жадае займацца любімай справай і зарабляць

Як стаць рамеснікам? Пакрокавая інструкцыя для тых, хто жадае займацца любімай справай і зарабляць

22 ноября 2020 2464

Сёння на кірмашах вакансій нараўне са стандартным працаўладкаваннем суіскальнікам прапануецца паспрабаваць сябе ў ролі рамесніка. Ідэя добрая, тым больш што для яе ўвасаблення спатрэбіцца толькі аформіць пару дакументаў і заплаціць збор. Да таго ж на арганізацыю рамесніцкай дзейнасці можна атрымаць дзяржаўную субсідыю. Разам з галоўным спецыялістам аддзела дзяржаўнай службы занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Кацярынай Казец нагадваем, як зрабіць усё правільна і якая дзейнасць можа лічыцца рамяством.

– Дзейнасць рамеснікаў рэгулюецца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 364 «Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамесніцкай дзейнасці», – паведаміла Кацярына Казец. – Пад рамесніцкай дзейнасцю разумеецца дзейнасць, якая не з’яўляецца прадпрымальніцкай. Гэта дзейнасць фізічных асоб па вырабе і рэалізацыі тавараў, выкананні работ, аказанні паслуг з прымяненнем ручной працы і інструмента, якая ажыццяўляецца самастойна, без прыцягнення іншых фізічных асоб па працоўных і (ці) грамадзянска-прававых дагаворах і накіраваная на задавальненне бытавых патрэб грамадзян.

Да рамеснай дзейнасці адносяцца:

- выраб і рамонт: шорна-седлавых вырабаў, гужавых калёсаў, санак і дзіцячых санак; рыбалоўных снасцей і прыстасаванняў для рыбалкі; прадметаў і іх частак для асабістых (бытавых) патрэб грамадзян з дроту, шпагату, сінтэтычнай стужкі, бляхі, гліны, раслінных матэрыялаў мясцовага паходжання, у тым ліку з дрэва;

- выраб, устаноўка і рамонт збудаванняў, інвентару і прылад для ўтрымання птушак, жывёл, пчол;

- кавальства; мастацкая апрацоўка і роспіс дрэва, каменя, косці, рагоў, металу, бляхі, шкла, керамікі, фанеры;

- выраб вырабаў ручнога вязання, ткацтва, вышыўкі; вырабаў, выкананых у лапікавай тэхніцы; карункапляценне, макрамэ; выраб пражы; пляценне бісерам;

- выраб вырабаў ручной работы (кухоннага інвентару, цацак, інтэр’ерных лялек, дэкаратыўных пано, шкатулак, попельніц, скарбонак, падсвечнікаў, дэталяў і прадметаў упрыгожвання мэблі, бірулек, ключніц, кашалькоў, пальчатак, рукавіц, рамянёў, біжутэрыі, упрыгожванняў для валасоў, дэкаратыўных дапаўненняў да адзення, статуэтак, ваз, гаршкоў, велікодных яек-пісанак, сувеніраў, ёлачных упрыгожванняў, рамак для фатаграфій і інш.);

- выраб свечак, мыла, вырабаў з валянай воўны; кветак і кампазіцый (за выключэннем кампазіцый з жывых кветак); віншавальных паштовак, альбомаў для фатаграфій, папак без прымянення паліграфічнага і друкарскага абсталявання; мастацкіх вырабаў з паперы і пап’е-машэ;

- пераплёт старонак і дэкарыраванне прадметаў, прадстаўленых спажыўцом;

- выраб дробных вырабаў са шкла, прыроднай і палімернай гліны, дрэва, прыроднай смалы і іх выкарыстанне для стварэння біжутэрыі, дэкарыравання адзення;

- выраб сельскагаспадарчага і садова-агароднага інструмента або яго частак, завострыванне і рамонт нажавых вырабаў і інструмента;

- выраб вітражоў; паліваных і непаліваных пячных кафляў, дэкаратыўных кафляў і пано-ўставак, кафляных карнізаў з прыроднай гліны метадам ручнога набівання або залівання ў гіпсавыя формы, прэсаваннем, ручной апраўкай, дэкарыраваннем, глазуроўкай.

– Магчыма арганізацыя рамесніцтва па іншых відах дзейнасці па стварэнні прадметаў творчасці з ужываннем ручной працы, – дадала Кацярына Іванаўна. – Выключэнне складаюць віды дзейнасці, якія не адносяцца да прадпрымальніцкай, пры ажыццяўленні якіх выплачваецца адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб.

Да пачатку ажыццяўлення рамеснай дзейнасці неабходна: падаць заяву ў падаткавы орган для пастаноўкі на ўлік і выплаціць збор у памеры адной базавай велічыні за каляндарны год.

Варта ведаць, што рамеснік мае права адначасова ажыццяўляць і прадпрымальніцкую дзейнасць.


Рэалізоўваць тавары рамеснік можа: на гандлёвых месцах на рынках, кірмашах і (або) у іншых месцах, устаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі; у памяшканнях, якія выкарыстоўваюцца для іх вырабу, з ужываннем рэкламы ў сетцы Інтэрнэт, шляхам перасылкі паштовым адпраўленнем (у тым ліку міжнародным), дастаўкі па ўказаным спажыўцом адрасе любым відам транспарту; на падставе грамадзянска-прававых дагавораў, заключаных з юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

– Беспрацоўныя для арганізацыі рамеснай дзейнасці могуць разлічваць на дзяржаўную фінансавую падтрымку ў выглядзе субсідыі (аднаразовай грашовай выплаты), – праінфармавала спецыяліст. – На сённяшні дзень яе сума складае 2839,21 руб. Пры арганізацыі рамеснай дзейнасці ў сельскіх населеных пунктах субсідыя складзе 3871,65 руб.

Па пытаннях атрымання субсідыі на арганізацыю рамеснай дзейнасці звяртацца па адрасе: г. Навагрудак, вул. Камсамольская, 3, каб. 2, ці па тэл. 3-40-82.

– Ажыццяўленне рамеснай дзейнасці без пастаноўкі на ўлік у падаткавым органе і выплаты збору забараняецца, – адзначыла напрыканцы Кацярына Казец. – Парушэнне парадку ажыццяўлення рамеснай дзейнасці згодна з арт. 23.68 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ цягне накладанне штрафу ў памеры пяці базавых велічынь.

Падрыхтавала Анастасія Пятрова, «НЖ»

Фота носіць ілюстрацыйны характар