Старэйшаму літаратурнаму музею – 85!

Старэйшаму літаратурнаму музею – 85!

09 сентября 2023 438

Наш знакаміты зямляк Адам Міцкевіч пакінуў разнастайную літаратурную спадчыну, якая ўключае лірыку, эпічныя паэмы, драмы, публіцыстыку. У яго гонар названыя вуліцы і плошчы, помнікі, якія ўпрыгожваюць многія гарады ў розных краінах. А вершы перакладзены на дзясяткі моў, і ён па праву лічыцца адным з найвялікшых славянскіх паэтаў. У нашым горадзе на працягу 85 гадоў дзейнічае Дом-музей Адама Міцкевіча.


Дом-музей Адама Міцкевіча размешчаны на месцы дома, дзе калісьці жылі бацькі паэта. Пляц для пабудовы дома ў 1803 годзе купіў у Навагрудку бацька паэта Мікалай Міцкевіч – тады мінскі каморнік. Спачатку быў пабудаваны сціплы драўляны домік, які ў 1806 годзе згарэў у выніку гарадскога пажару. Пазней на гэтым месцы быў пабудаваны новы мураваны дом.

Першая спроба стварэння музея Адама Міцкевіча адносіцца да 1920 года. Музей быў адкрыты значна пазней. 10 мая 1930 года добраахвотнае навуковае таварыства – «Міцкевічаўскі камітэт» – прыняло рашэнне аб стварэнні ў былым доме Міцкевічаў музея. Урачыстае адкрыццё старэйшага літаратурнага музея Адама Міцкевіча адбылося 11 верасня 1938 года і прайшло ў рамках традыцыйных «Міцкевічаўскіх дзён», якія доўжыліся з 11 па 22 верасня. Згодна інфармацыі, у першы дзень пасля ўрачыстага набажэнства ў Фарным касцёле быў асвечаны і афіцыйна адкрыты Дом-музей, а пасля пачалася рэлігійная выстаўка. На наступны дзень у гарадскім тэатры быў паказаны фрагмент паэмы «Дзяды», а на возеры Свіцязь праведзены інсцэніроўкі балад А. Міцкевіча, дэкламацыя яго твораў і ігра народных музыкаў.

Пасля рамонту дома ў музеі былі сабраны ўнікальныя экспанаты, якія да цяперашняга часу не захаваліся. Знішчыла іх, як і дом, нямецкая бомба ў пачатку вайны. Захавалася толькі мадэль парыжскага помніка Адаму Міцкевічу, набытая «Міцкевічаўскім камітэтам» у жонкі разьбяра Антуана Бурдэля.

У 1940 г. на Беларусі шырока адзначылі 85-ю гадавіну са дня смерці А. Міцкевіча. У перыядычным друку з’яўляліся пераклады яго твораў, публікавалася шмат нататак, артыкулаў, якія ўмоўна можна аб’яднаць пад назвай «Міцкевіч і Беларусь». Адбываліся паездкі на радзіму песняра. Аб адной з такіх паездак цікава ўспамінаў беларускі пісьменнік Міхась Лынькоў, які наведаў Навагрудак разам з Янкам Купалам, членам юбілейнай камісіі па падрыхтоўцы мерапрыемстваў. (Пісьмо М. Лынькова ад 18.03.1972 г. захоўваецца ў фондах Дома-музея Адама Міцкевіча ў г. Навагрудку).


У юбілейны Міцкевічаўскі 1955 год дом быў адбудаваны ў даваенным выглядзе, і на 100-годдзе са дня смерці паэта ў ім быў адкрыты Дом-музей Адама Міцкевіча з біяграфічнай экспазіцыяй, аздобленай нешматлікімі памяткамі, копіямі партрэтаў і фатаграфіямі. Год Міцкевіча даў штуршок папулярызацыі асобы і творчасці паэта. Новымі экспанатамі папаўняліся фонды дома-музея, што дало магчымасць падрыхтаваць і ў 1971 г. адкрыць новую музейную экспазіцыю.

У 1989-1990-х гадах была праведзена рэканструкцыя сядзібы Міцкевічаў: адноўлены будынак па ўзоры пач. ХІХ ст., пабудаваны флігель, які злучаецца з асноўным будынкам падземным пераходам, а таксама свіран, калодзеж, альтанка. У адноўленым будынку 12 верасня 1992 г. адкрылася новая экспазіцыя.

Зараз Дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку не толькі біяграфічная музейная экспазіцыя – гэта таксама і музей «пад адкрытым небам». Дзеючая сёння экспазіцыя адкрыта 25 мая 2001 г. Аўтары навуковай канцэпцыі – супрацоўнікі Дома-музея Сафія Анісімава, Наталля Чарняўская, Мікалай Гайба. Мастацкае рашэнне ажыццявіў мастак Генадзій Чысты (г. Мінск).

У 5-ці пакоях галоўнага будынка прадстаўлена экспазіцыя аб жыццёвым і творчым шляху Адама Міцкевіча, яго сувязі з родным краем. Першыя тры залы – дзіцячы пакой, кабінет бацькі, гасцінны пакой – набліжаны інтэр’ерам да дома сям’і Міцкевічаў. Сярод экспанатаў музея: асабістыя рэчы (гадзіннік, акуляры), а таксама мэбля, сталовы посуд, музычныя інструменты, гадзіннікі першай паловы ХІХ ст., кнігі, рукапісы А. Міцкевіча і іншае.


У фондах музея знаходзяцца прыжыццёвыя выданні твораў паэта, старадрукаваныя кнігі і рукапісы беларускіх пісьменнікаў.

Каб даведацца аб цікавых фактах з жыцця нашага знакамітага земляка Адама Міцкевіча, запрашаем усіх наведаць наш музей.

Мікалай Гайба, старшы навуковы супрацоўнік Дома-музея Адама Міцкевіча