«Школа павінна не толькі вучыць, але і выхоўваць патрыётаў»

«Школа павінна не толькі вучыць, але і выхоўваць патрыётаў»

25 Сентября 2021 701
Патэнцыял развіцця грамадства шмат у чым вызначаецца адпаведнасцю сістэмы адукацыі патрэбам гэтага развіцця, таму часта ўзнікае неабходнасць у інавацыях у сістэме адукацыі. У той жа час мы добра разумеем, што сістэма адукацыі павінна мяняцца комплексна, і важнае месца ў гэтым працэсе займае менавіта школьная адукацыя.

Аб ролі школы і настаўніка ў сучасным грамадстве, аб новых падыходах і новаўвядзеннях у бягучым навучальным годзе наша размова з дырэктарам сярэдняй школы № 5 г. Навагрудка Анжалікай РЭДЗЬКА.

Сярэдняя школа № 5, якой ужо 7 гадоў кіруе Анжаліка Іванаўна, займае адну з лідарскіх пазіцый у рэйтынгу паспяховасці школ раёна. Гэта перамогі ў раённым конкурсе «Установа адукацыі ўзорнай якасці і парадку» сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (з 2018 па 2020 гады – 3 месца), удзел у рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі арганізацыі індывідуальнай прафілактычнай работы ва ўстанове адукацыі на ранняй стадыі выяўлення прыкмет дэсацыялізацыі» на 2020-2023 гады. Ва ўстанове створаны ўмовы для фарміравання рознабаковай асобы вучня і аказання дзейснай дапамогі педагогам. На базе ўстановы адкрыты педагагічныя групы для вучняў 10-х і 11-х класаў, на павышаным узроўні вывучаецца англійская мова з пятага класа, а іншыя прадметы па выбары вучняў з 10 класа. У рамках працоўнага навучання ў 2020 годзе вучні атрымалі на базе ўстановы прафесію «Агент па турызме» з прысваеннем кваліфікацыі, а з мінулага года па спецыяльнасці «пакаёўка» на базе УА «Навагрудскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй». Арганізавана інтэграванае навучанне і выхаванне навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

– Анжаліка Іванаўна, выступаючы на Рэспубліканскім педагагічным савеце, Прэзідэнт Беларусі гаварыў аб неабходнасці перазагрузкі сістэмы адукацыі, і гэта пытанне дзяржаўнай важнасці. На ваш погляд, новыя падыходы – новая педагогіка?

 – Педагогіка з’яўляецца адной з самых старажытных галін ведаў, і яе каштоўнасці вечныя. У той жа час яе развіццё неаддзельна ад развіцця грамадства. Сучасная школа павінна дапамагаць раскрываць не толькі асобасныя здольнасці вучня, але і рыхтаваць яго да ўмоў жыцця ў высока канкурэнтным асяроддзі. А настаўнік павінен быць падрыхтаваны да работы ў новых умовах. Гэта не толькі валоданне новым зместам, новымі метадамі, але і новае ўсведамленне месца настаўніка ў навучальным працэсе. У сучасных умовах змяняюцца ролі настаўніка. Самыя вядомыя для нас – гэта настаўнік-прадметнік, настаўнік-псіхолаг, настаўнік-кансультант. Сёння настаўнік павінен быць і адукацыйным тэхнолагам, які здольны ў свеце інфармацыі знайсці і выбраць найбольш дакладныя крыніцы, вылучыць самыя каштоўныя звесткі, ператварыць іх у асобасныя веды вучняў, якія будуць для іх карыснымі. Настаўнік-т’ютар, які абапіраецца перш за ўсё на ўнутраны патэнцыял дзіцяці, умее знаходзіць тое, у чым вучань найбольш паспяховы, і на гэтым будуе яго адукацыйную праграму. Настаўнік-мадэратар дыскусійнай пляцоўкі чуе кожнага і ў той жа час падагравае спрэчкі пытаннямі, не навязвае занадта жорстка ўласнае разуменне, абмяркоўвае праблемы або сітуацыі, ненадакучліва падводзіць удзельнікаў дыскусіі да агульных высноў, імкнецца раскрыць патэнцыяльныя творчыя магчымасці кожнага дзіцяці. Настаўнік-арганізатар – эфектыўны менеджар адукацыйнага працэсу. І канешне ж, настаўнік-лідар, які нясе адказнасць, захапляе харызмай і навучае на асабістым прыкладзе. Вялікую ролю ў выхаваўчай рабоце адыгрывае настаўнікарганізатар праектнай работы, які ўмее адшукаць цікавую задачу ў соцыуме, у навакольным свеце, прыдумляе разам з дзецьмі праекты, дапамагае іх рэалізаваць разам з вучнямі, праводзіць творчае даследаванне.

Але, на мой погляд, у рэальнасці кожны настаўнік павінен умець выкарыстоўваць усе гэтыя ролі ў розных сітуацыях і ў рознай меры.

 – Зноў хачу звярнуцца да размовы на Рэспубліканскім педсавеце, калі Прэзідэнт нагадаў аб старажытнай мудрасці: пасля хлеба самае важнае для народа – гэта школа. А менавіта выхавальнік і настаўнік стаяць ля вытокаў фарміравання народа як адзінай нацыі. А што Вы думаеце на гэты конт?

 – Зразумела, што школа павінна не толькі вучыць, але і выхоўваць асобу. Выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму – адзін з галоўных накірункаў у выхаваўчай рабоце школы. Але, на мой погляд, патрыятызм праяўляецца не ў словах і лозунгах, а ў жыццёвай пазіцыі чалавека, яго паўсядзённых справах на карысць сваёй Радзімы. Патрыятызм – гэта вечная каштоўнасць, якая злучае мінулае, сучаснасць і будучыню народа.

 Выхаваўчая сістэма нашай школы шырока выкарыстоўвае магчымасць шостага школьнага дня. Мы стараемся таксама выхоўваць у вучняў паважлівае стаўленне адзін да аднаго, старэйшых, сацыяльную актыўнасць. Абсалютна ўпэўнена, што школа проста абавязана выхоўваць патрыётаў. Мы актыўна працуем у гэтым накірунку. У мінулым навучальным годзе прадоўжылі рэалізацыю мерапрыемстваў, прысвечаных 75-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У рэспубліканскай героіка-патрыятычнай акцыі «Вялікай Перамозе-75» прынялі ўдзел усе класныя калектывы, былі арганізаваны патрыятычныя акцыі «Мы перамаглі», «За Беларусь». Вучні школы прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Я жыву ў Беларусі і гэтым ганаруся». З мэтай фарміравання актыўнай жыццёвай пазіцыі вучні прынялі ўдзел у конкурсах малюнкаў «Салют Перамогі», адукацыйных відэакліпаў, прымеркаваных да Года малой радзімы і інш.

Ва ўстанове наладжана работа дзіцячых грамадскіх арганізацый і вучнёўскага самакіравання. Першасная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» налічвае 47 вучняў з 4 ячэек. У піянерскай дружыне імя Г. Фамічова функцыянуе 8 піянерскіх атрадаў (197 вучняў) і 8 акцябрацкіх (173 вучні). 5 вучняў установы з’яўляюцца дэпутатамі маладзёжнага парламента пры Навагрудскім раённым Савеце дэпутатаў. Дзейнічае валанцёрскі атрад «Ад сэрца да сэрца», 14 цімураўскіх атрадаў, якія ажыццяўляюць дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, дзецям-вязням фашысцкіх канцлагераў, ветэранам педагагічнай працы.

Для выхавання гарманічнай асобы, якая неабыякавая да лёсу краіны, мы шырока выкарыстоўваем інфармацыйна-адукацыйны праект «Школа актыўнага грамадзяніна». Гэты праект з’яўляецца найбольш эфектыўным інструментам для рашэння гэтых задач. Але зносіны павінны быць адкрытымі, зразумелымі для дзяцей. На першым месцы – асабісты прыклад тых, хто гутарыць з дзецьмі. У нас у гасцях пабывалі дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу, ваенны камісар ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў падпалкоўнік С. Бурак, старшыня Навагрудскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» М. Барысевіч, пракурор Навагрудскага раёна А. Шляжко, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А. Сонгін, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Э. Сарока, старшыня Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў С. Мішарын і іншыя.

 У бягучым навучальным годзе ў школе ўведзена пасада кіраўніка па ваеннапатрыятычным выхаванні. Перад ім стаяць няпростыя задачы: фарміраванне ў вучняў патрыятычнай свядомасці, пачуцця вернасці сваёй Радзіме. Будзем праводзіць таксама прафарыентацыйную работу з вучнямі для ўсвядомленага выбару імі навучання ў ваенных установах адукацыі. Мы разумеем, што стандартных рэцэптаў для вырашэння гэтых задач пакуль няма. У дзяцей неабходна абудзіць цікавасць. Урокі мужнасці, дні вайсковай славы, тэматычныя экскурсіі, прагляд і абмеркаванне кінафільмаў ваеннай тэматыкі, ваенна-спартыўныя гульні і іншыя мерапрыемствы – выдатны варыянт. Мне думаецца, што дзеці ацэняць такі творчы падыход. Вялікую ролю ў паспяховай рабоце ў гэтым накірунку адыгрывае настаўнік. Пасаду кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні ў нас займае Уладзімір Віктаравіч Буткевіч – па адукацыі настаўнік гісторыі і грамадазнаўства. На працягу многіх гадоў ён займаўся краязнаўчай працай, кіруе музейным пакоем баявой славы, яму добра знаёмы адзін з аспектаў дзейнасці – арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Ва ўстанове ўжо наладжана прафарыентацыйная работа па прыцягненні вучняў да навучання ў ваенных установах. Радуе той факт, што яна прыносіць станоўчыя вынікі. Літаральна на днях прыйшло падзячнае пісьмо ў адрас калектыву ад начальніка факультэта ўнутраных войскаў УА «Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь» У. Жызнеўскага за дастойнае выхаванне і падрыхтоўку курсанта, былога нашага выпускніка Яўгенія Падмазава.

 – Сёння многае залежыць ад пазіцыі педагога: роля асобы ў прафесіі важная як ніколі. Што Вы думаеце аб гэтым?

 – Упэўнена, што настаўнік у сучаснай школе абавязаны ўвесь час развівацца і расці прафесійна, інакш ён будзе проста нецікавым для сваіх вучняў. Дзеці зараз не такія, як гэта было нават 5 гадоў таму. Яны «жывуць» інтэрнэтам і знаходзяць адказы на свае пытанні менавіта там. Роля настаўніка – заставацца для іх маяком і бясспрэчным аўтарытэтам, а гэтага можна дасягнуць толькі тады, калі сам увесь час удасканальваешся.

На сённяшні дзень быць проста адукаваным, добра валодаць сваім прадметам – недастаткова. Моладзь ідзе ў нагу з новымі тэхналогіямі, таму педагогам таксама важна не адстаць, а быць на некалькі крокаў наперадзе. Сёння вельмі актуальным з’яўляецца пытанне камп’ютарнай адукаванасці педагога, яго ўмення ўкараніць у сваю працу перадавыя практыкі, прымяніць дыстанцыйныя адукацыйныя тэхналогіі. У нашай установе вядзецца сур’ёзная метадычная работа па ўдасканаленні сістэмы прафесійна-асобаснага росту педагогаў, праводзяцца розныя мерапрыемствы, якія спрыяюць развіццю кампетэнцый педагогаў па выкарыстанні анлайн-дошкі Padlet, электронных адукацыйных кантэнтаў, стварэнню інтэрактыўных сродкаў навучання, напрыклад, QR-кодаў, кампетэнтна арыентаваных заданняў. Не застаецца без увагі развіццё эмацыйнага інтэлекту педагога. Маладыя спецыялісты таксама не адстаюць ад вопытных калег і ўдзельнічаюць у распрацоўцы новых адукацыйных прадуктаў: мультымедыйных інтэрактыўных праектаў.

Шырока вядома старажытнае выслоўе: «Чалавек – гэта не сасуд, які трэба напоўніць, а факел, які трэба запаліць». Але запаліцца факел можа толькі ад іншага палаючага агню, у ролі якога і павінен выступаць настаўнік. Мне здаецца, што настаўнік на ўроку як скрыпач – можа проста выконваць гаму, а можа, як Паганіні, лёгка дакранаючыся смычком да струн, здабываць з яе боскія гукі, пакідаючы глыбокі след у душы кожнага вучня. Але за ўяўнай лёгкасцю будуць стаяць нябачная тытанічная работа, вечныя сумненні і пачуццё незадаволенасці. І як бы хацелася ўсім нам настаўнікам, каб гэтая работа не прапала дарэмна, а выклікала адказнае імкненне да дзеяння ў імя дасягнення агульнай мэты, бо мост будуецца з двух бакоў.

 – Анжаліка Іванаўна, не так шмат часу засталося да Вашага прафесійнага свята – Дня настаўніка. Што хочаце пажадаць сваім калегам?

 – Паважаныя калегі! Ад усёй душы хачу павіншаваць вас з нашым прафесійным святам. Няхай нас не пакідае цярпенне і пачуццё гумару. Любіце сябе, шануйце і памятайце, што ёсць такое паняцце, як бумеранг дабра. Чым больш ты пасееш, тым больш вернецца. Заўседы заставайцеся ў згуртаванні працаздольных, творчых, мэтанакіраваных людзей, якія імкнуцца рэалізоўваць свае ідэі на практыцы і тым самым удасканальваюць сваё майстэрства. Моцнага ўсім здароўя, сіл, падтрымкі з боку сям’і, калег і бацькоў.

Падрыхтавала А. ЕРМАКОВА, «НЖ».