Праект «Бацькаўшчына». Царква святога Дзмітрыя Салунскага – праваслаўны храм у аг. Шчорсы – гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння

Праект «Бацькаўшчына». Царква святога Дзмітрыя Салунскага – праваслаўны храм у аг. Шчорсы – гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння

19 марта 2022 945

Прыход у Шчорсах Храптовічы адкрылі ў канцы XIV ст. Існуе паданне, якое расказвае незвычайную гісторыю з’яўлення храма ў гэтай мясцовасці. Лічыцца, што першы з роду Храптовічаў паабяцаў пабудаваць у мястэчку драўляны храм і такім спосабам падзякаваць святому пакутніку Дзмітрыю Салунскаму за выратаванне свайго жыцця ў няўдалай бітве з татарскім войскам. Так і здарылася: у 1386 годзе з дрэва ў Шчорсах пабудавалі невялікі касцёл, дзе доўгі час прыхаджане маглі маліцца цудатворнаму абразу Дзмітрыя Салунскага. Праз чатыры стагоддзі, у 1758 годзе, храм знішчыў пажар.

У 1770 годзе яшчэ адзін Храптовіч Іякім на ўласныя сродкі разгарнуў у Шчорсах маштабную па тых часах шасцігадовую будоўлю: у мястэчку замест згарэлага ўзводзілі новы храм святога Дзмітрыя Салунскага ўжо з цэглы. Для гэтага спецыяльна з Італіі і Францыі запрасілі архітэктараў Джузэпэ Сака, Карла Спампані і Якуба Габрыэля. Майстры спраектавалі будынак храма ў форме карабля з палогім двухсхільным дахам. З 1812 года ў касцёле захоўваўся цудатворны спіс Ціхвінскай іконы Божай Маці.

Будынак цяперашняй Свята-Дмітрыеўскай царквы ў розны час належаў розным канфесіям. Першапачаткова набажэнствы тут праводзілі католікі. Пасля іх будынак належаў уніятам. У 1930-х гадах пацярпелы ад моцнага пажару храм аднавіла Мінская праваслаўная царква, аднак канчаткова праваслаўным вернікам храм перадалі толькі ў 1988 годзе. Была праведзена маштабная рэканструкцыя.

Будынак храма хоць і не мае вытанчаных дэкарацый і багатага афармлення, але выглядае строга, проста і з густам. На ўваходзе вернікаў сустракае высокая арачная галерэя. Унутры царква дзеліцца на тры часткі: уваходная з верхнімі хорамі, малітоўная зала і алтарная апсіда, размешчаная ў самым канцы. Гэта рысы класіцызму. Дапаўняюць іх барочныя элементы, выяўленыя дакладнымі прапорцыямі і базілікальным дзяленнем сцен на два ярусы.

Сёння царква святога Дзмітрыя Салунскага – праваслаўны храм у аг. Шчорсы – гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння.