Праект «Бацькаўшчына». Петрапаўлаўская царква ў в. Валеўка занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь

Праект «Бацькаўшчына». Петрапаўлаўская царква ў в. Валеўка занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь

20 марта 2022 1222

У 1685 годзе ў в. Валеўка брэсцкім ваяводам Стафанам Курчам заснаваны кляштар дамініканцаў і ўзведзены драўляны касцёл св. Тройцы, архітэктура якога мела рысы стылю барока.
Згодна з апісаннем 1864 года, у мястэчку Валеўка размяшчалася Петра паўлаўская, пятага класа драўляная царква. Да яе належала прыпісаная Міраціцкая Міхайлаўская драўляная царква, узведзеная ў 1713 годзе памешчыкам Есьманам. Будынак капітальна рамантаваўся ў 1736 годзе.

У 1870-я гады перабудаваны галоўны фасад: зняты вежы, франтон набыў ламаны абрыс. У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца драўляная Свята-Петрапаўлаўская царква, пераробленая ў 1830 годзе з рыма- каталіцкага касцёла. Царква драўляная, вырашана падоўжаным прамавугольнікам на каменным падмурку, з адным глухім цыбулепадобным купалам. Дах драўляны, вокны размешчаны ў адзін рад, адзін уваход. Унутры царква мела драўляную падлогу, столь падшыта дошкамі. Драўляны іканастас пафарбаваны ў перламутравы колер, з пафарбаванымі карнізамі і рамамі складаўся з 5 абразоў, размешчаных ў адзін рад. На званіцы, узведзенай асобна, было пяць званоў вагою ад 5 пудоў да 10 фунтаў.

У інтэр’еры захаваўся двух’ярусны драўляны іканастас ХІХ ст., аздоблены накладной разьбой з пазалотай, які быў напісаны вядомым рускім мастаком Васняцовым.

У Памятных кніжках Мінскай губерні захаваліся імёны некаторых святароў СвятаПетрапаўлаўскай царквы: Андрэй Хільтоў (1889-1894), Фёдар Дружылоўскі (1898-1905), Антоні Серпаў (1907-1914). Даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерні.

Царква дзейнічае. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.