Не атрымаць штраф за няправільную паркоўку

Не атрымаць штраф за няправільную паркоўку

Не атрымаць штраф за няправільную паркоўку

26 августа 2022 274

Сумесна з дзяржаўтаінспектарамі і работнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва быў праведзены рэйд па захаванні правілаў паркоўкі на месцах для людзей з інваліднасцю. Разам з інспектарам ДПС МА ДАІ Аляксандрам Цыгельскім праверылі, ці правамерна выкарыстоўваюцца парковачныя месцы, прызначаныя для людзей з інваліднасцю.

Рэйд арганізаваны і праведзены ў рамках выканання мерапрыемстваў дзяржпраграмы «Сацыяльная абарона» на 2021-2025 гады. Галоўныя мэты праграмы – стварэнне даступнага асяроддзя жыццядзейнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і фізічна аслабленых асоб, арганізацыя безбар'ернага асяроддзя ў населеных пунктах.

Маршрут рэйду праходзіў па вуліцах Савецкай, Міцкевіча, Скарыны, Юбілейнай, Леніна, Драздовіча. Было праверана больш дзясятка парковак каля сацыяльна значных аб’ектаў (магазінаў, аптэк, паліклінікі). Падчас рэйду быў выяўлены адзін выпадак неправамернай паркоўкі транспартнага сродку. Вадзіцель І. патлумачыў сваё парушэнне: «Прыпыніўся на месцы для інвалідаў ненадоўга. Знак бачыў, больш парушаць не буду». Вадзіцелю на першы раз было вынесена пісьмовае папярэджанне. Пры паўторным парушэнні на працягу года прадугледжаны штраф у памеры 2 базавых велічынь.

Паркаваць аўтамабіль у месцы, пазначаным знакам 7.17, маюць права інваліды I і II груп, а таксама асобы, якія ажыццяўляюць іх перавозку. Інваліды III групы і асобы, якія іх перавозяць, маюць права паркавацца на такіх месцах і выкарыстоўваць адпаведную наклейку толькі пры ўмове наяўнасці ў інваліда парушэнняў апорна-рухальнага апарата. Але пры гэтым трэба мець на ўвазе: сама па сабе наклейка не дае права паркавацца ў месцах для інвалідаў. Яна толькі служыць апазнавальным знакам для ДАІ і іншых удзельнікаў руху.

Як вадзіцель, нярэдка заўважаю, што на спецыяльна адведзенае месца для паркоўкі людзей, якія адносяцца да групы «інваліды», прыпаркоўваюць свае аўто жыхары горада, якія не адносяцца да гэтай катэгорыі. Многія аўтамабілісты займаюць гэтыя месцы свядома, ігнаруючы ПДР і маральныя прынцыпы. Давайце паважаць тых, хто мае патрэбу і ўвагу да сябе ў сілу абставін!


В. Пісар, «НЖ».