Гонар і апора прадпрыемства – дынастыі, у якіх з пакалення ў пакаленне перадаюцца вопыт, веды і ўменні. Адмысловыя адказнасць і стараннасць выдзяляюць дынастыю Адзярэйка, у якой ужо чатыры пакаленні мужчын працуюць на Навагрудскім заводзе газавай апаратуры.
Родапачынальнік працоўнай дынастыі Аляксандр Аляксандравіч Адзярэйка прыйшоў на завод яшчэ ў пачатку 70-х. Малады слесар-зборшчык адразу ўліўся ў калектыў прадпрыемства, якое стала для яго родным. На той час увесь завод размяшчаўся на былой старой пляцоўцы, а прадукцыя – бытавыя газавыя балоны, рэдуктары, вентылі, як і сёння, была запатрабаванай. Брыгада, у якой працаваў Аляксандр Адзярэйка, выпускала рэдуктары для газавых балонаў.
– На завод бацька прывёў мяне яшчэ ў школе, – расказвае Уладзімір Адзярэйка і паказвае фотаздымкі, зробленыя ім (на той час школьнікам) на прадпрыемстве. – Станкі ў памяшканні цэха стаялі блізка адзін да аднаго, і за кожным працаваў чалавек. Як і многія іншыя, бацька не лічыў сваю работу цяжкай, хаця ўручную закруціць кожную гайку не так проста было, і ніколі не скардзіўся. Наадварот, ганарыўся тым, што працуе на адным з буйнейшых прадпрыемстваў горада, ды і заробкі былі добрыя.
На старым фотаздымку – брыгада, у якой працаваў Аляксандр Адзярэйка. Калектыў практычна жаночы. Прыгожыя, з усмешкамі на тварах і светлымі позіркамі – разам на рабоце, пасля змены і на святочнай дэманстрацыі. Здаецца, зусім іншы свет, іншая эпоха. Аднак і праз паўстагоддзе ў сям’і Адзярэйка не толькі захоўваюць памяць аб бацьку, але і працягваюць працоўныя традыцыі.
Любі сваю справу і рабі яе сумленна
– Лепшага прадпрыемства ў горадзе, чым наш завод, няма. Гэта маё меркаванне з гадамі толькі ўмацоўваецца, – лічыць Уладзімір Адзярэйка. – А на заводзе я ўжо трыццаць восем гадоў, так што магу параўноўваць. Ва ўсе часы жыццё тут бурліла: будаваліся цэхі, выпускалі новыя віды прадукцыі ды і пасля работы шмат цікавых мерапрыемстваў ладзілася.
Трэба адзначыць, што для Уладзіміра Аляксандравіча шлях да прафесіі быў няпростым і аб рабоце слесара ён не марыў. Перш атрымаў прафесію фатографа, аднак, маючы тэхнічныя здольнасці, вырашыў паспрабаваць свае сілы на вытворчасці.
– Вядома, калі пачынаў заточнікам, былі цяжкасці, аднак з часам прыйшла ўпэўненасць у сваіх сілах, ды і бацька падтрымліваў. А ў 2000 годзе перайшоў працаваць аператарам фрэзернага станка – на той час гэта быў першы на заводзе станок з лічбавым праграмным кіраваннем. І тое, што яго даверылі мне, сапраўдная ўдача, – падкрэсліў Уладзімір Аляксандравіч.
Разважліва, з лёгкай усмешкай, засяроджваючы ўвагу на шматлікіх падрабязнасцях, Уладзімір Адзярэйка расказваў пра тое, як асвойваў новы станок. Заставаўся пасля змены, вывучаў праграміраванне, спрабаваў пісаць першыя праграмы – сказаць, што было складана, нічога не сказаць. Аднак, дзякуючы сваёй працавітасці і ўпартасці, усе тонкасці новай справы асвоіў. Пры гэтым знаходзіў час і на захапленні. Мотатурыст са стажам, ён разам з жонкай Таццянай Дзмітрыеўнай, якая таксама працавала на заводзе, на матацыкле ІЖ аб’ехаў Беларусь, Каўказ, Карпаты.
– Работа з металам патрабуе тэхнічных здольнасцей і асаблівага складу характару, – перакананы Уладзімір Адзярэйка. – Цяпер кірую станком літаральна з закрытымі вачамі, быццам на піяніна іграю. Аднак ад памылак ніхто не застрахаваны. Галоўнае – ніколі не апускаць рукі і ўмець знайсці выйсце з любой сітуацыі. І сына вучыў: любі сваю справу і рабі яе сумленна.
Сёння Уладзімір Адзярэйка па праву лічыцца адным з вопытнейшых работнікаў завода, які перадаў асновы прафесіі не аднаму пакаленню маладых інструментальшчыкаў. Ён аднолькава патрабавальна і строга, нягледзячы на роднасныя сувязі, ставіцца да любога з калег. Але ў першую чаргу – з павышанай патрабавальнасцю да сябе. Напэўна, галоўны сакрэт прафесійнага поспеху Уладзіміра Адзярэйкі – гэта любоў да справы.
Выпрабаванне металам
Услед за старэйшым братам на завод прыйшоў і Андрэй Адзярэйка, які таксама стаў працаваць у інструментальным цэху. Выбар невыпадковы – работа з жалезам прыцягвала сваёй складанасцю і разнапланавасцю.
– Я па прафесіі аўтакранаўшчык, пэўны час працаваў у МПМК, аднак усё ж лёс прывёў мяне на завод, – расказвае разьбашліфоўшчык Андрэй Адзярэйка. – Пачынаў працаваць токарам, а затым перайшоў на станок, які наразае разьбу на самыя розныя дэталі. Такі станок адзіны на прадпрыемстве, так што прастойваць ён проста не можа. Самае складанае – наладзіць работу і правільна настроіць параметры. І дакладнасць тут вымяраецца ў тысячных долях міліметра.
За амаль трыццаць гадоў работы Андрэй Адзярэйка ўжо на слых вызначае малейшае адхіленне ў рабоце станка і, калі патрэбна, вырашае праблему, каб усё працавала без збояў. Аднак сваю напружаную і такую адказную работу ён не лічыць цяжкай, бо шчыра захоплены справай і адданы ёй. На прадпрыемстве працуе і яго жонка Наталля Вітальеўна, яна інжынер аддзела працы і заработнай платы.
На думку Андрэя Аляксандравіча, каб працаваць з металам, патрэбен талент, пэўныя здольнасці, якія даюцца чалавеку ад Бога. Безумоўна, без цярпення, уважлівасці, адказнасці справа не будзе ладзіцца, аднак перш за ўсё – любоў да «жалеза». А ў дынастыі Адзярэйка гэты набор якасцей – сямейная адметнасць, можна так сказаць, асаблівы скарб. Таму, напэўна, і сваё выпрабаванне металам прадстаўнікі гэтай дынастыі праходзяць з годнасцю і застаюцца на заводзе на ўсё жыццё
Прафесія ў спадчыну
Сёння сямейную справу працягвае ўжо Дзмітрый Адзярэйка, які, як і бацька Уладзімір Аляксандравіч, працуе аператарам фрэзернага станка. Любоў да справы і прафесійнае майстэрства яму, можна сказаць, перадаліся ў спадчыну.
– Аб тым, што некалі буду працаваць на заводзе, не думаў, – шчыра прызнаўся Дзмітрый Уладзіміравіч. – Па адукацыі я радыёмеханік і спачатку шукаў сябе ў гэтым накірунку. Калі дванаццаць гадоў таму прыйшоў на завод, уразілі маштабы прадпрыемства, яго магутнасці і чалавечы патэнцыял. Пачынаў слесарам-зборшчыкам, потым перайшоў на станок з лічбавым праграмным кіраваннем. Прызнацца, не адразу пагадзіўся, бо адказнасць вялікая. Нязначная памылка – і дэталь ідзе ў брак. Да таго ж неабходна было навучыцца праграміраванню. Безумоўна, многае пераняў ад бацькі, які дапамог асвоіць справу.
Дзмітрый Адзярэйка ўпэўнены, што работа павінна быць цікавай, дапамагаць прафесійна расці і ўдасканальваць свае навыкі. Аднак, каб стаць сапраўдным інструментальшчыкам, спатрэбіцца гадоў дзесяць. І гэта праца для асаблівых людзей.
– З’яўляецца новае абсталяванне, новыя віды прадукцыі, так што вучыцца прыходзіцца пастаянна. Бывае, работа «не адпускае» і дома: думаеш, аналізуеш. Кожны дзень адкрываеш для сябе нешта новае, здараецца, што на працягу месяца няма такога дня, каб выпускалі аднолькавыя дэталі. А тое, што побач працуе бацька, не толькі падтрымка, але і вялікая адказнасць, – упэўнены Дзмітрый Уладзіміравіч
Адзіны з сям’і, хто мае адукацыю, звязаную з металам, – Раман Адзярэйка. Самы малодшы ў дынастыі, ён працуе слесарам-інструментальшчыкам на прадпрыемстве зусім нядаўна, аднак вельмі ганарыцца, што працягвае сямейную справу.
– У Наваполацкім політэхнічным каледжы атрымаў прафесію токара і вырашыў вярнуцца ў Навагрудак, – падзяліўся Раман. – Калі паўстала пытанне, куды ісці працаваць, на сямейным савеце было вырашана – на завод. Са слоў бацькі ведаў, што на прадпрыемстве і работа цікавая, і ёсць магчымасць атрымаць добрую прафесію. Стараюся працаваць сумленна, каб не падвесці родных і калектыў.
– Для мяне ганарова, што сын і ўнук працягваюць маю справу на родным заводзе. Хочацца, каб прадпрыемства рухалася наперад, з’яўлялася новая прадукцыя, а людзі з задавальненнем ішлі на працу. Магчыма, некалі ўнук заменіць мяне і свой станок я з радасцю перадам яму. Было б толькі здароўе, – пажадаў напрыканцы Уладзімір Адзярэйка.
Алена Ганцэвіч, «НЖ»