Марыя Жычко: «Нікому не пажадаю такое перажыць…»

Марыя Жычко: «Нікому не пажадаю такое перажыць…»

Марыя Жычко: «Нікому не пажадаю такое перажыць…»

11 апреля 2024 656
У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашай краіны гітлераўскімі акупантамі было створана звыш 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння савецкіх грамадзян. Па некаторых звестках, у канцэнтрацыйных лагерах фашысты замучылі, расстралялі, спалілі звыш паўтара мільёна чалавек. Лічбы не проста страшныя, а жахлівыя. Адной з фабрык смерці, дзе штодня ў страшных пакутах ад холаду, голаду, сыпнога тыфу і іншых хвароб паміралі тысячы ні ў чым не вінаватых людзей лічыцца Азарыцкі канцэнтрацыйны лагер смерці. Знаходзіўся ён на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Там упершыню фашысты выкарыстоўвалі новы метад знішчэння людзей – бактэрыялагічную зброю.

Сярод 50 тысяч непрацаздольных грамадзян, якія былі дастаўлены ў лагер Азарычы, была і пяцігадовая Марыя Жычко са сваімі бацькамі, братам і дзвюма сёстрамі. У Марыі Мікалаеўны і зараз пачатак вясны асацыіруюцца са страшнымі падзеямі дзяцінства. Былая малалетняя вязень канцлагера са слязьмі на вачах узгадвае перажытае. Глыбокі след застаўся на ўсё жыццё…

«Жывы шчыт»
З таго часу мінула восемдзесят гадоў, але няўжо можна забыць здзекі, зверствы, якія чынілі нелюдзі над дзецьмі, жанчынамі, мужчынамі, якія не па сваёй волі трапілі ў лагер смерці? Плач матулі над паміраючай малодшай сястрой і сёння гулам аддаецца ў сэрцы і будзіць па начах Марыю Жычко.

– Зразумела, у сілу ўзросту ўсяго дакладна не памятаю, але ведаю па расказах матулі і таты, ды і чытала пазней успаміны такіх жа малалетніх вязняў, як і я, – расказвае Марыя Мікалаеўна Жычко. – Азарыцкі лагер смерці быў створаны ў сакавіку 1944 года, калі вызваленне нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх акупантаў было побач. Немцы адыходзіць зусім не хацелі. Часці вермахта дыслацыраваліся за два кіламетры ад Азарычаў і апынуліся ў няпростай сітуацыі – талымі водамі затоплівала ўмацаваны раён. Камандаванне разумела, што стрымаць наступленне Чырвонай Арміі будзе цяжка. У спешным парадку ў некалькіх кіламетрах ад мястэчка Азарычы ў балоцістай мясцовасці фашыстамі было створана тры лагеры смерці.

Фашысты распрацавалі план: стварыць «жывы шчыт» з бездапаможных, хворых старых, жанчын і дзяцей, якіх папярэдне заражалі сыпным тыфам. На жаль, гэты страшны гістарычны факт я ведаю не з кніг і кінафільмаў. Яго мая сям’я адчула на сабе.

Менавіта камандзір 56-га танкавага корпуса 9-й нямецкай арміі генерал-лейтэнант Ф. Госбах, чые дывізіі ўтрымлівалі абарону ў раёне Азарычаў, прапанаваў стварыць «жывы шчыт». Па разліках фашыстаў гэта павінна было забяспечыць адвод нямецкай арміі і заразіць тыфам савецкіх салдат 65-й арміі генерала Паўла Батава.

Расаднік хвароб
Нягледзячы на ўзрост, Марыя Мікалаеўна памятае, як яны з татам, матуляй, старэйшымі братам і сястрой, а таксама з маленькай Надзяй, якой было некалькі месяцаў, ехалі ў Азарычы. Спачатку з роднай вёскі Акцябр, што ў васьмі кіламетрах ад Жлобіна, дабіраліся на павозцы, а затым на таварным цягніку. Вагон быў так набіты людзьмі, што нагу не было куды паставіць.

– Высадзілі нас непадалёку ад лагера, далей ішлі пешшу. Азарыцкі канцлагер уяўляў сабой велізарнае балота, агароджанае калючым дротам з вартавымі вежамі. Ніякіх будынкаў на яго тэрыторыі не было. Вязні знаходзіліся пад адкрытым небам кругласутачна. Уся тэрыторыя вакол лагера была замініравана, – успамінае малалетні вязень Марыя Жычко.

– Першыя некалькі дзён ніхто нас не карміў. Затым пачалі кідаць буханкі хлеба прама з машын. Гэта быў не проста хлеб, унутры – бітае шкло. Тата, нягледзячы на тое, што былі ўсе галодныя, не дазваляў нічога браць. Ён бачыў, што той, хто з’ядаў хлеб, паміраў.

Наша сям’я размяшчалася недалёка ад дроту, хадзіць нікому не дазвалялі. Мы былі падобныя на статак жывёл у загоне, якія чакалі свайго часу. Пачатак сакавіка, але быў моцны мароз, усе мерзлі. Вогнішча разводзіць немцы забаранялі. Толькі чуліся гукі кананады, відаць, недалёка грымеў бой. Тады ніхто нават не здагадваўся, што мы трапілі ў жудасны расаднік хвароб. Перахварэла і наша сям’я. Тыф, голад і холад – у лагеры было па-сапраўднаму страшна. Побач гінула шмат людзей. Мама расказвала, як аднойчы пад раніцу нагой адчула нешта слізкае: гэта снегам прыцярушанае цела дзіцяці. Жудасна было: куды ні павернешся – усюды штабялі мёртвых. Хаваць не дазвалялася. Спачатку вязні самі складалі трупы ў адно месца. Калі сіл не засталося, усё, здавалася, кругом пакрыта нежывымі целамі. Тэрыторыя вакол была замініраваная. Здзіўляюся, як змаглі мы выжыць у такіх нечалавечых умовах. Ад холаду і голаду хацелася спаць. Многія засыналі назаўжды. Хацелася лепш апынуцца сярод памерлых, чым перажываць гэтае пекла. Нашы бацькі як маглі, так нас, дзяцей, засцерагалі. Тата з дому ўзяў кажух, які нас і выратаваў. На ім спалі ўсёй сям’ёй: па краях тата і матуля, а пасярэдзіне мы.

– Добра памятаю дзень, калі памерла маленькая Надзя. Матуліны слёзы, крык – не забуду ніколі. Памятаю, як бегла ззаду за мужчынай і крычала, каб аддаў сястру. Хто прайшоў праз тое пекла, хто кожны дзень, кожную га дзіну глядзеў у вочы смерці, ніколі не забудзе, не зможа выкрасліць з памяці тыя жудасныя злачынствы, што чынілі нацысты над людзьмі, – адзначае жанчына. – Вось што такое Азарычы.

І тут на вачах Марыі Мікалаеўны застылі слёзы. Дзесяцігоддзі не ў сілах прытупіць невыносны боль, раны, пакінутыя Вялікай Айчыннай вайной. Час не лечыць…

Доўгачаканае вызваленне
Азарыцкі лагер смерці быў вызвалены 19 сакавіка 1944 года 65-й арміяй генерала Батава. Дакладна Марыя Мікалаеўна не памятае той дзень, калі вызвалілі іх з лагера, памятае, як доўга дабіраліся ў родную вёску.

– У канцлагер вывезлі жыхароў усёй нашай вёскі, да вайны налічвалася 280 двароў. У кожным доме па чатыры і больш чалавек жылі. Вярнулася каля паловы, астатнія так і засталіся ў лагеры смерці назаўсёды. Людзям вяртацца не было куды – з усёй вёскі засталіся толькі два дамы. Адзін з іх наш. І той без даху і вокан. У нашым доме (размяшчаўся ён на пагорку) стаялі немцы. Відаць не паспелі спаліць, калі адступалі, – гаворыць жанчына. – Пасля вайны ў нас арганізавалі для дзяцей школу. А таксама памятаю, што доўгі час праходзіла галасаванне ў час выбараў.

Навагрудак – мой лёс
– У Навагрудак прывёў мяне лёс. Нягледзячы на пасляваенны складаны час, я закончыла школу. Тата старэйшы за матулю ў два разы: яму было 36, а матулі 18, калі жаніліся. Ён заўсёды гаварыў матулі так: «Саша, мы з табой павінны пабудаваць дом, вывучыць дзяцей, даць ім добрую адукацыю». Матуля адукацыі не мела, у таты – усяго чатыры класы. Я закончыла школу ў 1957 годзе, менавіта ў гэты час перад паступленнем у ВНУ патрэбна было адпрацаваць два гады. Хацела ўладкоўвацца ў мясцовую гаспадарку, – расказвае мая субяседніца. – Якраз старэйшая сястра закончыла педвучылішча і па размеркаванні паехала ў г. Ліду. Разам з мужам яна і запрасіла пераехаць на Гродзеншчыну. Перш уладкавалася вучаніцай-рахункаводам на Дакудаўскае торфапрадпрыемства. Набіралася вопыту, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам Анатоліем Іванавічам Кучынскім. Пасля заканчэння інстытута яго прызвалі ў армію, а я паехала па размеркаванні ў Свярдлоўск. Адтуль трапіла за 6 тыс. км. на газаправод Бухара–Урал. Пасля дэмабілізацыі прыехаў да мяне муж. Я працавала інжынерам-эканамістам, а Анатолій Іванавіч перакваліфікаваўся з эканаміста ў інжынера па турбінах, здаваў экзамены незалежнай камісіі. Так мы трапілі на другі край свету. Клімат у Сярэдняй Азіі складаны, ды і ўмовы жыцця не прывычныя для беларусаў, таму з часам прынялі рашэнне вярнуцца ў Беларусь.

Сапраўды, відаць, лёсам наканавана было прыехаць Марыі Мікалаеўне і Анатолію Іванавічу ў Навагрудак. Уладкаваліся на працу выкладчыкамі ў Навагрудскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны тэхнікум. М.М. Жычко на працягу 30 гадоў выкладала ў тэхнікуме прадметы «Бухгалтарскі ўлік у прамысловасці», «Статыстыку», «Тэхніку вылічэнняў і механізацыю ўліку», іншыя прадметы. Узначальвала прафкам.

За добрасумленную працу ў 1986 г. Марыя Мікалаеўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР, памятным нагрудным знакам «Вязень нацызму», юбілейнымі медалямі.

У гандлёва-эканамічным тэхнікуме працавалі выкладчыкамі тры малалетнія вязні – гэта М.М. Жычко, Р.М. Норык і М.К. Касабукін. Яны часта сустракаліся і ў сілу магчымасцей зараз сустракаюцца з моладдзю. Іх расказы пра гады ваеннага ліхалецця, шчырыя размовы пра перажытае нікога не пакідаюць раўнадушным. Ды як могуць пакінуць раўнадушным чалавека параненыя душы, скалечаныя лёсы, голад, холад, страх смерці, страта блізкіх людзей? Праз гэта прайшла наша гераіня ў дзяцінстве. Такое нельга забыць. І мы не маем права забываць гераічных людзей. Яны падарылі нам мір на зямлі, шчаслівае і спакойнае дзяцінства, бо самі ведалі, што значыць – быць рана пасталелымі дзецьмі. Вялікая Айчынная вайна – гэта вялікая душэўная рана ў чалавечых сэрцах. Нават страшна падумаць, што ў гэтай трагедыі прымалі ўдзел малалетнія дзеці…

Вольга Пісар, «НЖ».

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |