Вялікай душы музыкант. Мікалай Спагар сваёй любоўю да музыкі злучаў людзей розных узростаў і прафесій

Вялікай душы музыкант. Мікалай Спагар сваёй любоўю да музыкі злучаў людзей розных узростаў і прафесій

Вялікай душы музыкант. Мікалай Спагар сваёй любоўю да музыкі злучаў людзей розных узростаў і прафесій

26 Ноября 2021 3242

Менавіта верш «Вялікай душы музыкант» паэта, кампазітара, выкладчыка Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Святланы Моніч, прысвечаны светлай памяці земляка Мікалая Спагара, падштурхнуў яго жонку Аляксандру Яўгеньеўну патэлефанаваць нам у рэдакцыю з прапановай надрукаваць верш у газеце «Новае жыццё». Верш, бясспрэчна, выдатны, але, упэўнена, нашым чытачам будзе цікава больш даведацца пра неардынарную асобу музыканта з вялікай літары, таленавітага настаўніка і кіраўніка ансамбля «Каласы» і аркестра народных інструментаў Вераб’евіцкай школы Мікалая Валянцінавіча Спагара. На працягу ўсяго жыцця ён сваёй любоўю да музыкі, творчасцю злучаў людзей розных узростаў, пакаленняў і прафесій.

З   Аляксандрай   Яўгеньеўнай   мы   дамовіліся пра сустрэчу, падчас якой жанчына расказала пра мужа. Пасля смерці Мікалая Спагара прайшло чатыры гады, але боль страты роднага чалавека не сціхае... Як не сціхае тая музыка і песні, якія ён выконваў і спяваў усё жыццё, якія назаўсёды засталіся ў памяці блізкіх і знаёмых.
Вялікай душы музыкант

Бывае, зямля нараджае брыльянт…
У вёсачцы нашай жыў-быў музыкант.
З гармонікам-сябрам хадзіў да людзей,
Сабе, у сваёй хатцы іграў ён радзей.

Усюды – пашана, усюды ён – госць,
Адзіны заўжды, як адна маладосць.
Гармонік – на плечы, а сам – на парог.
Такі яму талент ад роду даў Бог.

А ён не складаў сабе важнай цаны,
Адклаўшы гармонік, хадзіў на званы.
І з кліраса голас далёка ляцеў,
То ж наш музыкант, Валянцінавіч, пеў.

Быў просты і людзям аддана служыў.
А што ён нажыў? А тое нажыў:
Хто ведаў яго, – не забудзецца век –
Вялікай душы гэты быў чалавек!


Любоў да музыкі – з дзяцінства
– Мы аднавяскоўцы і аднагодкі з Мікалаем Валянцінавічам, з дзяцінства разам ішлі па жыцці, – расказвае Аляксандра Яўгеньеўна. – Яшчэ пры жыцці Мікалай запісаў   свае   ўспаміны,   атрымаліся   два   сшыткі. Ён гаварыў, што любоў да музыкі, да баяна запала ў сэрца яшчэ ў дзяцінстве. Родам мы з в. Поўбераг (зараз гэта в. Валосаўка), у нас у вёсцы былі знакамітыя музыкі-самародкі і аж два гурты. У склад першага ўваходзілі Мікалай Жук і Стась Манкевіч. Гэты гурт вельмі падабаўся   Мікалаю,   бо   цудоўна   ігралі   музыканты,   адчувалася   поўная   сыграннасць, любоў да музыкі. На жаль, музыканты рана памерлі. У склад другога гурту «Каласы» ўвахо дзілі родныя браты, якія ігралі на гармоніку, цымбалах і скрыпцы. А гурт атрымаў назву ад прозвішча братоў-музыкаў. Менавіта кіраўніком гэтага гурту, у склад якога ўваходзіла восем чалавек, стане Мікалай Валянцінавіч, – дадае мая субяседніца. – Менавіта Міхаіл Колас даў маленькаму Мікалаю паспрабаваць іграць на   цымбалах.   Пазней   бацька,   бачачы   здольнасці сына, сам зрабіў яму цымбалы. А пасля таго, як Мікалай заняў першае месца на раённым аглядзе мастацкай самадзейнасці (іграў польку – «Янку»), бацька прадаў карову і купіў Мікалаю гармонік.
Так   пачалася   музычная   дзейнасць   Мікалая Спагара.

Грае баян – сэрца замірае
Заўсёды з павагай і любоўю Мікалай Валянцінавіч успамінаў настаўнікаў Вераб’евіцкай   і   Вераскоўскай   школ,   выкладчыкаў Гродзенскага музычнапедагагічнага вучылішча, якія далі яму пуцёўку ў жыццё. Асабліва быў удзячны З.П. Квяцінскай, якая выкладала дырыжыраванне, і Р.І. Голікаву, выкладчыку па класе баяна. Для ўдзячнага вучня Мікалая Спагара дэвізам па жыцці сталі словы выкладчыка: «Баян павінен не іграць, а спяваць, ды так, каб душа адпачывала». А свае творчыя здольнасці настаўніка, музыканта, баяніста і кіраўніка калектывамі Мікалай Валянцінавіч раскрыў, працуючы ў школе, клубах, а таксама з дзіцячымі і дарослымі ансамблямі.

Пачынаў сваю працоўную дзейнасць Мікалай Валянцінавіч на Карэліччыне ў Трашчыцкай сярэдняй школе. Там жа па просьбе старшыні гаспадаркі арганізаваў свой першы калгасны хор, які налічваў каля 70 чалавек. Сур’ёзная падрыхтоўка і цудоўныя галасы ўдзельнікаў давалі і вынікі – хор быў у ліку пераможцаў падчас агляду мастацкай самадзейнасці.

Аляксандра Яўгеньеўна таксама настаўнік па адукацыі. Пасля заканчэння Брэсцкага   педагагічнага   інстытута   яна   па размеркаванні паехала на працу на Астравеччыну. Праз два гады ў 1969 г. Мікалай Валянцінавіч і Аляксандра Яўгеньеўна пажаніліся. Маладыя настаўнікі хацелі працаваць разам, таму згадзіліся на пераезд на Воранаўшчыну. Маладой настаўніцы прапанавалі месца метадыста ў аддзеле адукацыі, а Мікалай Валянцінавіч   працаваў   мастацкім   кіраўніком   дзіцячага хору пры Доме піянераў.

– Як бы ні было добра, але нам хацелася вярнуцца на сваю малую радзіму, – гаворыць Аляксандра Яўгеньеўна. – Я першая прыехала да бацькоў, бо нарадзіўся сын. А з часам і Мікалай пераехаў. Працавалі адразу ў Касадворскай школе. З 1972 г. мы перайшлі ў родную Вераб’евіцкую школу, якой і прысвяцілі большую палову жыцця. Я выкладала хімію, біялогію і геаграфію, муж – спевы, быў кіраўніком школьнага аркестра народных інструментаў. Хутка Мікалаю прапанавалі працаваць мастацкім кіраўніком і ў сельскім Доме культуры.


На шляху да прызвання
Значны практычны вопыт музыканта-выканаўцы,   атрыманая   музычная   адукацыя,   багаты   вопыт   работы   з   самадзейнымі   калектывамі   сталі   трывалым   фундаментам   для   прафесійнай   дзейнасці Мікалая Спагара. Таленавіты музыкант   добра   ведаў   галасы   мясцовых   людзей, якія цудоўна спявалі ў царкве, на святах, на вячорках. Гэта і дало плён у далейшай рабоце. Сумесна з сакратаром   камсамола   калгаса   «Камунар»   Дзмітрыем   Федаровічам   і   дырэктарам   клуба Аляксандрам Капціловічам яны па прапанове закамітага дзеяча культуры А. Шыдлоўскага арганізавалі ансамбль «Каласы», які быў вядомы не толькі ў раёне, а нават за межамі рэспублікі. Без выступлення ансамбля не абыходзілася ні адно свята, ні адзін агляд мастацкай самадзейнасці. Асабліва ўдзельнікам калектыву запомнілася паездка ў Маскву, калі ансамбль «Каласы» прымаў удзел у папулярнай навагодняй праграме «Шире круг». І дзе б ні выступаў аркестр, заўсёды прызнаваўся лепшым сярод лепшых.

Музыка – стан душы
Супрацоўніцтва Вераб’евіцкай школы са школай г. Езнас з Літвы, а дакладней паездка ў госці, падштурхнулі Мікалая Спагара на арганізацыю школьнага аркестра народных інструментаў. Прапанову настаўніка падтрымаў дырэктар Яўгеній Калала, і хутка былі набыты музычныя інструменты для класа з музычным ухілам. Самае галоўнае – дзеці з радасцю ішлі на ўрокі, заставаліся на рэпетыцыі, выступалі і перамагалі на аглядах мастацкай самадзейнасці. Так у Вераб’евіцкай школе доўгі час быў свой аркестр музычных інструментаў.

Аснова   рэпертуару   аркестра   –   традыцыйныя беларускія песні і інструментальная музыка. Мікалай Спагар заўсёды адказна ставіўся да падбору рэпертуару, робячы ўхіл на захаванне народнай спадчыны.   Кіраўнік   аркестра   заўсёды   знаходзіўся ў творчым пошуку і лічыў, што музыка – гэта стан душы, а лепшыя лекі – любімая работа, калегі, вучні, сям’я, якія заўсёды падтрымлівалі.


Сакрэт поспеху
Менавіта   пад   кіраўніцтвам   Мікалая   Спагара ансамбль «Каласы» і школьны аркестр   музычных   інструментаў   дасягнулі значных творчых поспехаў. Калектывы мелі шмат узнагарод, іх выступленні рэгулярна ўпрыгожвалі розныя канцэрты, святы і культурна-масавыя мерапрыемствы. Аднак і ў асабістай скарбонцы Мікалая   Валянцінавіча   шмат   заслужаных узнагарод. Сярод якіх Пахвальная грамата Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства адукацыі БССР, узнагароджаны ён і медалём «Выдатнік народнай асветы БССР».

–   Сапраўды,   Мікалай   быў   вялікай   душы чалавек і музыкант. Да апошніх дзён свайго жыцця Мікалай Валянцінавіч заставаўся верным абранаму творчаму і чалавечаму крэда: у любой сітуацыі заставацца чалавекам, адказна, з душой адносіцца да любой справы, – гаворыць Аляксандра Яўгеньеўна. – А па жыцці ён быў вельмі сціплым чалавекам, які з кожным гатовы быў падзяліцца часцінкай сваёй шчодрай душы. Цікавай і яркай, сама бытнай і арыгінальнай асобай, ён назаўсёды застанецца ў настаўніцкім і музычным асяроддзі, ва ўспамінах землякоў, у маёй памяці і памяці сына Ігара і дачкі Наталлі, унукаў.

Вольга Пісар, «НЖ»