Сваю адметную старонку ў гісторыі партызанскага руху на Беларусі займае партызанскі атрад Тувіі Бельскага. Яўрэі-партызаны не толькі мужна ваявалі з ворагам, але і выратавалі ад гібелі сотні яўрэяў – жыхароў навакольных мястэчак. З кожным годам усё больш нашчадкаў былых партызан атрада Бельскага прыязджаюць у Навагрудак. У маі гэтага года пазнаёміцца з нашым горадам вырашылі Бельскія з С.-Пецярбурга, Чарнігава і Ізраіля. Іх дзядуля Зеліг быў родным братам Давіда Бельскага з в. Станкевічы, бацькі вядомага камандзіра яўрэйскага партызанскага атрада Тувіі Бельскага.
Партызанскі атрад Бельскага – самы вялікі яўрэйскі партызанскі атрад не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ўсёй акупіраванай нацыстамі Еўропы. Заснаваны летам 1942 года Тувіем, Асаэлем і Зусем Бельскімі, у чэрвені 1943 года атрад вырас да 750 чалавек. Лагер Бельскіх у Налібоцкай пушчы ўяўляў сабой цэлы горад. Некалькі дзясяткаў зямлянак (у самых вялікіх пражывала каля 40 чалавек) былі пабудаваны ў два рады ўздоўж галоўнай вуліцы. У цэнтры знаходзіўся штаб, майстэрні, пляцоўка для агульнага збору. Як сведчаць архіўныя дакументы, партызаны атрада Бельскага пусцілі пад адхон 6 эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай, узарвалі 20 чыгуначных і шашэйных мастоў, 800 метраў чыгуначнага палатна, знішчылі 16 аўтамашын, больш за 260 нямецкіх салдат, афіцэраў і іх памагатых.
Браты Бельскія
Да вайны родныя браты Давід і Зеліг Бельскія мелі вялікія сем’і. У Давіда было 12 дзяцей, у Зеліга – сямёра ад першай жонкі і трое ад другой. Першая жонка Шыфра Ізраэліт памерла ад тыфу, калі малодшаму сыну Юдэлю было 9 гадоў. Давід трымаў млын у в. Станкевічы, а яго брат Зеліг жыў у Навагрудку на вуліцы Карэліцкай, 36 і быў шкляром. Навагрудскія Бельскія былі гараджанамі ў поўным сэнсе слова. У 20-я гады XIX ст. многія жыхары Навагрудчыны выязджалі за мяжу ў пошуках лепшай долі. Сын Давіда і трое старэйшых сыноў Зеліга таксама паехалі ў Амерыку.
[caption id="attachment_73832" align="alignnone" width="800"] Юдэль Бельскі - крайні справа. Фота з сямейнага архіва Іегуды і Лолы Бельскіх прадастаўлена Леслі Бэлл.[/caption]
Юдэль аказаўся старэйшым з дзяцей Зеліга, якія засталіся ў Навагрудку. Ён скончыў школу Тарбут. Гэта была школа для яўрэйскіх дзяцей новага свецкага тыпу. Само слова “тарбут” на іўрыце азначае “культура”. Навучанне ў ёй вялося на іўрыце. Акрамя іўрыта і ідыша, на якіх размаўлялі ў яўрэйскіх сем’ях, Юдэль ведаў рускую і польскую мовы. Ён іграў на скрыпцы і гітары ў ансамблі, быў атлетам і першакласным танцорам.
Сын Давіда – Тувія Бельскі, як і яго стрыечны брат Юдэль, служыў у польскай арміі. Тувія скончыў службу ў 1937 годзе, вярнуўся дамоў, ажаніўся, пераехаў у в. Суботнікі, а ў верасні 1939 г., – у Ліду.
У верасні 1939 года, калі Германія напала на Польшчу, Юдэль яшчэ служыў у польскай арміі ў званні лейтэнанта, быў ранены ў нагу, трапіў у шпіталь у Варшаве. Калі ў шпіталь заявіліся эсэсаўцы, шукаючы польскіх афіцэраў і яўрэяў, яму прыйшлося ўцякаць. Ён быў і тым, і другім. Уцячы дапамагла медсястра. Дабраўшыся ў Навагрудак, які яшчэ амаль два гады жыў мірным жыццём, Юдэль пачаў працаваць цырульнікам у цырульні сваёй жонкі, пабудаваў дом.
«Не плануем здавацца»
У чэрвені 1941 года вайна прыйшла і ў Навагрудак. У лістападзе Давіда Бельскага разам з жонкай Бэлай немцы забралі ў Навагрудак. Яны і двое сыноў загінулі ў першы год акупацыі. Зеліга, яго жонку, трох дачок, двух зяцёў і пяцёра ўнукаў таксама расстралялі 8 снежня 1941 года ў Скрыдлеве. Выратавацца змаглі Тувія з братамі. Усю першую акупацыйную зіму яны хаваліся ў знаёмых, пераходзячы з адной вёскі ў другую. Часта начавалі ў гумне альбо проста ў лесе. Як толькі пацяплела, яны збудавалі сваю першую зямлянку ў лесе паміж Станкевічамі і Малой Ізвай. Мясцовыя людзі называюць гэтае месца Пералаз. Быў чэрвень 1942 года. Іх было дваццаць чалавек – сям’я Бельскіх.
Юдэль з жонкай аказаліся ў гета на Пярэсецы. Незадоўга да другой акцыі расстрэлу, якая адбылася 7 жніўня 1942 г., калі 4000 чалавек з гета на Пярэсецы былі расстраляны на Літоўцы, Юдэль атрымаў запіску ад свайго стрыечнага брата Тувіі.
У запісцы, якую ў гета прынёс даваенны сябра Косцік Казлоўскі з вёскі Макрэц, Тувія напісаў: «Мы хаваемся ў лесе і не плануем здавацца немцам. Прыводзь жонку і пару добрых хлопцаў, і мы што-небудзь прыдумаем. Калі ласка, не сумнявайся. Спадзяюся хутка ўбачыць цябе ў лесе”.
Перажыўшы жнівеньскую акцыю расстрэлу, Юдэль з жонкай і яшчэ восем старанна падабраных маладых хлопцаў адарвалі дошкі ад плота, перарэзалі калючы дрот і ўцяклі з гета ў лес. Праз некалькі дзён блуканняў па лесе, яны сустрэліся з Тувіем, Асаэлем і Зусем Бельскімі ў Пералазе.
«Рафінаваны» Бельскі
З прыбыццём гэтай першай групы атрад Бельскіх перастаў быць сямейным, паколькі сярод прыбыўшых не ўсе былі раднёй. Юдэль прапанаваў выбраць Тувію камандзірам. Так сямейная група Бельскіх стала атрадам, і першае імя, якое яны сабе ўзялі, было атрад імя Жукава. Вайсковы вопыт дапамагаў Юдэлю. Ён не аднойчы пранікаў у гета, каб вывесці чарговую групу вязняў у лес. Калі ў лес прыйшла Соня Болда, Зусь Бельскі захацеў з ёй ажаніцца, але яна паставіла ўмову: спачатку ён дапаможа яе бацькам уцячы з гета ў лес. У гета пайшоў Юдэль, і праз некалькі дзён бацькі Соні былі ў атрадзе.
І хаця жыць у лесе было няпроста, нават там ён заставаўся “гарадскім”. З-за манеры паводзін сябры па зброі называлі яго “рафінаваным Бельскім”, на ідышы – цыдл (cydl). Юдэль у сваю чаргу ўвёў у партызанскі абіход слова “мальбуш” (malbush – той, хто не прыносіць карысці) для тых, хто не быў прыстасаваны да жыцця ў лесе і не ведаў, з якога боку прыступіцца да каня альбо як абыходзіцца са зброяй. Сам ён дзейнічаў рашуча ў самых незвычайных умовах. Аднойчы, калі яго сябра ранілі ў галаву, ён фактычна выратаваў яго жыццё, зрабіўшы аперацыю на галаве... і той дажыў да 87 гадоў. Юдэль, як і ўсе Бельскія, быў гатовы ваяваць і помсціць за сваю расстраляную радню і за пралітую кроў яўрэяў.
Раскіданыя лёсам па свеце
[caption id="attachment_73830" align="alignnone" width="300"] Самуіл Бельскі[/caption]
Лёс Самуіла, зводнага брата Юдэля, склаўся інакш. Калі 24 чэрвеня на Навагрудак упалі першыя нямецкія бомбы і ён на веласіпедзе вярнуўся дамоў, яго бацька Зеліг загадаў сыну ўцякаць. Разам з сябрам спачатку на веласіпедах яны паехалі ўслед за адступаючымі чырвонаармейцамі на ўсход. Ехалі, колькі маглі. Потым – спадарожнымі эшалонамі, у таварняках, пакуль не апынуліся ў Расіі. Там яго прызвалі на флот. У 1944 г. Самуіл аказаўся ў шпіталі ў Ташкенце з цяжкай формай тыфу. Яго палічылі безнадзейным і вынеслі з палаты, паклалі разам з трупамі. Ноччу Самуіл ачуняў і, зразумеўшы, што ляжыць сярод трупаў, сабраўшы ўсе сілы, выпаўз з гэтага пекла. Яго знайшлі санітаркі і забралі назад у палату. Вайна скончылася, Самуіл ажаніўся і пасяліўся з сям’ёй у Чарнігаве. У доме, які ён сам пабудаваў, сёння жыве яго ўнук Юрый Пінскі. Гэта ён арганізаваў прыезд сваіх бацькоў, цёткі з Ізраіля і дзядзькі з С.-Пецярбурга ў Навагрудак. А яшчэ ён прывёз сваю сям’ю – жонку і дваіх дзяцей, каб яны таксама ведалі, адкуль іх род.
Зіновій Бельскі з С.-Пецярбурга аказаўся кампазітарам і выканаўцам уласных твораў у стылі рускага шансону. Да таго, як стаць кампазітарам і спеваком, ён зрабіў кар’еру ад настройшчыка музычных інструментаў да дырэктара фабрыкі музычных інструментаў. А пасля распаду Савецкага Саюза стварыў з нуля ўласны бізнес па продажы фурнітуры для швейнай вытворчасці. Ён нічога не ведаў пра ніткі і гузікі, калі пачынаў свой бізнес, але і тут дасягнуў поспехаў. Зіновій не толькі атрымаў у спадчыну выключны музычны слых, якім валодаў яго дзядзька Юдэль, але рашучы і незалежны характар Бельскіх.
[caption id="attachment_73834" align="alignnone" width="298"] Зельда Бельская[/caption]
Пра візіт Бельскіх у Навагрудак даведалася сям’я Зінаіды (Зельды) Бельскай у Аўстраліі. Зельда, былая партызанка атрада Бельскага, была зводнай сястрой Юдэля і стрыечнай сястрой Тувія. Пасля таго, як яе зводны брат Юдэль уцёк з гета ў лес, яна таксама вырашыла ўцякаць і шукаць партызан. Яе муж адмовіўся ісці разам, але гэта яе не спыніла. У кастрычніку 1942 г. Зельда выйшла разам з іншымі вязнямі з гета на працу ў горад. Яна была апошняй у калоне, якая расцягнулася на некалькі соцень метраў па вуліцы, што вяла ў цэнтр (сёння вул. Сечка). Перад выхадам з гета Зельда знарок накінула на плечы нейкі палавік, каб не было відаць яе жоўтай латы. Паціху адстаючы ад калоны, яна спадзявалася ўцячы. Гэта заўважыў паліцай, які ішоў па другім баку вуліцы. Ён пазнаў Зельду і зразумеў, што яна збіраецца ўцячы. Як Зельда расказвала дзецям і ўнукам, “ён закрыў вочы на тое, што бачыў”. Так яна сама знайшла дарогу ў атрад. Яе муж Лазар, які пазней таксама далучыўся да партызан, загінуў у ліку дзесяці партызан на хутары Белавуса. А Зельда, якую ўсё жыццё лічылі кволай і са слабым здароўем, перанесла ў лесе тыф, нарадзіла трох дочак пасля вайны і перавезла сям’ю ў Аўстралію. У тым, што яна і яшчэ звыш тысячы яўрэяў засталіся жывымі, безумоўная заслуга Тувіі Бельскага і яго братоў Асаэля і Зуся.
«Для мяне важна, каб яўрэі засталіся жыць…»
Выратаваць яўрэя для камандзіра Тувіі Бельскага было важней, чым забіць немца.
[caption id="attachment_73831" align="alignnone" width="431"] Тувія Бельскі[/caption]
Ён гаварыў: «Менавіта таму, што нас засталося так мала, для мяне важна, каб яўрэі засталіся жыць».
Як расказаў Дэвід Зільберкланг падчас наведвання Ляснога Іерусаліма (так мясцовыя жыхары называлі лагер Бельскіх у Налібоцкай пушчы), калі, ратуючыся ад немцаў, увесь атрад ішоў праз балота на Чырвоную Горку, вада даходзіла па пояс, а некаторым і па шыю. Тувія ўвесь час правяраў калону, падбадзёрваючы людзей: «Кіндэрлах (“дзеткі” – ідыш), калі гэта скончыцца, мы з вамі пойдзем у кіно і ўбачым гэту гісторыю на экране». Такім памятала камандзіра маці Дэвіда Рыўка Сэндэроўская, якую разам з яе 64-гадовай маці Бельскія прынялі ў атрад у лістападзе 1942 года.
Сёння ў свеце каля 25 000 нашчадкаў партызан атрада Бельскага. У наступным годзе спаўняецца 75 гадоў з дня вызвалення Беларусі і Навагрудка. Гэта добрая нагода сабрацца ўсім разам.
Тамара Вяршыцкая,
навуковы супрацоўнік і куратар Музея яўрэйскага супраціўлення
Усе матэрыялы праекта газеты «Новае жыццё» «Жыць і помніць»: http://novgazeta.by/category/nashi-proekty/zhyc-i-pomnic/