Яўгеній Хвянько: «У гонках, як і ў жыцці, ніколі нельга здавацца і апускаць рукі»

Яўгеній Хвянько: «У гонках, як і ў жыцці, ніколі нельга здавацца і апускаць рукі»

10 апреля 2022 1389
Выхаванец сярэдняй школы № 7 Яўгеній Хвянько ў фінальным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» прымаў удзел упершыню і адразу вынікова. Хлопчык фінішаваў першым у мас-старце і падняўся на другую прыступку п’едэстала па выніках спрынтарскай гонкі.

Яўгеній прызнаецца, што любіць біятлон таму, што гэта яркі, дынамічны, цікавы і непрадказальны від спорту, у якім усё можа змяніцца за адну секунду, з-за аднаго промаху ці з-за таго, што раптам памянялася надвор'е. 

– У кожнага чалавека ёсць у жыцці нейкае сваё захапленне, якое вельмі яму цікавае і пра якое ён гатовы гаварыць гадзінамі. У адных гэта кіно ці гульні, у іншых – вандроўкі ці гульнявыя віды спорту, у трэціх – калекцыяніраванне. Маё захапленне – біятлон, – дзеліцца Яўгеній. – Калі пачаў займацца біятлонам, я проста рабіў тое, што мне падабаецца. Спачатку я нават не марыў пра медалі, а проста атрымліваў задавальненне. Але пасля першых спаборніцтваў зразумеў, што хачу ісці далей, станавіцца мацнейшым, зноў і зноў перамагаць. 

Як адзначае юны біятланіст, для яго гэты від спорту не проста ўменне хутка бегчы і трапна страляць, але і цэлы яркі свет, які мае сваю гісторыю – легенды і традыцыі, сучаснасць – захапляльныя гонкі і будучыню – мары аб тым, што яшчэ больш нашых суайчыннікаў будуць стаяць на п’едэсталах этапаў кубка свету, алімпіяд. І абавязкова сярод іх будзе і ён сам. 

– Асаблівы гонар у мяне заўсёды вызывала Дар’я Домрачава. Яе называюць каралевай біятлона і беларускай ракетай. І няпроста так – самая знакамітая беларуская спартсменка назаўсёды ўпісала сваё імя ў гісторыю сусветнага біятлона, – расказ вае Яўгеній. – Я лічу, што Дар’я Домрачава – прыклад для ўсіх спартсменаў. Гле дзячы на яе, я зразумеў адну простую ісціну: у гонках, як і ў жыцці, ніколі нельга здавацца і апускаць рукі, таму што твае сапернікі заўсёды могуць дапусціць памылкі. На спаборніцтвах «Снежны снайпер» гэта думка заўсёды была ў мяне ў галаве. 

Паспяховае выступленне ў Раўбічах сталі адной з самых яркіх падзей у жыцці юнага спартсмена. Аб гэтым сведчаць медалі, фатаграфіі і прызы, а таксама незабыўныя эмоцыі ад перамогі ў прэстыжных спаборніцтвах. 

– У Раўбічах сабраліся лепшыя юныя спартсмены, якія прайшлі сур'ёзны адбор у рэгіёнах. Я рад, што змог таксама апынуцца тут. Спадабалася траса ў Раўбічах, атмасфера спаборніцтваў: хуткасць, вецер у твар. Калі чуў крыкі балельшчыкаў, гэта таксама надавала сіл, – адзначае Яўгеній. – Канешне, адразу было хваляванне, але я перамог яго. Спаборніцтвы спадабаліся, буду трэніравацца, каб ездзіць хутчэй і страляць без промахаў.


Карына Вальшонак, «НЖ»



Присоединяйтесь к нашему Telegram-каналу!