У ліку лепшых на спаборніцтвах «Снежны снайпер» – навагрудчанін Кірыл Санько

У ліку лепшых на спаборніцтвах «Снежны снайпер» – навагрудчанін Кірыл Санько

07 апреля 2022 847

Навучэнец сярэдняй школы № 1 г. Навагрудка Кірыл Санько ўпершыню ўзяў у рукі вінтоўку ў 2018 годзе, калі толькі пачаў займацца біятлонам. Дынамічны і цікавы від спорту, які спалучае лыжныя гонкі са стральбой, настолькі захапіў Кірыла, што з разраду хобі заняткі хутка перайшлі ва ўпартую працу.

– Калі я толькі стаў на лыжы, старэйшыя спартсмены ў прыгожых гоначных лыжных камбінезонах здаваліся мне неверагоднымі чэмпіёнамі. Яны так упэўнена і тэхнічна несліся па лыжні, што мне хацелася адчуць тое ж пачуццё палёту на лыжах. Ужо ў першы год заняткаў я зразумеў, што хачу дамагчыся значных вынікаў у біятлоне, і пачаў узмоцнена трэніравацца, – расказвае юны спартсмен. – Спачатку было складана, не ўсё атрымлівалася, але я хацеў перамагаць і ішоў да сваёй мэты.
Па словах Кірыла, трэніроўкам ён прысвячае вельмі шмат часу, а ў час падрыхтоўкі да спаборніцтваў трэніравацца прыходзіцца па 5 разоў на тыдзень. Пры такім, здавалася б, напружаным графіку ў хлопчыка ўсё ладзіцца і з вучобай.
– Каб у мяне не было праблем з вучобай, на спаборніцтвы я заўсёды бяру з сабой кнігі ў электронным варыянце і прашу заданні ў настаўнікаў. Адкатаю гонку або трэніроўкі, крыху адпачну – і бяруся за граніт навукі, – дзеліцца Кірыл. – Таксама на спаборніцтвах і ў звычайным жыцці я стараюся прытрымлівацца правільнага харчавання. Ем пажыўную і здаровую ежу, каб на ўсё хапала сіл. На дзень сілкуюся па 3-4 разы, часта раблю перакусы.

Сёлета Кірыл у складзе каманды Гродзенскай вобласці адстойваў гонар свайго рэгіёна на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў «Снежны снайпер» ужо трэці раз. Спартсмен прызнаецца, што, калі прыехаў у Раўбічы, паставіў перад сабой мэту – стаць прызёрам спаборніцтваў. І ўсё атрымалася. Па выніках мас-старта Кірыл на другой прыступцы п’едэстала.

– Больш за ўсё запомніўся момант барацьбы на фінішы ў мас-старце. Паміж мной і сапернікам разгарнулася сапраўдная барацьба за другое месца. Было вельмі цяжка, але думкі аб тым, што я магу быць другім, давалі сілы бегчы, – успамінае хлопчык. – Складана апісаць тыя эмоцыі, якія адчуваеш, калі падымаешся на п’едэстал і атрымліваеш медаль. Радасць і хваляванне перапаўняюць. У такія моманты хочацца звярнуць горы, прыкласці ўсе намаганні, каб зноў спаз наць гэтае пачуцце.

На дадзены момант юны спартсмен ужо рыхтуецца да наступных спаборніцтваў. Але разам з тым пакідае частку вольнага часу для сустрэч з сябрамі, для заняткаў іншымі хобі. Кірыл прызнаецца, што зусім нядаўна захацеў паспрабаваць сябе ў праграмаванні 3D мадэлей. І я ўпэўнена: у таленавітага хлопчыка ўсё атрымаецца.


Карына Вальшонак, «НЖ»



Присоединяйтесь к нашему Telegram-каналу!