Мілана Раманюк: «Тата крок за крокам прывіваў любоў да спорту.»

Мілана Раманюк: «Тата крок за крокам прывіваў любоў да спорту.»

Мілана Раманюк: «Тата крок за крокам прывіваў любоў да спорту.»

05 апреля 2022 1042

Бацька Міланы Сяргей Раманюк перакананы, што ўсё родам з дзяцінства: лад жыцця, стыль паводзін, культура. І любоў да спорту не выключэнне. Таму, нягледзячы на загружаны працоўны графік і школьныя ўрокі, у сям’і Раманюкоў знаходзяць час для заняткаў спортам. Усе ведаюць, што заняткі спортам не толькі ўмацоўваюць і захоўваюць здароўе, але і дапамагаюць стаць бліжэйшымі і больш уважлівымі адзін да аднаго.

– Кожная сям’я выбірае свой шлях, які асноўваецца на інтарэсах і звычках яе членаў. Мой тата спартсмен, таму зусім не дзіўна, што я выбрала спорт, – адзначае Мілана. – Калі мне споўнілася пяць гадоў, тата пачаў вучыць мяне катацца на роліках – так крок за крокам прывіваў любоў да спорту. Гэты перыяд якраз прыйшоўся на той час, калі Дар’я Домрачава стала алімпійскай чэмпіёнкай. Я з такім захапленнем глядзела, як беларуская біятланістка ўпэўнена страляе па мішэнях і на лыжні не пакідае сапернікам шансу на перамогу. І вырашыла, што хачу заняцца гэтым відам спорту. Так у маім жыцці і з’явіўся біятлон.

Па словах дзяўчынкі, самае складанае ў біятлоне – стральба. Менавіта ад трапнасці на агнявым рубяжы залежыць, колькі штрафных кругоў прыйдзецца праехаць. Таму Мілана мэтанакіравана працуе над стральбой, каб адчуваць сябе больш упэўнена.

– Самая вялікая складанасць у тым, каб пры высокім пульсе супакоіцца і зрабіць дакладныя стрэлы, таму што стральба не трывае мітусні. Гэта до сыць складана, і ў гэтым, я думаю, самая разыначка біятлона, – упэўнена юная спартсменка. – Я трэніруюся 4 разы на тыдзень. Акрамя таго, прытрымліваюся правільнага рэжыму харчавання і распарадку дня. На мой погляд, гэта вялікая праца і ад яе залежыць вынік. Бываюць моманты, калі я стамляюся, але вялікая любоў да таго, што раблю, прымушае рухацца наперад, расці і ўдасканальвацца.

У фінальным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» вучаніца гімназіі № 1 Мілана Раманюк атрымала два медалі: золата ў мас-старце і бронзу ў спрынтарскай гонцы. Як расказала дзяўчынка, дні перад спаборніцтвамі былі распісаны літаральна па хвілінах – трэніроўкі, лыжы, стральба.

– Мяне вельмі ўразіў такі тэмп жыцця, – дзеліцца Мілана. – Захапляльным быў і сам удзел у гонках. Моцна хвалявалася, такія сур’ёзныя спаборніцтвы, а вакол яшчэ камеры, цябе здымаюць з усіх бакоў. Атмасфера, спаборніцкі дух – пачуцці нельга перадаць словамі.

Дзякуючы юнаму ўзросту, у дзяўчынкі ёсць яшчэ шанс трапіць у фінальны этап «Снежнага снайпера» на будучы год. Яна гаворыць, што будзе старанна трэніравацца, каб у наступны раз праявіць сябе яшчэ лепш.


Карына Вальшонак, «НЖ»




Присоединяйтесь к нашему Telegram-каналу!