Якія кірылічныя выданні захоўваюцца ў сховішчы Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея?

Якія кірылічныя выданні захоўваюцца ў сховішчы Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея?

24 мая 2025 45
24 мая адзначаюць Дзень славянскага пісьменства і культуры.

Усе славянскія народы, якія карыстаюцца кірылічным алфавітам, адзначаюць 24 мая Дзень славянскага пісьменства і культуры. У Беларусі ён святкуецца з 1986 года. Напярэдадні гэтага дня карэспандэнт “ГП” пабывала ў аддзеле рэдкай кнігі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея і пазнаёмілася з унікальнай калекцыяй кірылічных выданняў.

Багатая калекцыя старажытных выданняў
Кірылічных выданняў у музеі каля трох дзясяткаў. Гэта богаслужэбныя кнігі і выданні рэлігійнага зместу XVII-XX стагоддзяў. Сярод іх "Псалтыры", "Евангеллі, "Служэбнікі", "Часасловы". Яны не толькі выкарыстоўваліся падчас царкоўнага богаслужэння, але доўгія гады выконвалі ролю падручнікаў-буквароў, а таму выдаваліся вялікім накладам.

– 24 мая праваслаўная царква шануе памяць роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, асветнікаў і прапаведнікаў хрысціянства. Кірыл і Мяфодзій назаўжды ўвайшлі ў гісторыю дзякуючы таму, што імі былі створаны дзве азбукі – глаголіца і кірыліца. Акрамя таго, браты пераклалі на славянскую мову "Евангелле", "Апостал" і "Псалтыр". У свядомасці многіх пакаленняў славян гэтыя святыя сталі сімвалам славянскага пісьма і культуры, – адзначыла загадчык аддзела рэдкай кнігі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Алена Развановіч. – У маі 1948 года ў наш музей згодна з Законам аб рэстытуцыі культурных каштоўнасця ў былі перавезены 42 скрыні з экспанатамі з беларускіх музеяў, якія былі вывезены фашыстамі ў Германію падчас вайны. Экспанаты былі размеркаваны па музеях Беларусі. У наш музей, сярод іншага, былі перададзены кірылічныя кнігі (XVІІ – пач. XX ст.). 

Рэдкія кнігі, якія захоўваюцца ў музеі
Сярод гэтых кніг аказалася “Евангелле”, выдадзенае ў Маскве ў 1668 годзе, у гады панавання цара Аляксея Міхайлавіча. Кніга з’яўляецца адным са старэйшых кірылічных выданняў музея.

– Першапачаткова кнiга належала царкве Пакрова на Кітай- горадзе ў Маскве, пазней, невядома якім чынам, яна трапіла ў Беларускі дзяржаўны музей, дзе захоўвалася да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Кніга ўражвае прыгажосцю афармлення: узорныя iнiцыялы, мнагалікія застаўкі, канцоўкі, чатыры гравюры евангелістаў. Зашпількі ў выглядзе жука-скарабея, – распавядае Алена Развановіч.

Звяртае на сябе ўвагу яшчэ адзін экзэмпляр “Евангелля”. Яно было выпушчана ў Маскоўскай сінадальнай друкарні ў першай палове XVIII стагоддзя. Заможны чалавек або вяльможа ахвяраваў богаслужэбную кнігу для прыходскай царквы або ў падарунак высокай духоўнай асобе.
0W1A1881.JPG
– Магчыма, для выдання выкарыстоўваліся аўтарскія пласціны. Як сцвярджаюць некаторыя даследчыкі, гэта часта практыкавалася, бо нават Фёдараўскія дошкі ўжываліся яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Аздоба кнігі выконвалася, напэўна, па заказе, – тлумачыць Алена Развановіч. 

Усяго ў музеі захоўваецца дзевяць выданняў “Евангелля”. Адно з іх набылі падчас экспедыцыі па Ваўкавыскім раёне ў 2015 годзе, калі супрацоўнікі музея знайшлі некалькі ўнікальных фаліянтаў. Адзін з іх – напрастольнае «Евангелле», выдадзенае ў Маскве ў 1774 годзе, якое паходзіць з Белагорскага Свята-Мікалаеўскага мужчынскага манастыра. 

Акрамя таго, знайшлі «Псалтыр», выдадзены Маскоўскай Сінадальнай друкарняй ў 1898 годзе. Выданне належала Гродзенскай Аляксандра-Неўскай царкве, якой зараз не існуе. Аб гэтым сведчыць штамп на яго тытульным лісце. Вядома, што 10 мая 1938 года святар Аляксандр Каліновіч, ведаючы, што царква будзе знішчана, вынес яго, нягледзячы на забарону. Яшчэ адзін «Псалтыр», выдадзены Маскоўскай Сінадальнай друкарняй ў 1858 годзе, быў таксама набыты музеем падчас экспедыцыі па Ваўкавыскім раёне. 

– Вельмі цікавым і шырока распаўсюджаным у народзе богаслужэбным выданнем з'яўляецца «Псалтыр». У эпоху сярэднявечча ён быў адной з галоўных кніг для навучання грамаце і першым падручнікам, па якім вучыліся чытаць, таксама настольнай кнігай кожнага адукаванага чалавека. Яго нават бралі з сабой у дарогу. Выдаваліся «Псалтыры” багата аздобленымі і даволі таннымі для паўсядзённага карыстання вернікамі. Усяго ў нашым музеі захоўваецца дзевяць «Псалтыроў», — расказала загадчык аддзела рэдкай кнігі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

“Псалтыр”часта выдавалі разамз тэкстам «Часаслова». У музеі захоўваецца “Часаслоў”, які выдадзены ў 1857 годзе ў Маскве ў друкарні адзінаверцаў.

– Складанне кнігі прыпісваецца прападобнаму Саве Асвячонаму, пазней яна шмат разоў дапаўнялася. У старажытныя часы і ў перыяд сярэднявечча «Часаслоў», як і «Псалтыр», выконваў ролю вучэбна-педагагічнай кнігі, — дзеліцца цікавымі фактамі Алена Развановіч.

У музеі захоўваецца і «Служэбнік», які быў выдадзены ў 1758 годзе ў друкарні Супрасльскага манастыра. Гэтай кнігай карысталіся святар і дыякан. Ён змяшчае тэксты царкоўных службаў на кожны дзень, парадак іх правядзення, месяцаслоў.
1110W1A1891.JPG

Кірылічны фаліянт з антыкварнай крамы
Год таму фонд музея папоўніўся новым цікавым экспанатам, які падаравала ўраджэнка горада Гродна Алена Кіркіцкая, якая зараз жыве ў Расіі. Аднойчы жанчына прыйшла ў антыкварную краму па падарунак на юбілей сябра і заўважыла кірылічную кнігу, надрукаваную ў 1794 годзе. Алена Кіркіцкая адразу ж набыла кнігу і вырашыла аддаць у фонд гісторыка-археалагічнага музея.

– Высветлілася, што гэта стараверскае выданне – зборнік “Цветник”, напісаны інакам Дарафеем. «Цветник» – гэта адзін з найлепшых помнікаў старажытна-рускай літаратуры XVII стагоддзя, які з'яўляўся кіраўніцтвам да манаскага жыцця і атрымаў вялікую вядомасць і распаўсюджанне ў манастырскім асяроддзі. 

Гродненская Правда