У Гродне ўрачыста адкрылі другі дзень XIII Рэспубліканскага фэстывалю нацыянальных культур

У Гродне ўрачыста адкрылі другі дзень XIII Рэспубліканскага фэстывалю нацыянальных культур

04 июня 2022 493
Адкрылі другі дзень Фэстывалю нацыянальных культур.

На плошчы Леніна – акурат на беларускім падвор’і – урачыста адкрылі другі дзень XIII Рэспубліканскага фэстывалю нацыянальных культур “Карагод адзінства”.


У прыгожай дзеі прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага аблвыканкама Ўладзімір Каранік, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гродзенскай вобласці Юры Караеў, дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, члены абласнога Савета дэпутатаў і іншыя высокія госці.


Удзельнікаў свята на гасціннай гродзенскай зямлі шчыра вітаў міністр культуры Анатоль Маркевіч:

– Глыбока сімвалічна, што пасля перапынку мы сустракаемся на яскравым свяце, якое сімвалізуе ўзаемаразуменне, дабрыню і сяброўства. Ведаючы свае карані, вельмі шмат прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў знайшлі сваю малую радзіму ў Беларусі. Сёння Беларусь – цудоўнае месца, дзе жывуць і працуюць кемлівыя людзі, вельмі ўпэўнена глядзяць у будучыню, таму што тут пануюць згода, стабільнасць і мір. У Год гістарычнай памяці фестываль нацыянальных культур адкрывае новую старонку ў летапісе беларускага народа, умацоўваючы сувязь паміж мінулым і будучым пакаленнямі. Упэўнены, што фестываль не толькі з’яўляецца спалучэннем нацыянальных культур, але і робіць усё магчымае дзеля сяброўства паміж народамі.





Міністр пажадаў прысутным “мірнага неба, духмянага хлеба, крынічнай вады і ніякой бяды” і ўручыў узнагароды творчым калектывам нацыянальных дыяспар, якія ўносяць вялікі ўклад у развіццё нацыянальных культур.
Шчыра вітала гродзенцаў намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Радчанка. Яна падкрэсліла, што фестываль заняў пачэснае месца сярод аўтарытэтных нацыянальных і міжнародных падзей, якія адбываюцца на прасторы Беларусі.

– Фестываль яскрава сведчыць, што на шматнацыянальнай беларускай зямлі пануюць мір і згода, – сказала яна. – Гэта стала магчымым дзякуючы самасвядомасці беларускага народа, якая фарміравалася стагоддзямі, і дзяржаўнай палітыцы. У Беларусі на заканадаўчым узроўні замацаваны гарантыі грамадзян, якія адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў, на роўныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя правы і свабоды, атрыманне дапамогі з боку дзяржавы для развіцця нацыянальнай культуры і адукацыі. Беларусь робіць усё магчымае, каб чалавек любой нацыянальнасці адчуваў сябе на Беларусі ўтульна і камфортна і быў упэўнены, што заўжды знойдзе падтрымку і разуменне з боку ўладаў у жаданні захоўваць і развіваць духоўнае багацце сваёй нацыі. “Унутрыканфесійная раўнавага і міжнацыянальнае адзінства – непарушная аснова нашага грамадства”, – сказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 17 верасня 2021 года, у Дзень народнага адзінства. І гэта пастаянна знаходзіць пацверджанне. У нашай краіне кожны чалавек, незалежна ад нацыянальнасці, адчувае сябе грамадзянінам Рэспублікі Беларусь і ў той жа час мае ўсе ўмовы для таго, каб духоўна не парываць сувязь са сваёй гістарычнай радзімай.

Алена Радчанка адзначыла вялікую заслугу нацыянальных аб’яднанняў не толькі ў тым, што яны беражліва захоўваюць культуру і спадчыну сваіх народаў, перадаюць яе сваім нашчадкам, але і ў тым, што даюць магчымасць беларускаму народу датыкнуцца да культуры і звычаяў народаў свету, уносяць каларыт у культурнае жыццё краіны. 

Цёплыя словы адрасавалі гасцям свята міністр адукацыі Андрэй Іванец і міністр інфармацыі Ўладзімір Пярцоў.


Уладзімір Пярцоў узнагародзіў Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь інтэрнет-рэсурс грамадскага аб’яднання “Мінскае гарадское армянскае культурна-асветніцкае таварыства “Айстан” за найлепшы інфармацыйны рэсурс нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў рэспубліканскага нацыянальнага фестывалю.
За актыўны ўдзел у Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур і ўклад у захаванне культуры прадстаўнікі многіх міжнародных грамадскіх аб’яднанняў атрымалі ўзнагароды і падзякі.
Пасля ўрачыстага адкрыцця другога дня фэсту госці адправіліся знаёміцца з нацыянальнымі падворкамі.


Гродненская правда