Пра якасць і бяспеку ў грамадскім харчаванні

Пра якасць і бяспеку ў грамадскім харчаванні

Пра якасць і бяспеку ў грамадскім харчаванні

24 июня 2022 275
Сфера грамадскага харчавання ўвесь час знаходзіцца ў полі зроку Камітэта дзяржкантролю. Пры ажыццяўленні праверак і маніторынгаў надаецца ўвага не толькі захаванню ў аб’ектах грамадскага харчавання патрабаванняў заканадаўства пры прыгатаванні страў, але і якасці абслугоўвання наведвальнікаў.

На жаль, як паказваюць праверкі, да гэтага часу ў аб’ектах грамадскага харчавання не выключаны факты парушэнняў санітарных нормаў і правілаў, выкарыстання сыравіны са скончаным тэрмінам прыдатнасці, часта выпускаецца і рэалізуецца кулінарная прадукцыя, якая не адпавядае патрабаванням па якасці і бяспецы.

Так, у сталовай аднаго з прамысловых прадпрыемстваў г. Гродна ўстаноўлены факты выкарыстання больш за 70 кг сыравіны са скончаным тэрмінам прыдатнасці, з якіх было прыгатавана больш за тысячу страў. Там жа прыгатаванне страў ажыццяўлялася з выкарыстаннем сыравіны, на якую не былі прадстаўлены прыходныя дакументы.

Асаблівая ўвага пры праверках надаецца якасці і бяспецы прадукцыі. Пры выяўленні такіх фактаў уся прадукцыя падлягае канфіскацыі і ўтылізацыі. Так, у адным з аб’ектаў грамадскага харчавання было выраблена 169 порцый небяспечнай прадукцыі, у якіх былі выяўлены недапушчальныя бактэрыі групы кішачных палачак і дрожджы. Прычынай усяму з’яўляецца невыкананне санітарных нормаў і правілаў пры вырабе кулінарнай прадукцыі. Акрамя таго ў сталовай было прададзена наведвальнікам 229 порцый бульбянога пюрэ, якія не адпавядаюць патрабаванням тэхнічных рэгламентаў па якасці.

Яшчэ адны з тыповых парушэнняў – невыкананне ўмоў захоўвання гародніны, адсутнасць поўнай інфармацыі аб харчовай прадукцыі, тэрмінах прыдатнасці і ўмовах захоўвання.

Не прайшлі кантралёры і міма буфетаў, размешчаных у памяшканнях аб’ектаў грамадскага харчавання, дзе ўстаноўлены асобныя парушэнні правілаў гандлю.

Варта адзначыць, што да выяўленых парушэнняў прыводзіць як халатнасць работнікаў аб’ектаў грамадскага харчавання, так і недастатковы кантроль з боку кіраўніцтва такіх аб’ектаў.

Па выніках праверак, праведзеных Камітэтам дзяржкантролю вобласці, 5 работнікаў аб’ектаў грамадскага харчавання прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці на агульную суму штрафу 256 рублёў, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 8 чалавек.

Камітэт дзяржаўнага кантролю нагадвае, што за парушэнні санітарных нормаў і правілаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: на фізічных асоб – да 30 базавых велічынь, на індывідуальных прадпрымальнікаў – да 200 базавых велічынь, а на юрыдычных асоб – да 500 базавых велічынь. За парушэнне заканадаўства аб гандлі вінаватыя фізічныя асобы таксама будуць пакараны рублём – штраф да 10 базавых велічынь.

А. САДАЎНІЧЫ, першы намеснік старшыні Камітэта