
Гэты год для вернікаў усіх хрысціянскіх канфесій асаблівы, таму што ўсе разам мы будзем адзначаць найвялікшае, светлае свята – Уваскрасенне Збаўцы нашага Езуса Хрыста! З глыбокай радасцю і ўдзячнасцю Богу віншую вас з перамогай Жыцця над смерцю! Словы «Хрыстос Уваскрос!», якія мы будзем накіроўваць у віншаваннях да нашых блізкіх, нясуць у сабе непераможную сілу жыцця, надзеі і любові. Яны нагадваюць нам пра тое, як Хрыстос перамог цемру смерці, каб кожны з нас мог знайсці святло ў сваёй душы. Вялікдзень – гэта час, калі мы асабліва ўсведамляем, што праз цярпенне і веру мы набліжаемся да Бога, які перамог смерць і адкрыў нам шлях да вечнасці. Разумеем, наколькі важна быць разам, дзяліцца дабром і падтрымліваць адзін аднаго. За гэты год наша парафія перажыла шмат момантаў, якія нагадваюць пра ўваскрэсенне ў нашым паўсядзённым жыцці. Гэта і ёсць жывое сведчанне таго, што Хрыстос жыве сярод нас, у нашых учынках і нашай любові.
Сёння, калі ў свеце бачым нестабільнасць, хваробы, канфлікты і трывогу – усведамляем сабе, наколькі важна ўмець цярпець і спадзявацца. Цярпенне – гэта не проста перажыванне цяжкасцяў, але і духоўная праца, якая вучыць нас давяраць Богу, як вучыў нас Хрыстос, несучы свой крыж на Галгофу. А надзея – гэта той агонь, які гарэў у сэрцах жанчын-міраносіц, што ішлі да магілы ў цемры, не ведаючы, што ўбачаць Уваскрослага.
Мы жывём у час, калі многія народы, у тым ліку і нашы суседзі, сутыкаюцца з выпрабаваннямі. Аднак Вялікдзень нагадвае нам, што Хрыстос прыйшоў не толькі для часоў супакою і дабрабыту, але і для часоў смутку і выпрабаванняў. Ён уваскрос, каб даць нам сілы і надзею быць святлом адзін для аднаго.
Памятаю, як адзін з нашых вернікаў, перажываючы цяжкую хваробу, дзяліўся са мной, што менавіта цярпенне навучыла яго заўважаць дробныя цуды: усмешку дзіцяці, цёплую руку жонкі, цішыню ранішняй малітвы. Ён казаў: «Я навучыўся чакаць Божай ласкі і гэта ўбачыў». Цярпенне і надзея сталі асабістым Вялікаднем гэтага мужчыны. Няхай жа святкаванне гэтага Вялікадня стане для кожнага з вас напамінам, што Хрыстос побач з намі ў кожнай сітуацыі. Няхай Ён адорыць вас адпаведным здароўем, каб вы маглі пераадольваць цяжкасці, супакоем у сэрцах, каб вы знаходзілі спакой сярод непагадзі свету, мудрасцю, каб вашыя словы і дзеянні станавіліся мостам да прымірэння і дабра. Няхай вашы сем’і ахоўвае Божая ласка, а нашы малітвы за супакой на зямлі ўсе разам узносяцца да нябёсаў.
Няхай жа гэты Вялікдзень напоўніць вашы душы сілай духа, цярплівасцю і надзеяй, дадасць вам сілы пераносіць выпрабаванні з пакорай, як Ён нёс крыж, і наву чыць вас бачыць святло нават у самыя цёмныя, як часамі можа здавацца, безнадзейныя моманты.
Няхай вашы сэрцы будуць поўныя спадзявання на Божую ласку, якая заўсёды прыходзіць да тых, хто ўмее цярпліва чакаць з верай.
Дзякую Уваскросламу за дар непахіснай веры многіх сярод нас, за тое, што вы не дазваляеце страху завалодаць вашымі сэрцамі, што вы – жывы Касцёл, які нясе святло Хрыста да іншых. Няхай бласлаўленне Уваскрослага Збаўцы суправаджае вас і ўсе вашы справы.
Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!
Ад усяго сэрца ксёндз-доктар Юрый Жэгарын.
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |