Свята «Рамяство як лад жыцця» запрасіла ў госці юных навагрудчан

Свята «Рамяство як лад жыцця» запрасіла ў госці юных навагрудчан

Свята «Рамяство як лад жыцця» запрасіла ў госці юных навагрудчан

21 ноября 2022 570

Прыхільнікі традыцыйных народных рамёстваў, вучні сярэдняй школы №1, з задавальненнем наведалі свята «Рамяство як лад жыцця». Раённы цэнтр рамёстваў ператварыўся ў вялікую выстаўку рукатворных работ, выкананых з саломкі, дрэва, паперы, тканіны.

Спрадвеку навагрудская зямля славілася не толькі сваёй багатай гісторыяй, незвычайным ландшафтам, але і вялікай колькасцю песень, танцаў, абрадаў, рамёстваў. Каб зазірнуць у таямніцу даўніны Навагрудчыны і пазнаёміцца з рамёствамі, мы разам з вучнямі сярэдняй школы №1 завіталі ў раённы Цэнтр рамёстваў на свята «Рамяство як лад жыцця». Тут нас чакалі захавальнікі культурнай спадчыны Навагрудчыны, якія запрасілі акунуцца ў свет прыгожага і дзіўнага, у свет рукадзелля.

– Навагрудскі раённы цэнтр рамёстваў – унікальнае месца з асаблівай атмасферай. Ён аб’ядноўвае таленавітых майстроў нашага краю. Тут адраджаюцца традыцыйныя рамёствы, вывучаецца вопыт папярэдніх пакаленняў і перадаецца майстэрства маладым талентам, – адзначыла загадчык Святлана Кулак. – У нас у Цэнтры захоўваецца выцінанка-выбіванка, якую адрадзіла народны майстар Наталля Клімко. З сённяшняга года і саломапляценне мае статус нематэрыяльнай спадчыны. Аднаўляем ткацтва, лапікавае шыццё, бондарства, саломапляценне і ншшыя віды рукадзелля. Запрашаем на курсы і майстар-класы ўсіх жадаючых.

Яшчэ ў далёкай старажытнасці, нашы продкі, навучыліся бачыць звыклае і нечаканае, простае і складанае, прыгожае і непрыгожае. Пазней людзям захацелася гэтыя імгненні захаваць у рукадзеллі, малюнках. Вось так з'явілася народная творчасць. Гісторыя рукадзелля багатая звычаямі, традыцыямі, абрадамі. Напрыклад, існавала такая традыцыя: з ранняга дзяцінства дзяўчынку мама навучала рукадзеллю і да 15 гадоў яна павінна была прыгатаваць сваімі рукамі пасаг, калі выходзіла замуж. На жаль, гэтая традыцыя адышла ў мінулае, але мастацтва рукадзелля, уменне майстраваць перадаецца з пакалення ў пакаленне.

– Рамяство зараз не толькі не забытае, яно адраджаецца. 16 лістапада адзначаецца Дзень рукадзелля. Гэта свята тых людзей, хто любіць ручную работу і прыкладную творчасць, – расказала метадыст-майстар па саломапляценні Вольга Юшкевіч. – Усіх відаў рукадзелляі не пералічыць. І хочацца павіншаваць усіх, хто можа ствараць са звыклага матэрыялу, незвычайныя па прыгажосці рэчы. Хто стварае прыгажосць, чые рукі па-сапраўднаму «залатыя», хто не сядзіць без справы, а стварае прыгажосць і дорыць радасць.

Вольга Міхайлаўна пазнаёміла гасцей мерапрыемства з майстрамі Навагрудчыны.

Раней у кожным доме, у кожнай хаце жанчыны ў восеньскія і зімовыя дні пралі і ткалі. Амаль кожная сялянская сям’я раней мела ткацкі станок – кросны. А жанчыны валодалі мноствам прыёмаў і відаў ткацтва. На Навагрудчыне ткацтва займала асаблівае месца сярод рамёстваў. Сёння гэта рамяство аднаўляюць у Цэнтры рамёстваў. Не дае парвацца нітачцы, што звязвае нас з продкамі, майстар народных мастацкіх рамёстваў Любоў Мікалаеўна Завольская. А яшчэ жанчына вельмі прыгожа вышывае. Менавіта яна вышывае ўсе народныя касцюмы майстроў Цэнтра рамёстваў.

Вольга Крака – майстар па ткацтве паясоў. А яшчэ нельга прайсці міма лялек майстра дэкаратыўна-прыкладной творчасці клуба народных майстроў. Кожная лялька майстра асаблівая. У калекцыі майстра звыш 100 тэкстыльных лялек – снежкі, цільда, вяліканожкі, тэдзі і інш.

Таісія Сямёнаўна Крупіца з захапленнем вяжа кручком. І не проста вяжа, а стварае сапраўдныя шэдэўры. У асноўным яна вяжа прыгожыя абрусы, сурвэткі. Дзясяткі ручных работ ўпрыгожваюць яе дом, ствараючы непаўторную ўтульнасць, атмасферу цяпла і замілавання.

У свае саламяныя цуды ўкладае душу майстар народных мастацкіх рамёстваў Кацярына Сіневіч. Саломапляценне – даволі карпатлівая работа, якая патрабуе ўвагі і асаблівых адносін. І гэта ўдумлівая творчасць Кацярыне Сяргееўне прыносіць задавальненне, а па-другому майстры не працуюць і не прыступаюць да работы. Кожная ручная работа ствараецца толькі ў добрым настроі і толькі тады, калі ёсць натхненне.

Калі для большасці з нас выцінанка – успамін дзяцінства, то для народнага майстра Наталлі Клімко гэта кліч душы. Адраджэннем традыцыйнага мастацтва выцінанкі-выбіванкі жанчына займаецца ўжо 13 гадоў. Яе ажурныя шэдэўры можна пабачыць не толькі на розных выстаўках і фестывалях, але і ў шматлікіх прыватных калекцыях розных краін. У 2014 годзе ўнікальнаму рамяству выцінанкі-выбіванкі быў прысвоены статус нематэрыяльнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Вельмі папулярным у апошні час стаў такі від рукадзелля, як пэчворк або лапікавае шыццё. З дапамогай звычайнай іголкі, ніткі і тканіны майстрыхі ствараюць сапраўдныя шэдэўры лапікавага шыцця. У нашым горадзе таксама ёсць такая рукадзельніца Іна Анікевіч. Самастойна жанчына асвоіла розныя тэхнікі лапікавага шыцця (пэчворк, квілт, аплікацыя). Яе майстэрства з кожным годам удасканальваецца.

Іван Шыман – адзін з тых, хто адраджае традыцыйнае народнае бандарнае рамяство на Навагрудчыне. А шлях да бондарства ў Івана Уладзіміравіча пачаўся ў дзяцінстве. Яшчэ ў школьныя гады, назіраючы за працай свайго дзядулі Івана Лявонцьевіча і бацькі Уладзіміра Іванавіча, юнак заахвоціўся іх рамяством – тады ён навучыўся рабіць просты драўляны посуд (бочкі, дзежкі, цэбры...). З часам дзіцячае захапленне перарасло ў любімую справу жыцця.
Майстры для дзяцей правялі майстар-класы, а таксама конкурсы.

Напрыканцы падарожжа па Цэнтры рамёстваў нельга не адзначыць, што калектыў яго супрацоўнікаў знаходзіцца ў актыўным творчым пошуку. Тут поўным ходам ідзе падрыхтоўка да ўдзелу ў  новых фестывалях і конкурсах, рыхтуюцца вырабы-экспанаты для выставак і экскурсій, святочных дат. А гэта значыць, што з’явяцца новыя творчыя праекты, загучаць новыя імёны і культурная прастора вакол Цэнтра будзе яшчэ больш насычанай, дынамічнай і цікавай, падобнай на казачную.

Вольга Пісар, «НЖ»

Далучайцеся да нашага Telegram-каналу!