Свята пісьмовага слова было ў Навагрудку

Свята пісьмовага слова было ў Навагрудку

Свята пісьмовага слова было ў Навагрудку

05 сентября 2025

Дзень беларускага пісьменства ў гэтыя выхадныя пройдзе ў Лідзе. Для сучасных беларусаў названае свята стала звыклым, бо праводзіцца ўжо 32-і раз. А ў 1990-я гг. яно было зусім новай з’явай у культурным жыцці Беларусі. Адным з першых гарадоў нашай краіны, якому выпаў гонар стаць арганізатарам маштабнага мерапрыемства, стаў у 1996 г. Навагрудак. Сёння ўспамінаем аб тым, як 29 гадоў таму ў нашым горадзе праходзіў ІІІ Дзень беларускага пісьменства і друку.


Падчас святкавання Дня пісьменства і друку ў Навагрудку, 1996 г. (Фота М. Гайба)

Калі ў 1994 г. урад Рэспублікі Беларусь ухваліў прапанову Міністэрства культуры і друку аб заснаванні гэтага свята, то пры выбары яго першага месца правядзення не было ніякіх ваганняў. Канешне ж, ім стаў Полацк – самы старажытны горад краіны і радзіма беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Праз год эстафету падхапіў Тураў, які даў свету вядомага асветніка Кірылу Тураўскага і славутае Тураўскае Евангелле. А пачэснае трэцяе месца ў спісе арганізатараў дасталася Навагрудку.

Пра тое, што ў 1996 г. горад будзе сталіцай свята дзяржаўнага значэння, навагрудчане даведаліся на год раней з публікацыі ў «НЖ» пад назвай «Эстафету прыме Навагрудак». Чытаем: «І гэты выбар заканамерны, ён як даніна шанавання тых старонак беларускай гісторыі, якія напісаны ў нашым краі». У публікацыі ўзгадвалася Лаўрышаўскае Евангелле, друкарня ў Любчы, кнігазбор Храптовічаў у Шчорсах, імёны славутых майстроў слова, народжаных на навагрудскіх прасторах, і рабілася выснова, што Навагрудчына – «унікальная па сваёй значнасці калыска беларускай культуры і пісьменства».

Падрыхтоўка да святкавання пачалася загадзя. Стараліся будаўнікі – іх намаганнямі фасады многіх будынкаў у цэнтры горада расквеціліся нязвыклымі для постсавецкага Навагрудка яркімі фарбамі. Не адставалі прадстаўнікі гарадской і раённай улад, а таксама работнікі культуры. Яшчэ ў сакавіку 1996 г. намеснік старшыні райвыканкама П.В. Мікульчык на старонках «НЖ» сказаў:

– Пакуль у Мінску не створаны Рэспубліканскі камітэт па правядзені Дня беларускага пісьменсва і друку… Але пачынаць работу ў сябе на месцах ужо трэба. Пачатак ёй пакладзены.

Гэтыя словы далі старт раённай эстафеце «Ад мінулага – у сёння і ад сёння – у заўтра вядзе нас друкаванае слова». За некалькі месяцаў яна прайшла па ўсіх сельсаветах раёна, і ў кожным адшукаліся цікавыя старонкі са слаўнай гісторыі беларускага пісьмовага слова.

Дні ў канцы лета – пачатку восені 1996-га ў Навагрудку выдаліся цёплыя і зацішныя. Пры такім спрыянні прыроды ў горад пачалі прыбываць ганаровыя госці: прадстаўнікі ўраду і царквы, вядомыя пісьменнікі і навукоўцы, афіцыйныя прадстаўнікі замежных краін.

І вось над Навагрудкам загучалі званы гарадскіх храмаў. Гэта ўдзельнікі хрэснага ходу неслі Непагасную лампаду духоўнасці ад Свята-Мікалаеўскага сабора да гарадской плошчы.

Там прысутных павіталі мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт, старшыня Навагрудскага гарвыканкама Г.Я. Бака, старшыня Дзяржкамітэта па друку і сустаршыня аргкамітэта свята У.П. Бельскі.


У час афіцыйнага адкрыцця трэцяга Рэспубліканскага свята беларускага пісьменства і друку на плошчы ў Навагрудку. Слова гаворыць  мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт

А потым разгарнулася сапраўднае свята. Каля Дома культуры дарылі асалоду гледачам творчыя калектывы, у парку ладзіліся разнастайныя конкурсы, забавы, віктарыны, паўсюды ішоў ажыўлены гандаль. Бліжэй да цямна эпіцэнтр гулянняў перанёсся на Замкавую гару, дзе адбыўся канцэрт майстроў мастацтва і творчай моладзі.

Наведалі ўдзельнікі ІІІ Дня беларускага пісьменства і друку таксама і Любчу, і Лаўрышава. У Любчы да гасцей і мясцовых жыхароў звярнуліся з прывітаннем старшыня райвыканкама А.В. Ліс і старшыня Любчанскага пассавета А.П. Машчар, і пасля ўзгадванняў пра славутасць любчанскай мінуўшчыны (друкарню Кмітаў XVII стагоддзя) загучаў над пасёлкам гімн Любчы сучаснай – песня на словы былога дырэктара Любчанскай СШ М.М. Карповіча. Пазней прастору над старажытным замчышчам ажывілі гукі выступленняў як прафесійных артыстаў, так і мясцовых аматараў мастацкай самадзейнасці. А народныя ўмельцы парадавалі прысутных разнастайнасцю сваіх вырабаў.

У Лаўрышаве тым часам адбывалася адкрыццё помніка прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму. Яго асвяціў агнём ад Непагаснай лампады сам мітрапаліт Філарэт, які таксама адслужыў кароткую літургію ў мясцовай царкве.

Актыўнымі ўдзельнікамі свята былі і айчынныя навукоўцы. У раённым цэнтры адбылася традыцыйная, пятая па ліку, канферэнцыя «Навагрудскія чытанні» па тэме «Беларускае пісьменства і друк на Навагрудчыне», у Любчы – канферэнцыя «З гісторыі асветніцтва. Роля старажытнага Навагрудка і манастыроў». Паўдзельнічаць у гэтых мерапрыемствах палічылі за гонар вядомыя вучоныя, якія родам з нашых мясцін: В.А. Чамярыцкі, А.М. Булыка, У.М. Конан. Яшчэ адна значная падзея адбылася ў горадзе напярэдадні свята: прэзентацыя многім сёння вядомай і папулярнай гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Навагрудскі раён».

Урэшце, надышоў канец двухдзённых святкаванняў. Задаволеныя і крыху засмучаныя заканчэннем навагрудчане разыходзіліся з вуліц, развітваліся са старажытным Навагрудкам шматлікія госці, а ў правы гасціннага гаспадара свята, якое ўжо станавілася добрай традыцыяй, уступаў такі ж багаты гістарычнымі славутасцямі Нясвіж.

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok | 

Аўтар: Віктар Свёкла, «НЖ»