Сцяна супрацьстаяння

Сцяна супрацьстаяння

13 октября 2022 405

У кастрычніку мінулага года польская ўлада прыняла закон аб будаўніцтве загараджальнага плота, які праходзіць праз тэрыторыю Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». У гэтым дакуменце ёсць пункт 6, у адпаведнасці з якім на дадзенае збудаванне не распаўсюджваюцца ніякія нарматыўныя прававыя акты, у тым ліку і прыродаахоўныя. А між тым Белавежская пушча мае статус Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Скандал сусветнага маштабу
Пачалося маштабнае ўзвядзенне канструкцыі 5 метраў у вышыню і працягласцю 60 км па тэрыторыі лясоў Белавежскай пушчы. У выніку разгарнуўся сусветны скандал, але Польшча не рэагавала на грамадскае меркаванне.
2 кастрычніка сталя вядома, што будаўніцтва агароджы завершана. Яна працягнулася на 187 км на мяжы з Рэспублікай Беларусь. Такое рашэнне суседняя краіна прыняла, каб засцерагчы сваю тэрыторыю ад наплыву мігрантаў. Але будаўніцтва агароджы закранае не толькі пытанне нелегальнай міграцыі, але і пытанне экалагічнае.

У тэму
Белавежская пушча – унікальны аб’ект, размешчаны на тэрыторыі дзвюх дзяржаў. Да моманту будаўніцтва агароджы гэта быў адзіны прыродны комплекс. І гэта не проста запаведнік, а апошні ў Еўропе буйны масіў, дзе засталіся рэшткі рэліктавага першабытнага раўніннага лесу, які ў дагістарычныя часы рос на тэрыторыі практычна ўсёй Еўропы. Паводле ацэнак беларускіх навукоўцаў, у найбліжэйшы час абмежаваная міграцыя жывёл прывядзе да скарачэння разнастайнасці жывёльнага і расліннага генафонду. Можа разбурыцца ўся біялагічная і ландшафтная разнастайнасць, адбудзецца трансфармацыя натуральных прыродных працэсаў. Пабудаваны плот на беларуска-польскай мяжы перашкаджае свабоднаму перамяшчэнню дзікіх жывёл. У іх больш не будзе магчымасці мігрыраваць і наведваць пашы, размнажацца. У недалёкай будучыні гэта можа прывесці да негатыўных і непапраўных экалагічных наступстваў.

Камітэт дзяржкантролю Беларусі праводзіць праверку па пытаннях захаванасці і развіцця Белавежскай пушчы. Фонд абароны дзікай прыроды таксама выказаў занепакоенасць ЮНЕСКА.

Але ніякія лагічныя довады простых людзей і навукоўцаў не спрацавалі – за масіўным плотам хаваецца непрабіўная ўпэўненасць польскіх улад у праваце сваіх рашэнняў. Нягледзячы ні на што, з польскага боку ўсё законна. Яшчэ ў лістападзе 2021 года прэзідэнт гэтай краіны Анджэй Дуда падпісаў дакумент, дзе гаворыцца, што на будаўніцтва памежных бар’ераў закон аб ахове навакольнага асяроддзя не распаўсюджваецца.

Такія адносіны ўскалыхнулі сусветную навуковую супольнасць. Больш за 700 замежных навукоўцаў накіравалі петыцыю ў Еўракамісію.

Нават па самых сціплых падліках, на будаўніцтва гэтай агароджы патрачаны мільёны долараў. Але справа не ў грашах, тым больш чужых, узятых з кішэні польскіх падаткаплацельшчыкаў, а ў тым, што гэтае інжынернае збудаванне наносіць непапраўную шкоду навакольнаму асяроддзю. Ці варта яно таго і дзе заканчваюцца межы гуманных адносін да прыроды?

Меркаванні
Павел КРАЙНІК, начальнік гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:
– Практычна на нашых вачах польскія ўлады знішчаюць Белавежскую пушчу. Яны не задумваюцца аб тым, што гэты ўнікальны запаведнік з’яўляецца не толькі нацыянальным здабыткам Беларусі: на тэрыторыі польскай часткі пушчы размяшчаецца Белавежскі нацыянальны парк, дзе, акрамя высакароднага аленя, казулі, лася і іншых прадстаўнікоў фаўны, знаходзіцца сімвал Белавежскай пушчы – зубр, занесены ў Міжнародную Чырвоную кнігу.
Вядома, што калісьці зубры маглі знікнуць увогуле з твару зямлі, а лясы Белавежскай пушчы сталі іх апошнім месцам знаходжання. І што цяпер, гісторыя можа паўтарыцца? Стальны плот вышынёй больш за пяць метраў з калючым дротам наверсе супярэчыць усім прынцыпам захавання ўнікальнага прыроднага аб’екта ў яго натуральным стане і можа стаць сапраўднай экалагічнай катастрофай. Аб гэтым трэба гаварыць ва ўсю сілу, бо відаць, што ўрад Польшы з-за нейкіх палітычных амбіцый забыў пра братоў нашых меншых.

Кацярына ЛІТВІН, дырэктар дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Свіцязянскі»:
– Сітуацыя, якая склалася на мяжы з Польшчай, стварае праблемы не толькі людзям, але і ўзводзіць штучныя бар’еры, непераадольныя для жывёл. Ці можам мы быць абыякавымі, калі ў выніку чалавечай дзейнасці, асабліва з такім варварскім падыходам з боку Польшчы, парушаецца жыццё жывёл у звыклым для іх асяроддзі. Не толькі беларускія вучоныя, эколагі, а і навукоўцы, грамадскія дзеячы з польскага боку таксама выступаюць у абарону жывёл, супраць штучна ўзведзенай агароджы на мяжы. Хочацца верыць, што сумеснымі намаганнямі мы зможам дамагчыся станоўчых вынікаў. Няўжо палякі такія багатыя і ў іх няма больш ніякіх праблем, каб мільёны еўра накіроўваць на бяздумныя праекты, чым пусціць на сацыяльныя патрэбы, ці на ахову прыроды, а не на яе разбурэнне.

А. ЕРМАКОВА, «НЖ».