Праект «Бацькаўшчына». Ведай мінулае, любі сучаснае, думай пра будучыню

Праект «Бацькаўшчына». Ведай мінулае, любі сучаснае, думай пра будучыню

11 февраля 2022 1768

Міністэрства інфармацыі сумесна з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым рэалізуе праект «Бацькаўшчына», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці.

Праект ставіць перад сабой вельмі важную задачу – вывучыць, захаваць і папулярызаваць гістарычную спадчыну беларускага народа. Ён мае важнае значэнне для ўмацавання іміджу Беларусі – моцнай, суверэннай, стваральнай краіны з багатым гістарычным мінулым.

Старт быў дадзены ў пачатку 2022 года выпускам аднайменнага вечнага календара, у якім прадстаўлены архітэктурныя помнікі і гістарычныя аб’екты, якія знаходзяцца або былі размешчаны ў Беларусі і не захаваліся да сённяшняга часу.

Рэдакцыя газеты «Новае жыццё» падтрымала праект і прапануе чытачам даведацца пра гістарычную спадчыну Навагрудчыны. На працягу года на сайце і на старонках газеты будуць размяшчацца архіўныя матэрыялы, музейныя фатаграфіі, архітэктурныя аб’екты. Вы ўбачыце, як мяняецца наш горад і, нягледзячы на амаль тысячагадавую гісторыю, маладзее і прыгажэе з кожным годам. А таксама даведаецеся і ўбачыце, як мяняюцца многія населеныя пункты раёна. Упэўнены, што вам будзе цікава і пазнавальна.

Уладзімір Ліхадзедаў добра вядомы гісторыкам і знаўцам гісторыі сваёй Айчыны як калекцыянер. Ён з’яўляецца аўтарам кнігі «Навагрудак. Падарожжа ў часе». У гэтай кнізе сабраны паштоўкі стагадовай даўніны, якія даюць магчымасць убачыць Навагрудак вачыма нашых продкаў.

Уладзімір Ліхадзедаў – ураджэнец старажытнага горада Полацка. Ён шырока вядомы ўсім аматарам гісторыі не толькі ў Беларусі. Уладзімір Аляксеевіч – аўтар 35 кніг-альбомаў, большасць з якіх станавіліся лаўрэатамі нацыянальных і міжнародных конкурсаў. Кнігі выдаваліся на беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, французскай, польскай, арабскай і турэцкай мовах. Многія з іх сталі бібліяграфічнай рэдкасцю.

Навагрудчына – асаблівы край. Гісторыя тут цесна пераплятаецца з сучаснасцю. На працягу стагоддзяў Навагрудак быў важным дзяржаўна-палітычным, рэлігійна-культурным цэнтрам, першай сталіцай узыходзячай тады дзяржавы еўрапейскага ўзроўню – Вялікага Княства Літоўскага. Сведкамі славутай гісторыі Навагрудскага краю з’яўляюцца шматлікія помнікі археалогіі, гісторыі, архітэктуры.

Навагрудак цікавы для турыстыстаў з розных краін. Пакланіцца святыням Навагрудскага краю, памяці славутых землякоў прыязджаюць госці з блізкага і далёкага замежжа.

Час імкліва бяжыць, і толькі шматлікая колькасць старых фотаздымкаў захоўвае маўклівую праўду аб мінулым і абуджае жаданне зразумець той час і тых людзей, якія ўзіраюцца з пажоўклых фатаграфій ў будучыню.