Праект «Бацькаўшчына». Рыначная плошча – месца ў цэнтры горада, дзе сходзяцца восем вуліц Навагрудка

Праект «Бацькаўшчына». Рыначная плошча – месца ў цэнтры горада, дзе сходзяцца восем вуліц Навагрудка

26 апреля 2022 1136

Даследчыкі лічаць, што Навагрудак у XVI – XVII стст. адносіўся да эканамічна моцных беларускіх гарадоў з развітай рамеснай вытворчасцю. А гэта непасрэдным чынам звязана і з развіццём гандлю.

Рыначная плошча – месца ў цэнтры горада, куды сходзіліся дарогі, якія вялі з Мінска, Вільні, Гародні. Акрамя гэтага, восем вуліц Навагрудка таксама сходзіліся да цэнтральнай плошчы.

Акрамя звычайных кірмашоў, у Навагрудку праводзіліся «агульнадзяржаўныя кантракты» – кантрактавыя кірмашы ВКЛ. Заключэнне вялікай колькасці дамоў на такіх кірмашах тлумачылася тым, што на іх з’язджаліся «прадаўцы» і «пакупнікі» з усёй дзяржавы: у Мінск і Новагародак – з усяго ВКЛ, у Дубну – з Польшчы.

Па дадзеных канца XVIІ – пачатку XVIII ст. у Новагародку «каморы крамныя» знаходзіліся на рынку і размяшчаліся як па яго перыметры ў дамах мяшчан, так і пасярод рынку ў гандлёвых радах. У сярэдзіне радоў знаходзіліся вялікія крамы, каля іх меншыя. Гандлёвыя рады былі агароджаны і мелі ўваход праз вароты насупраць ратушы. У XVIІ ст. крамамі ў Новагародку валодалі не толькі новагародскія мяшчане, але і мінскія, і нават мяшчане з Львова.

Пры пабудове новых крам трэба было кіравацца распараджэннямі магістрата. Пабудова крам без дазволу магістрата каралася канфіскацыяй ці разбурэннем будынка.

Вялікае значэнне для развіцця горада меў яго дзяржаўнаадміністрацыйны статус як цэнтра ваяводства – «месца сталічнае» і месца правядзення Трыбунала ВКЛ. На Трыбунал з’язджалася шляхта з усяго ВКЛ са сваімі прыхільнікамі, слугамі, сведкамі і г.д., што значна павышала колькасць патэнцыяльных пакупнікоў тавараў і карыстальнікаў паслуг, якія прадстаўляліся мяшчанамі Новагародка. Так, у палацы Радзівілаў у Новагародку былі абсталяваны крамы, якія здаваліся ў арэнду купцам. Крамы былі мураванымі, мелі печы з цэглы, коміны «навылёт», вокны са шкла і г.д. Паводле падлікаў радзівілаўскіх камісараў, за 1759 год усяго з арэнды гэтых крам Радзівілы атрымалі даход у памеры 2080 злотых.

На гарадскім рынку прадаваліся не толькі тавары, вырабленыя гарадскімі, у першую чаргу цэхавымі рамеснікамі, але таксама і прадукцыя сельскіх рамеснікаў, сялян.

У першай палове ХІХ ст. у Навагрудку праходзілі два кантракты: 19-23 сакавіка і на 11-ты тыдзень пасля Вялікадня (дзесятуха). Гандаль вёўся шаўковымі і льнянымі тканінамі, посудам, бакалейнымі таварамі, рыбай, медным посудам. З іншаземных вырабаў сустракаліся гарбата, турэцкі тытунь, віно «на французскі манер». Пэўнае месца адводзілася аптоваму продажу хлеба, гарэлкі, шэрсці і смалы.

Кантракты былі спрыяльным часам для знаёмства маладых асоб, заключэння шлюбаў. Бацькі спецыяльна пасылалі сваіх сыноў на кантракты, бо ведалі, што там збіралася навакольная эліта. Такая сітуацыя існавала да 1863 года. Пасля паўстання кантракты пачалі затухаць, не маючы ўжо былога размаху.


Гандлёвыя рады

На Гандлёвай плошчы, якая стабільна захоўвала сваю тапаграфію на працягу ўсёй гісторыі горада, ва ўсе часы існавалі крамы. Апошнія былі пабудаваны ў 1812 годзе ў стылі класіцызму па тыпу так званых гандлёвых радоў. Рытмічна паўтораныя гандлёвыя ячэйкі ўтваралі ў плане выцягнуты трапецыяпадобны мураваны будынак з галерэяй на галоўным паўднёвым фасадзе, арыентаваным да плошчы. Галерэю ўтварала строгая і манументальная каланада, якая надавала будынку выразны архітэктурны вобраз. Гэты вобраз значна быў сапсаваны перабудовай помніка ў 1960-я гады: зменена ўнутраная планіроўка і форма даху, каланада была абліцавана пліткай.