Праект «Бацькаўшчына». Навагрудак у міжваенны перыяд

Праект «Бацькаўшчына». Навагрудак у міжваенны перыяд

Праект «Бацькаўшчына». Навагрудак у міжваенны перыяд

11 августа 2022 872

Яшчэ напярэдадні афіцыйнага ўключэння Заходняй Беларусі ў склад Польшчы Навагрудак быў абраны цэнтрам Навагрудскага ваяводства. Яно было арганізавана 4 лютага 1921 г. і першапачаткова ўключала ў сябе 11 паветаў. У ліпені 1921 г., у выніку новага адміністрацыйнага падзелу, чатыры паветы былі перададзены ў склад Віленскага ваяводства. На пачатку 1930-х гг. Навагрудскае ваяводства ахоплівала 22 966,2 кв км і па памеры ў Польшчы займала дзясятае месца. Ваяводства налічвала 8 паветаў (да выдзялення ў 1929 г. са складу Лідскага павета Шчучынскага – іх было 7), у тым ліку і асобны Навагрудскі з цэнтрам у Навагрудку.

Паводле дадзеных перапісу насельніцтва ў 1921 г. у Навагрудку пражывала 6367 чалавек (3032 мужчыны, 3335 жанчын). З іх: 3063 палякі, 2447 яўрэяў, 679 беларусаў, 4 немцы і 174 прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. За час паміж правядзеннем перапісаў 1921 і 1931 гг. натуральны прырост насельніцтва склаў 50,3 %. У 1931 г. у Навагрудку пражывала 9567 жыхароў, з якіх 50 % складалі яўрэі, 25 % – палякі, 20 % – беларусы, 5 % – татары і інш. Цікава, што наш горад у гэты час займаў 47-е месца сярод 181 горада на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны і 4-е месца сярод гарадоў ваяводства (пасля Баранавічаў, Ліды і Слоніма). Напярэдадні Другой сусветнай вайны колькасць жыхароў Навагрудка дасягнула 14 тыс. чалавек.

У адзначаны перыяд у Навагрудку было 7 невялікіх па памеры прыватных прадпрыемстваў (лесапільня, сталярная і слясарная майстэрні, прадпрыемства па вырабу кафлі, валюшная фабрыка, пякарня і друкарня), 8 шавецкіх майстэрань, 2 цырульні, 2 буйныя крамы з кандытарскімі вырабамі (кааператыўная змяшчалася на Рыначнай плошчы, прыватная, Левіна, – на вул. Міцкевіча).

Міжваенны Навагрудак быў вядомы вырабам будаўнічых матэрыялаў, у першую чаргу цэглы. Але памеры вытворчасці былі далёкімі ад задавальнення нават патрэб ваяводства. Пэўны стымул у развіццё вытворчасці ў другой палове 1930-х гг. унесла дзейнасць Рамеснага дома, па ініцыятыве якога ў горадзе была праведзена канферэнцыя рамеснікаў, некалькі сходаў і пачата праца па стварэнні сыравіннага кааператыва для застройшчыкаў і шаўцоў.

Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага становішча і нацыянальнай структуры насельніцтва горада абумовілі даволі спецыфічныя рысы яго грамадска-палітычнага жыцця. З аднаго боку, партыі і грамадскія арганізацыі Заходняй Беларусі намагаліся стварыць у ваяводскім цэнтры свае рэгіянальныя суполкі і падтрымлівалі іх актыўнасць. З другога боку, у сувязі з адсутнасцю ў Навагрудку значных прамысловых прадпрыемстваў і ў цэлым малой колькасці яго насельніцтва, не гаворачы ўжо аб палітычна актыўных працоўных, грамадска-палітычнае жыццё ў горадзе не вызначалася гучнымі палітычнымі акцыямі.

Аднак навагрудская турма ў міжваенны перыяд стала адным з нешматлікіх асяродкаў сапраўднай сацыяльнай напружанасці. Асаблівы рэзананс у грамадстве выклікалі падзеі вясны-лета 1932 г., што ў многім было абумоўлена наступствамі падаўлення сялянскага выступлення ў в. Асташына Навагрудскага павета. На пачатак ліпеня 1932 г. тут утрымлівалася 250 палітзняволеных, а 8 ліпеня на тэрыторыі турмы адбылося смяротнае пакаранне чатырох арганізатараў выступлення: І. Бахара, А. Гаўраша, А. Мальца, В. Стасевіча. У дзень пакарання па турме пракацілася хваля пратэсту, але выступленне было жорстка падаўлена турэмнай аховай.

Своеасаблівае адценне ў грамадска-палітычнае жыццё ў міжваенны перыяд уносіла дзейнасць яўрэйскіх і татарскіх нацыянальных арганізацый.

Таксама Навагрудак гэтага часу ўяўляў сабой не што іншае, як відавочнае ўвасабленне традыцыйнай беларускай рэлігійнай і нацыянальнай цярпімасці. Яўным доказам талерантнага суіснавання ў горадзе прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей і канфесій з’яўляўся не толькі ўдзел гараджан незалежна ад іх рэлігійнай і нацыянальнай прыналежнасці ў мясцовых святах і вечарынах для моладзі, але і значная колькасць культавых устаноў, большасць з якіх была пабудавана ці рэканструявана ў міжваенны час.


У былым палацы Радзівілаў у 1920-1930-я гг. размяшчалася адміністрацыя Навагрудскага павета. З тыльнага боку будынка размяшчалася друкарня, а на другім паверсе размяшчалася пачатковая школа імя А. Пірамовіча, якая была створана яшчэ ў 1918 г. М. Вяржбоўскай (праіснавала да 1939 г.).
Палац Радзівілаў быў самым прыгожым будынкам на гарадской плошчы да 1941 г. Пры бамбардзіроўцы Навагрудка 28 чэрвеня 1941 г. ён быў разбураны, а затым разабраны.


Яўрэі Навагрудка не былі ізаляваны ад астатніх жыхароў горада. Яны жылі ў цесным суседстве з хрысціянамі і мусульманамі. Хоць узаемапранікнення культур не адбылося, асаблівасцю Навагрудка з’яўляецца тое, што за ўсю гісторыю існавання навагрудскай яўрэйскай абшчыны не было пагромаў або іншых канфліктаў на рэлігійнай і нацыянальнай глебе.
Адразу за будынкам касцёла св. Міхаіла па вул. Касцёльнай знаходзілася сінагога, якая займала будынак барочнага стылю, згодна з гістарычнымі згадкамі, пабудаваны яшчэ ў 1648 г. караімамі і пазней выкуплены яўрэйскай абшчынай.


Асобную ролю ў жыцці горада адыгрывалі татары. Займаліся яны пераважна агародніцтвам, рамяством (пераважна апрацоўкай скур), працавалі ў розных установах. У горадзе ім належалі пабудаваная ў 1855 г. маёрам А. Асановічам на месцы былой разбуранай драўляная мячэць па вул. Пілсудскага (сёння вул. Леніна), рэлігійная школа, народны дом. Сваіх нябожчыкаў татары хавалі на асобных татарскіх могілках, якія размяшчаліся ўздоўж вул. Татарскай (сёння вул. Інтэрнацыянальная).
Мячэць у Навагрудку – татарская святыня, якая прадстаўляе вялікую каштоўнасць і па праве ўваходзіць у спіс культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.


Стварэнне сімвалічнага Кургана Міцкевіча стала значнай падзеяй у Навагрудку. Святочныя мерапрыемствы па закладцы сімвалічнага кургана адбыліся 24 мая 1924 г. на Малым замку. Быў зачытаны напісаны на пергаменце акт аб закладцы, які пасля быў змешчаны ў алавяную скрынку і пакладзены ў аснову будучага помніка. Першую жменю зямлі кінуў кіраўнік Міцкевічаўскага камітэта (створаны ў студзені 1924 г. з мэтай увекавечыць памяць А. Міцкевіча ў родным горадзе) прафесар С. Вайцехоўскі, а за ім жыхары Навагрудка, прадстаўнікі паветаў ваяводства. Пасля да справы далучыліся многія турысты, а тыя, хто не мог прыехаць асабіста, дасылалі зямлю поштай. У 1931 г. Курган Міцкевіча афіцыйна перадалі пад апеку гарадской улады. Вышыня гэтага помніка склала 17 м, дыяметр асновы – 30 м.


1 верасня 1939 г. пачалася Другая сусветная вайна нападзеннем гітлераўскай Германіі на Польшчу. Зыходзячы з сітуацыі, 17 верасня 1939 г. савецкі ўрад прыняў рашэнне аб уступленні войск Чырвонай арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. А ўжо 2 лістапада 1939 г. пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла Закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднання яе з БССР. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны заставалася зусім мала часу.



Присоединяйтесь к нашему Telegram-каналу!