Праект «Бацькаўшчына». Навагрудак – павятовы горад

Праект «Бацькаўшчына». Навагрудак – павятовы горад

17 мая 2022 1012

Уключэнне Навагрудчыны ў склад Расійскай імперыі (1795 г. у выніку апошняга падзелу Рэчы Паспалітай) наклала адметны адбітак на ўвесь далейшы ход развіцця горада Навагрудка як адміністрацыйнага, гандлёвапрамысловага і сацыякультурнага цэнтра. Царскі ўрад імкнуўся ўніфікаваць беларускія землі на ўзор расійскіх – як па адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле ўсёй тэрыторыі (паветы, правінцыі, губерні, генералгубернатарствы), так і ў губернскапавятовым кіраванні.

Навагрудак стаў цэнтрам павета спачатку Слонімскай, потым Літоўскай, Гродзенскай і, нарэшце, Мінскай губерні. У такім статусе ён заставаўся па працягу ўсяго перыяду знаходжання ў складзе Расійскай імперыі. У 1845 г. быў зацверджаны герб горада як павятовага цэнтра Мінскай губерні.

У горадзе з-за асаблівасцей рэльефу гістарычна склалася няправільная радыяльна-кальцавая сетка вуліц са складанымі трасамі. Да гандлёвай плошчы сыходзіліся 8 вуліц. Згодна з планамі 1809 і 1810 гг., гэта Францысканская, Базыльянская, Замкавая, Кавальская, Старатраецкая, Слонімская, Валеўская, Яўрэйская. Пазначаны на гэтых планах і Дамініканскі завулак. На працягу ХІХ ст. назвы вуліц неаднаразова мяняліся і толькі некаторым з іх удалося захаваць сваю былую назву. Паводле даных за 1912 г., ад Гандлёвай плошчы адыходзілі Гродзенская, Царкоўная, Замкавая, Сямёнаўская, Мінская, Іванаўская, Яўрэйская і Міхайлаўская вуліцы.
І толькі ў 1872 г. Навагрудак атрымаў зацверджаны план далейшага развіцця. Але гэты план не быў дасканалым: ён не ўлічваў рэльеф горада і патрабаваў зносу гістарычнай забудовы.

Адсутнасць стратэгічнага плана забудовы горада не перапыняла яго рост. Праўда, адбывалася гэта галоўным чынам сумбурна, без пашырэння тэрыторыі горада, што выклікала вялікую скучанасць.
Будынкі Навагрудка ў большасці былі драўлянымі. Шмат разоў на працягу ХІХ ст. горад цярпеў ад пажараў, што наносіла вялікія страты і яму, і яго жыхарам. Менавіта так здарылася і ў 1831 г. У ноч з 27 на 28 жніўня ў адным з аданапавярховых дамоў па вул. Францысканскай загарэўся дах. Сітуацыя была вельмі складанай, бо ў выніку пажару згарэла і драўляная пабудова, дзе захоўваліся пажарныя інструменты. Пашкоджаны быў будынак гарадской ратушы з башняй, будынкі, дзе размяшчаліся ніжні земскі суд, канцылярыя і інш. Пацярпелі касцёл і кляштар дамініканаў, корчмы, дамы для прыезджых і 47 жылых дамоў, якія знаходзіліся на вуліцах Гродзенскай, Валеўскай, Рацаўлянскай, Яўрэйскай. Страты, панесеныя горадам у выніку гэтага пажару, дасягнулі астранамічнай па тым часе сумы – 255.503 руб. Прычына пажару так і не была ўстаноўлена.

Паступова стаў разбурацца і пераўтварыўся ў руіны княжацкі замак – сэрца горада, гонар зямлі Навагрудскай. На пачатку стагоддзя яшчэ захоўваліся рэшткі трох башняў: Шчытоўкі, Касцёльнай і Дазорнай. У 1802 г. гродзенскі губернатар Бенігсен даў дазвол на разбор умацаванняў замка для брукавання вуліц горада. Да 1860-х гг. захаваліся ўжо толькі дзве башні. У 1906 г. абвалілася Касцельная башня, у час Першай сусветнай вайны – звернутая да горада сцяна Шчытоўкі.