
На творчым вечары гучалі выдатныя вершы, казкі, апавяданні, загадкі, прыгожыя замалёўкі ў выкананні аўтараў.
Людміла Антонаўна Кебіч – вядомая паэтэса, аўтар кніг і шматлікіх зборнікаў вершаў (у тым ліку і для дзяцей), а таксама зборнікаў песень, сярод якіх гімн Гродзенскага ФК «Нёман», напісаныя ў супрацоўніцтве з беларускімі кампазітарамі. Яна старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення «Саюза пісьменнікаў Беларусі», двойчы (2002, 2022 гг.) стала лаўрэатам прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва», «Чалавек года Гродзеншчыны ў грамадска-палітычнай сферы за 2013 год», пераможца рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2009 года ў намінацыі «Песенны жанр» за цыкл песень «Словы прызнання» – «Залаты купідон». Узнагароджана медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».
На працягу ўсёй творчай сустрэчы навагрудчане маглі атрымаць асалоду ад мілагучнасці роднай беларускай мовы, на якой піша свае творы аўтар, бліскучасці і дасканаласці паэтычнага слова, цеплыні і шчырасці, якія панавалі ў зале.
З вялікай цеплынёй і адкрытасцю Людміла Антонаўна дзялілася са слухачамі ўспамінамі і яркімі старонкамі свайго жыцця і творчай біяграфіі, расказала і як з’явіліся яе першыя вершы яшчэ ў дзіцячыя школьныя гады. Убачылі свет яны ў газетах «Зорка», «Піянер Беларусі». Шчырасць, дабрыня, прыгажосць душы, абаянне, прастата і жыццёвая энергія – усе гэтыя якасці гарманічна спалучаюцца ў паэтэсе. Як прызналася жанчына, па жыцці яе вядуць паэзія і музыка.
З захапленнем вучні малодшых класаў слухалі выступленне яшчэ адной пісьменніцы, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ірыны Салаты. І нездарма, бо Ірына Аркадзьеўна – аўтар твораў для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Дзеці даведаліся пра першыя спробы пяра аўтара, узнагароды за ўдзелы ў конкурсах, пра ўнукаў, якія натхняюць на напісанне твораў. Вучні разам з аўтарам вандравалі па старонках яе кніг: «Мой край лясны – мая Радзіма», «Акварэлі пачуццяў», «Вясновыя адкрыцці Ганначкі і Кастусіка» і інш. Таксама вучні пазнаёміліся з цудоўным светам забаўляльных, абярэгавых і абрадавых лялек, даведаліся пра іх паходжанне і прызначэнне.
Падчас мерапрыемства дзеці задавалі Ірыне Аркадзьеўне пытанні, на якія яна з задавальненнем адказвала.
Напрыканцы змястоўных і цікавых сустрэч усе ўдзельнікі маглі атрымаць кнігі з аўтографамі пісьменніц, сфатаграфавацца з гасцямі на памяць. Таксама ў бібліятэцы была аформлена кніжная выстаўка, якая папоўнілася выданнямі аўтараў.
Вольга Пісар, «НЖ»
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |