Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш

Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш

Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш

03 ноября 2024 245

«Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш», - пісаў класік беларускай літаратуры Якуб Колас. Згодныя з яго меркаваннем і вучні 6 класаў Дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа №3 г. Навагрудка імя В.Г. Гаховіч», якія ў першы дзень канікул выбралі для сябе дарогу ў дом, дзе жыў Народны пісьменнік. Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа – гэта гасцінны асяродак, дзе супрацоўнікі рады ўсім наведвальнікам і заўсёды гатовы падзяліццца змястоўнай і цікавай інфармацыяй. Так вучні змаглі пабачыць, як жыў Канстанцін Міхайлавіч, дакрануцца да асабістых рэчаў класіка, удыхнуць атмасферу літаратурнай прасторы.


Наступнай кропкай падарожжа стаў Мінскі заапарк. Уразіла вялікая колькасць экзатычных жывёл. У спецыяльным будынку можна было патрапіць у афрыканскую савану, дзе лётаюць папугаі і адразу ж пад нагамі у невялічкіх сажалках жывуць чарапахі. Панарамныя акварыумы пераносяць ў марскую прастору з мноствам вялікіх рыб, за якімі вельмі цікава назіраць. А яшчэ малпы, тыгры, леапарды, ільвіца… Дзеці кожны раз, падыходзячы да новай лакацыі, з заміраннем углядаліся, хто там жывё і чым ён зараз займаецца.

Але асабліва хвалюючым стала наведванне дэльфінарыума «Нэма», які якраз знаходзіцца на тэрыторыі заапарка. Усім вядома, што дэльфіны маюць высокі інтэлект, яны здольныя вучыцца, помніць і апрацоўваць інфармацыю, як людзі. Таму і было цікава назіраць за гэтымі марскімі жыхарамі падчас прадстаўлення. Дэльфіны гулялі з гледачамі ў мяч, круцілі хулахупы. Калі яны ўзнімаліся высока над паверхняй вады, воклічы захаплення чуліся з усіх бакоў.

Вучні Сярэдняй школы №3 г.Навагрудка імя В.Г.Гаховіч з юнацкіх гадоў ведаюць, што кожны сам для сябе выбірае дарогу. І вельмі добра, калі яна поўная новых адкрыццяў і запамінальных шчаслівых момантаў, якія і складаюць наша жыццё.




Дар’я Аляксандраўна Каравай, настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі Сярэдняй школы №3 імя В.Г.Гаховіч г. Навагрудка

Анастасія Анатольеўна Сідарчук, настаўнік англійскай мовы Дзяржаўнай установы адукацыі Сярэдняй школы №3 імя В.Г.Гаховіч г. Навагрудка

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |