Факультэту журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта 1 лістапада гэтага года споўнілася 80 гадоў. Яго стваральнікам і першым дэканам быў наш зямляк кандыдат філалагічных навук, дацэнт Уладзімір Ігнатавіч Ліс.
Талент з вёскі Концавічы
Нарадзіўся Уладзімір Ліс 134 гады таму 25 чэрвеня 1890 года ў вёсцы Концавічы. Ён закончыў царкоўна-прыхадскую школу і ў 1906 г. пачаў працаваць прыватным рэпетытарам у Навагрудку, а з 1909 па 1916 гг. быў народным настаўнікам у вёсцы Лукі. У гэты час ішла Першая сусветная вайна, і вялікая колькасць беларусаў стала бежанцамі. Падаўся з роднай Беларусі і Уладзімір Ліс. Бежанскія шляхі прывялі яго ў Грузію. У 1916 г. ён стаў слухачом настаўніцкага інстытута ў Тыфлісе. У тым жа годзе У. Ліс вырашыў пераехаць у Маскву і паступіў на славесна-гістарычнае аддзяленне Маскоўскага педінстытута.
Пасля заканчэння інстытута ў 1919 г. У. Ліс на працягу дваццаці гадоў працаваў у розных навучальных установах Масквы. Ва ўмовах савецкай рэчаіснасці фарміраваўся вобраз маладога чалавека, вучонага і педагога. З 1939 па 1941 гг. У. Ліс загадваў кафедрай Усесаюзнага інстытута прамысловасці, а з 1941 па 1943 гг. вучыўся ў аспірантуры Маскоўскага педінстытута і падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю.
1 кастрычніка 1943 г. У.І. Ліс звярнуўся з пісьмом у Наркамат асветы БССР. «У сувязі з прыбліжэннем моманту поўнага вызвалення роднай Беларусі ад фашысцкіх акупантаў, – пісаў ён, – прапаную свае паслугі для работы па спецыяльнасці ў адной з вышэйшых навучальных устаноў БССР. Лепш за ўсё ў Баранавіцкім педінстытуце. Я родам з Баранавіцкай вобласці. (У той час у яе ўваходзіў Навагрудскі раён). Беларус па нацыянальнасці. Ведаю рускую, польскую, украінскую, беларускую мовы. Магу працаваць дэканам. Свае веды і вопыт хацеў бы поўнасцю аддаць на служэнне беларускаму народу. Масква. Кузнецкі мост. 2/6, кв. 14». Рэктар БДУ запрасіў У.І. Ліса на перамовы, і ў кастрычніку 1944 г. ён напісаў заяву: «Рэктару БДУ. Згодна з дамоўленасцю з Вамі прашу аформіць загадам і прызначыць мяне дэканам факультэта журналістыкі». На заяве ўтрымліваецца рэзалюцыя рэктара БДУ П. Савіцкага: «Залічыць з 15.9.44». Так быў прызначаны першы дэкан першага на тэрыторыі Савецкага Саюза факультэта журналістыкі.
Творчы факультэт у alma mater
У. Ліс прыйшоў на пасаду дэкана ў выніку таго, што ў 1944 г. па пастанове ЦК ВКП(б) было вырашана арганіза ваць падрыхтоўку журналісцкіх кадраў у Беларусі і адкрыць для рэалізацыі гэтай мэты факультэт у БДУ. Гэта мела важнае стратэгічнае значэнне і было прызвана вырашыць некалькі дзяржаўных і грамадскіх задач. Тэрыторыя Беларусі была ачышчана ад фашыстаў, і распачалася мірная праца беларускага народа па ліквідацыі наступстваў вайны. Гаспадарчае, палітычнае і культурнае аднаўленне патрабавала шырокай інфармаванасці насельніцтва аб галоўных задачах дзяржавы і грамадства.
Перад дэканам паўсталі складаныя задачы. Быў распрацаваны вучэбны план «з улікам адлюстравання спецыфічных умоў нашага нацыянальнага беларускага ўніверсітэта», – пісаў дэкан факультэта. Такі высокі ўзровень педагагічнай падрыхтоўкі быў у нашага земляка і тонкае адчуванне грамадскай важнасці журналісцкай прафесіі. «Наш савецкі журналіст, – сцвярджаў У. Ліс у газеце «Звязда» 18 ліпеня 1945 г., – павінен быць высокакультурным, усебакова адукаваным чалавекам, дастойным удзельнікам будаўніцтва новага грамадства, новай сацыялістычнай культуры».
Другая адказная справа – набор студэнтаў. Інфармацыі аб прафесіі журналіста фактычна не было. Патрэбна было наладзіць сувязь з грамадствам праз партыйныя і камсамольскія органы, рэдакцыі газет і радыё, каб запрасіць на вучобу здольных маладых людзей. Акрамя таго, было вырашана адразу набраць студэнтаў на першы і другі курсы. Ад гэтага ўсе праблемы падвойваліся. На першы курс было залічана 28 студэнтаў. Вучыцца прыйшлі дэмабілізаваныя салдаты і партызаны, маладыя людзі, якія ў даваенныя часы закончылі школу. У некаторых студэнтаў, якіх залічылі на факультэт, не было сярэдняй адукацыі, і яны паралельна з заняткамі ва ўніверсітэце вучыліся ў школе, каб атрымаць атэстат сталасці. На другі курс было залічана 18 студэнтаў з ліку тых маладых людзей, якія вучыліся, але не закончылі розныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, практычныя работнікі рэдакцый газет і часопісаў без спецыяльнай адукацыі. З гэтай складанай справай дэкан Уладзімір Ліс таксама справіўся. Больш за тое, ужо ў 1945 г. быў аб’яўлены набор адразу на першы, другі і трэці курс журфака, а таксама было заяўлена аб адкрыцці і наборы на завочнае аддзяленне, куды пераважна залічвалі работнікаў рэдакцый газет і радыё.
Такім чынам, праца па падрыхтоўцы журналістаў разгарнулася маштабная і перспектыўная. Заслуга ў яе арганізацыі належыць, перш за ўсё, дэкану У.І. Лісу. Ён пісаў у адным з артыкулаў: «Дзейнасць журналіста надзвычай шматгранная і пачэсная. Ён і публіцыст у поўным сэнсе гэтага слова, і рэдактар газеты або часопіса, і літаратурны або тэатральны крытык, і загадчык аднаго з аддзелаў рэдакцыі, і карэспандэнт, фельетаніст і г.д.». Гэтая высокая ацэнка і прафесійная характарыстыка творчай дзейнасці застаецца актуальнай і справядлівай для сучаснага пакалення журналістаў інфармацыйнага грамадства. Дарэчы скажам, што такое глыбокае пранікненне ў сутнасць творчай прафесіі кіраўніка факультэта надоўга наперад задало высокі якасны ўзровень прафесійнай дзейнасці беларускіх журналістаў. Падкрэслім, што імклівае развіццё падрыхтоўкі кадраў на факультэце паўплывала на разгортванне творчага працэсу ва ўсіх відах нацыянальнага мастацтва і стварэнне двух творчых саюзаў – журналістаў і пісьменнікаў Беларусі.
Першыя студэнты і выпускнікі сталі вядомымі вучонымі і дзяржаўнымі дзеячамі: прафесар Е.Л. Бондарава, рэктар БДУ прафесар У.К. Сікорскі, Герой Савецкага Саюза прафесар А.А.Філімонаў, прафесар Р.В. Булацкі, прафесар М.Я. Цікоцкі, прэм’ер-міністр Беларусі У.І. Бровікаў і інш. Асабліва важна тое, што інтэнсіўная праца факультэта ў пасляваенныя гады дазволіла хутка разгарнуць падрыхтоўку журналісцкіх кадраў і выканаць асноўную ролю па забяспячэнні рэдакцый кваліфікаванымі кадрамі. За адзін вучэбны год пад кіраўніцтвам дэкана была арганізавана навуковая, вучэбная і выхаваўчая дзейнасць факультэта журналістыкі. У.І. Ліс сам плённа займаўся навуковай працай і на пасадзе дэкана абараніў дысертацыю, стаў кандыдатам філалагічных навук. Такім чынам, ён быў першы сярод супрацоўнікаў факультэта, хто атрымаў вучоную ступень.
Ганаровая ўзнагарода
На жаль, у пачатку 1945 г. дэкан факультэта цяжка захварэў і перанёс складаную аперацыю. Гэта здарылася ў адказны момант арганізацыі новага навучальнага года. Уладзіміру Ігнатавічу зноў прыйшлося прымаць адказнае рашэнне ў сваім жыцці, і першага лістапада 1945 г. ён пакінуў пачэсную пасаду першага дэкана факультэта журналістыкі ў СССР. У МДУ імя Ламаносава такі факультэт быў адкрыты ў 1945 г. Не перабольшваючы скажам, што факультэты журналістыкі ва ўсіх рэспубліках Савецкага Саюза ствараліся па вопыце У.І. Ліса.
У заключэнне неабходна падкрэсліць важнасць кароткай, але вельмі каштоўнай грамадскай і дзяржаўнай дзейнасці пачынальніка і арганізатара журналісцкай адукацыі ў Беларусі дацэнта Уладзіміра Ліса. Ён – несумненная ўдача для БДУ. Дзякуючы свайму таленту, ён стварыў факультэт журналістыкі – творчае ідэалагічнае падраздзяленне ўніверсітэта. Відавочна і тое, што праца дэкана Уладзіміра Ігнатавіча – гэта і яго асабістая пажыццёвая ўзнагарода за працяглую выкладчыцкую дзейнасць у Маскве. Аднак самую значную справу свайго жыцця ён здзейсніў на Радзіме. Дзейнасць У.І. Ліса распачынала васьмі дзесяцігадовую гісторыю факультэта журналістыкі БДУ, які з высокім гонарам і пашанай адзначаюць тысячы выпускнікоў нашага факультэта ў Беларусі і ў многіх дзяржавах свету. У гэтай ганаровай кагорце творцаў быў першы гістарычны крок, і яго зрабіў дэкан факультэта журналістыкі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Уладзімір Ігнатавіч Ліс з вёскі Концавічы Навагрудскага раёна.
У складаны пасляваенны час Уладзімір Ліс вярнуўся на Радзіму, каб здзейсніць галоўную справу свайго жыцця, заснаваць і адкрыць факультэт журналістыкі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Гэта яго і наш гонар, высокая грамадская і дзяржаўная ўзнагарода!
А. СЛУКА, прафесар, дэкан факультэта журналістыкі БДУ, 1986 – 1995 гг.
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |