Страх і боль застаюцца ў сэрцы

Страх і боль застаюцца ў сэрцы

01 августа 2018 2899

Колькі людзей – столькі і гісторый, і ў кожнай з іх – свая праўда пра вайну. Малодшаму з братоў Бельскіх Арону было 14, калі яго затрымаў у горадзе знаёмы з вёскі, па мянушцы Сцішок, які да вайны дапамагаў у млыне малоць муку, а падчас вайны пайшоў служыць у паліцыю. Ён прывёў Арона ў паліцэйскі ўчастак на вуліцы Паштовай і прымусіў капаць сабе магілу. А потым паліцаі загадалі хлопцу легчы ў выкапаную яму, сталі наўкола і нацэліліся з аўтаматаў, але, паздзекаваўшыся, адпусцілі. 

1

На яго вачах забралі бацькоў з роднай хаты ў Станкевічах і павезлі ў Навагрудак, а ён уцёк у суседнюю вёску Вуглы і схаваўся пад печчу, дзе зімой у вёсках звычайна трымалі курэй. У хату прыйшоў паліцай і запытаўся, ці не бачылі малога Бельскага. Гаспадар адказаў, што не бачыў. Вядома, што было б, каб знайшлі.

Відавочна, што вайна пераважыла ўспаміны пра даваеннае жыццё і ўсё добрае, што звычайна звязана з дзяцінствам.  І ўсё ж у сваёй кнізе «Лясны разведчык» Арон жывапісна апісвае паездкі з суседскімі хлапчукамі ў начное, туманы, што ператваралі знаёмае наваколле і навявалі містычныя вобразы, водар траў і непаўторныя пахі лесу.

Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік) сцвярджаў, што беларуская прырода наклала адбітак на яўрэяў, якія стагоддзямі жылі на нашай зямлі, і зрабіла іх адметнымі ад яўрэяў іншых краін. Іх нават сталі называць па-іншаму – літвакамі. Тут яўрэі жылі побач з беларусамі, палякамі і татарамі, ад якіх шмат што перанялі, нават земляробства.

Калі ў 1930-я гады моладзь пачала рыхтавацца да аліі (так яўрэі называ­юць рэпатрыяцыю; спачатку ў Палесціну, а пазней у Ізраіль), яны пачалі арганізоўваць кібуцы тут, у нас, і вучыліся працаваць на зямлі, якая належала татарам і палякам, каб, прыехаўшы на гістарычную радзіму, будаваць сваю новую дзяржаву.

7-8 жніўня 1942 года нацысты і іх памагатыя пачалі другую масавую акцыю ў Перасецкім гета. У гэты дзень усіх яўрэяў выгналі з дамоў, паклалі на зямлю, і так яны праляжалі ўсю ноч. А раніцай частку з іх павезлі да в. Літоўка. Тут, непадалёку ад возера, справа ўздоўж дарогі, працягнуўся роў даўжынёй у некалькі дзясяткаў метраў. Менавіта тут і пачаліся расстрэлы.

***

Страх і боль, якімі вайна напоўніла сэрцы людзей, не прайшлі з часам.

***

У мінулым месяцы мы чакалі жанчыну, маці якой, як мне сказалі, ратавала сям’я Баброўскіх. Ідучы на сустрэчу ў музей, я падумала: “А раптам гэта Хадашка?”. Гісторыю маленькай дзяўчынкі па імені Хадашка я выпадкова прачытала ў Інтэрнэце незадоўга да гэтага. Шыфра Гаркавая з Ярэміч трапіла ў Навагрудак у гета на Пе­расецы разам з дзвюма маленькімі дочкамі ў маі 1942. Рут было 5, а Хадашцы не было яшчэ і года. Умовы ў гета былі не для немаўляці. Хадашка падхапіла бранхіт, і маці вырашыла ўцякаць з гета. Прытуліла іх сям’я Баброўскіх, дом якіх стаяў пры дарозе на Літоўку.

4 лютага 1943 г. гета на Перасецы было канчаткова ліквідавана. 500 апошніх яўрэяў з гэтага гета расстралялі на Літоўцы. Але ў гэты час нехта падказаў, што ў доме Баброўскіх хаваюцца яўрэі. Паліцаі правялі вобыск і знайшлі у падвале жанчыну з дзіцем. Гэта была Шыфра са старэйшай дачкой. Паколькі малая Хадашка моцна кашляла, Баброўскія ўзялі яе ў хату разам са сваімі шасцярымі дзецьмі. У той дзень яна гуляла з малодшай дачкой Баброўскіх Янінай ў полі недалёка ад хаты.

***

Адзін з цудам уцалелых пасля расказаў, што яўрэяў заганялі ў ямы, прымушалі класціся на забітых і стралялі з кулямёта, пасля чаго целы пасыпалі хлорнай вапнай. Ямы засыпаліся малым пластом зямлі, так што былі відаць галовы і ногі забітых. Было загублена каля чатырох тысяч чалавек...

***

123

Шыфру і яе дачку забілі. Францішка і Францішку Баброўскіх завезлі ў навагрудскую турму, дзе яны загінулі. Хату спалілі. Шасцёра дзяцей Баброўскіх адправілі ў канцлагер Гросс-Грозен у Сілезіі. А маленькую Хадашку, якая яшчэ не ўмела гаварыць і мела светлыя валасы, палічылі адной з дзяцей Баброўскіх і забралі ў прытулак для сірот у Навагрудак. Там ёй далі імя Галінка Баброўская.

Госця аказалася дачкой той самай Хадашкі. Міхаль прыехала, каб сустрэцца з кім-не­будзь з сям’і Баброўскіх, убачыць дом на вуліцы Гродзенскай, дзе размяшчаўся прытулак для сірот падчас вайны, месца, дзе стаяў дом Баброўскіх і дзе загінулі яе бабуля і цётка.

Ёй трэба было сабраць асобныя кавалачкі гісторыі лёсу сваёй маці ў суцэльную карціну. Маці доўгі час нічога не расказвала, і ў Міхаль было шмат пытанняў да Ані Варановіч, якая ведала гэту гісторыю ад сваёй бабулі Марыі Баброўскай.

Баброўскія дапамаглі многім яўрэям, якія ўцяклі з гета на Перасецы. Многія з уцекачоў перажылі вайну ў атрадзе Бельскага. Сям’я Баброўскіх атрымала званне Праведнікаў сярод народаў свету ў 1997 годзе дзякуючы сведчанням Джэка Кагана, якому Баброўскія далі міску гарачага супу, калі ён уцёк з гета, каб пайсці ў партызаны, і далі прытулак той самай Хадашцы.

***

Праз шмат дзесяцігоддзяў у Беларусь пачалі прыязджаць іх дзеці і ўнукі, каб пабачыць тыя мясціны, адкуль іх карані. І, безумоўна, наведаць месцы пахавання іх родных.

***

Сёння яе завуць Хадаса (імя ў перакладзе з іўрыта азначае «крыніца»), жыве яна ў Ізраілі. Ёй 77 гадоў. Можа пасля таго, як дачка раскажа пра сваю паездку, яна таксама рашыцца прыехаць у Навагрудак.

Ад дома Баброўскіх застаўся толькі калодзеж, які жывіць крыніца. Навагрудчанін Сяргей Коваль плануе аднавіць яго і паставіць памятную таблічку ў гонар Баброўскіх, якія заплацілі жыццём, дапамагаючы яўрэям.

Гісторыя навагрудскіх яўрэяў не скончылася, нягледзячы на тое, што ў горадзе няма абшчыны. Праз 75 гадоў яна вяртаецца і патрабуе, каб мы памяталі. І гэта гісторыя належыць не толькі яўрэям, гэта гісторыя нашага горада і нашай зямлі. Гэта – наша гісторыя. 

Т. ВЯРШЫЦКАЯ,

навуковы супрацоўнік,

куратар Музея яўрэйскага супраціўлення г. Навагрудка.