Калі трапляеш у Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, здаецца, што час замірае…

Калі трапляеш у  Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, здаецца, што час замірае…

Калі трапляеш у Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, здаецца, што час замірае…

30 октября 2020 3003

Незвычайная цішыня, птушыныя спевы, неверагодна чыстае паветра з хвойным пахам, збудаванні, акружаныя дрэвамі і кустарнікамі, пясчаныя сцежкі… Калі трапляеш у  Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, здаецца, што час замірае… Гэта месца, сапраўды, асаблівае. І сваёй гісторыяй, і сённяшнім жыццём, і людзьмі, якія адраджаюць Белую лаўру для таго, каб кожны мог знайсці тут прытулак, прымірэнне і душэўны спакой.

Жыццё ў манастыры – гэта жыццё ў раі, але з пэўнымі выпрабаваннямі, якія пасылае нам Гасподзь. Пераадольваючы іх, мы расцём як асоба і становімся бліжэй да Бога. Мы пастаянна молімся і за сябе, і за ўвесь свет. Малітва для манаха не проста гутарка з Богам, яна − атмасфера, у якой жыве яго душа.

Сам манастыр – гэта Дом Божы, месца шчырай веры, цішыні і душэўнага спакою. Таму адраджэнне мясціны, нашай Белай лаўры, − не проста пабудова новых храмаў і будынкаў – гэта адраджэнне самой манастырскай зямлі, яе значнасці і асаблівай духоўнасці.

Ігумен Яўсевій.


Лаўрышаўскі манастыр адзін з самых старажытных у Беларусі. Паводле царкоўнага падання на левым беразе ракі Нёман, паблізу ад Навагрудка, ля падножжа высокай гары, у 1225 г. сынам літоўскага князя Траняты Елісеем быў заснаваны мужчынскі манастыр.

Гісторыя манастыра налічвае амаль восем стагоддзяў. За гэты час ён двойчы знішчаўся – у 1530 г. і ў гады Першай сусветнай вайны. У пачатку ХХ ст. свяшчэннамучанік Мітрафан (Краснапольскі) сказаў: «Гэта нейкі асаблівы жыватворны куток. Я думаю, з часам там будзе манастыр хоць і небагаты, але народам любімы». Яго словы сталі прарочымі.


У 1993 г. архіепіскап Беластоцкі і Гданьскі Сава і епіскап Навагрудскі і Лідскі Канстанцін здзейснілі асвячэнне месца, дзе стаяў манастырскі храм, а ў 1997 г. пачалося яго будаўніцтва. Праз год архіепіскапам  Навагрудскім і Лідскім Гурыем (цяпер – архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі) храм быў асвечаны ў гонар Прападобнага Елісея. З 2001 г. пры храме зарэгістраваны прыход. Рашэннем Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 15 жніўня 2007 г. прыход ператвораны ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр.


Ігуменам Лаўрышаўскай мясціны з’яўляецца айцец Яўсевій (Цюхлоў). Ён прыбыў сюды ў 2006 г. па благаславенні архіепіскапа Гурыя, настаяцеля манастыра, і пазней стаў яго намеснікам. За гэты час ігуменам Яўсевіем і яго паплечнікамі зроблена вельмі шмат для адраджэння Свята-Елісееўскага манастыра.

Шлях у манастыр пралягае праз вёскі Лаўрышава і Гнесічы. Далей цераз Нёман вядзе драўляны мост, які ў мінулым годзе быў поўнасцю перабудаваны. Некалькі соцень метраў – і вы апыніцеся каля вялікіх і прыгожых манастырскіх варот.


Аб тым, што сёння ўяўляе сабой Свята-Елісееўскі манастыр, па благаславенні ігумена Яўсевія мне расказаў і паказаў іерэй Яўгеній Барташэвіч.

– Насельнікі манастыра – гэта ўсяго 10 чалавек. Ігумен, два іераманахі, іерадыякан, схіманах, два манахі, два паслушнікі, кандыдат у паслушнікі. У манастыры таксама служаць два белыя святары (г.зн. тыя, якія маюць сем’і). Манахі жывуць асобна. На працягу дня ўсе выконваюць розныя паслушанні, – тлумачыць айцец Яўгеній. – Таксама пры манастыры пастаянна працуюць звычайныя вернікі (напрыклад, повары, выкладчыкі і інш.), дапамагаюць людзі, якія наведваюць нашу мясціну. Манастыр вядзе ўласную гаспадарку: апрацоўваецца зямля (вырошчваюцца гародніна, садавіна, ягады, збожжа), ёсць жывёльны двор, невялікая пякарня, цэх па перапрацоўцы малочных прадуктаў.

Непасрэдна да айца Яўгенія вернікі звяртаюцца па духоўных пытаннях з нагоды здзяйснення таінства хрышчэння і іншых патрэб. Таксама ён кіруе манастырскім хорам, выконвае абавязкі прэс-сакратара і адміністратара сайта.


– Манастыр не можа існаваць без храма, – адзначыў айцец Яўгеній. – Наш галоўны храм асвечаны ў гонар Прападобнага Елісея. У 2018 г. завяршылася яго рэканструкцыя, якая кардынальна змяніла знешняе і ўнутранае аблічча – храм стаў больш прасторны і велічны. Богаслужэнні праходзяць штодня ў 6 гадзін – раніцай і вечарам. Прападобны Елісей быў кананізаваны мітрапалітам Іосіфам Салтанам на саборы ў г. Вільні ў 1514 г. І з таго часу 5 лістапада мы адзначаем як Дзень памяці Прападобнага Елісея, у які абавязкова ладзіцца святочнае богаслужэнне. Дарэчы, наведаць службы ў манастыры можа любы вернік.


Асаблівасць храма ў тым, што свечкі за здароўе ці спачын ставяцца не ў цэнтральнай частцы, а з бакоў згодна грэчаскай традыцыі. Тут жа ёсць месца для тых, хто хоча прысесці і памаліцца.


У Свята-Елісееўскім манастыры ёсць магчымасць прыкласціся да мошчаў Святога Філарэта, мітрапаліта Кіеўскага; Прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай; блажэннай Матроны Маскоўскай; Прападобнага Ісая Цудатворацы і іншых Святых угоднікаў Божых. А яшчэ памаліцца перад благадатным агнём ад Гроба Гасподняга, які захоўваецца ў адной з капліц круглы год.


Таксама на тэрыторыі манастыра знаходзяцца летні храм у гонар Уладзімірскай іконы Божай Маці і Хрысцільны храм-купель у гонар іконы Божай Маці «Жываносная крыніца». Побач з летнім храмам – магілы двух манахаў: іераманаха Даната і ігумена Серафіма. 


У мясціне ўстаноўлены помнік Елісею Лаўрышаўскаму і крыж з вобразамі Прападобнага Елісея, яго паплечніка Лаўрэнція Тураўскага, свяшчэннамучаніка Мітрафана і свяшчэннамучаніка Сергія. 



Некалькі гадоў таму завяршылася будаўніцтва Дома міласэрнасці, які прызначаны для сацыяльнага служэння і дзе знаходзяць прытулак тыя, каму неабходна дапамога. Непадалёк ад галоўнага храма знаходзіцца драўляная дзіцячая пляцоўка для самых маленькіх наведвальнікаў. Ёсць на тэрыторыі манастыра кухня і трапезная. У царкоўнай лаўцы можна набыць іконы, духоўную літаратуру, аўдыё і відэапрацукцыю, манастырскія тавары і інш.


Сярод будынкаў манастырскага комплексу вельмі ўражвае Алея праваслаўных святынь, якая пасля завяршэння будаўніцтва будзе ўключаць 33 капліцы (па ліку гадоў Ісуса Хрыста).

– Гэта будзе асаблівая алея − адзіная ў сваім родзе не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце, – падкрэсліў айцец Яўгеній. – На сённяшні дзень пабудавана восем капліц: Святой Зямлі – Іерусаліма, Свята-Траецкага Серафіма-Дзівееўскага жаночага манастыра, Валаамскага манастыра, Прападобнага Елісея Лаўрышаўскага, Прападобнага Сергія Раданежскага, Велікамучаніка Георгія Пераможцы, Нябесных Сіл Бесцялесных, Святой гары Афон. Кожная з капліц адрозніваецца не толькі знешне – усе яны маюць сваё назначэнне. Напрыклад, у Валаамскай людзі змогуць праходзіць лячэнне перазвонам царкоўных званоў, а Афонская капліца (адна з самых вялікіх) будзе прызначана для прыёму паломнікаў.


Вялікую духоўную падтрымку атрымліваюць і мясцовыя жыхары, і тыя, хто прыязджае ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр. Немагчыма пералічыць усе добрыя справы насельнікаў мясціны, бо іх вялікая колькасць. Вось толькі некаторыя накірункі іх духоўна-асветніцкай і сацыяльнай дзейнасці. 

Для юных вернікаў тут працуе нядзельная школа, драматычны гурток, лялечны тэатр і мастацкая студыя. Аказваецца дапамога сем’ям, якія жадаюць узяць на выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Дапамога розная: як матэрыяльная, так і духоўная.


Усё больш людзей прыязджаюць сюды ў надзеі выратаваць сваё жыццё, якое з-за прыхільнасці да спіртных напіткаў ці наркотыкаў згубіла ўсякі сэнс.

– Яны ўдзельнічаюць у жыцці манастыра – гэта не толькі праца, але і малітва, гутаркі. Адкрытасць – галоўная і адзіная ўмова для рэабілітацыі, – расказаў святар. – Аднак кожны, хто мае патрэбу ў такой дапамозе, павінен у першую чаргу сам усведамляць праблему і шчыра хацець пазбавіцца ад сваёй слабасці. А шлях у кожнага свой: ён зусім не лёгкі і не кароткі.


Працуе праграма па арганізацыі актыўнага адпачынку на аснове праваслаўя. І шчырыя вернікі, і людзі далёкія ад Царквы падчас такога адпачынку знаходзяць мір у душы, аднаўляюць фізічныя і душэўныя сілы. Некалькі месяцаў таму была адкрыта экалагічная сцежка «Праз тварэнне да Тварца», якая пралягае вакол мясціны. Да таго ж манастыр уключаны ў некалькі турыстычных маршрутаў і тураў (мясцовых і рэспубліканскіх), каб адкрыць гэта месца як мага большай колькасці людзей.


Так, дзверы Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра адчынены для людзей розных рэлігій і поглядаў. Самотнасць месц і цішыня спрыяюць чалавеку стаць часткай гэтай гармоніі. Калі вакол спакой, то і чалавек імкнецца да спакою, знахо­дзіць у сабе нейкі стрыжань, каб далей духоўна развівацца.

Для азнаямлення і «сувязі» створаны сайт манастыра lavra.by. Тут можна даведацца аб жыцці мясціны і  прачытаць пропаведзі ігумена Яўсевія. Таксама размешчана актуальная інфармацыя аб маючых адбыцца богаслужэннях, арганізацыі паломніцкіх паездак, патрэбах манастыра і кантакты для сувязі.

Анастасія Пятрова, «НЖ»