Гады пакут і выпрабаванняў

Гады пакут і выпрабаванняў

20 июля 2018 2877

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны мінула 73 гады, але ў памяці чалавека яна назаўжды застанецца як адна з самых трагічных старонак гісторыі сусветнай цывілізацыі. У руінах ляжалі гарады і цэлыя дзяржавы. Вайна забрала мільёны жыццяў, стала трагедыяй цэлага пакалення і пакінула незабыўны след у жыцці і лёсе многіх сем’яў і народаў. Асабліва пацярпела яўрэйская нацыя. У перыяд жорсткай фашысцкай акупацыі для яўрэйскай абшчыны Навагрудка, якая насяляла сотні гадоў гэтыя землі, надышлі гады пакут і выпрабаванняў.

Нямецкія часці ўвайшлі ў горад 4 ліпеня 1941 года. З першых дзён акупацыі пачаў уво­дзіцца нацысцкі «новы парадак», у тым ліку і ў дачыненні да яўрэйскага насельніцтва. Адразу былі развешаны аб’явы аб рэгістрацыі ўсіх яўрэяў, арганізаваны юдэнрат (яўрэйскі савет). Юдэнрат павінен быў стаць сувязным звяном паміж нямецкай адміністрацыяй і абшчынай для выканання нямецкіх загадаў. На чале савета стаяў адвакат Герц Чэханоўскі.

***

Жыццё яўрэяў рэгламентавалася загадамі гэбітскамісара – кіраўніка грамадзянскай акупацыйнай адмі­ністра­цыі. З 26 верасня 1941 года выйшла распараджэнне аб тым, што кожны яўрэй абавязаны мець пры сабе пасведчанне асобы і насіць жоўтую нашыўку. Яўрэям забаранялася пакідаць горад без дазволу, займацца любым рамяством, наведваць рынак, хадзіць па тратуары.

***

У 1992 годзе, калі адкрыўся Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей, мы нічога не ведалі пра тое, што да вайны Навагрудак быў штэтлам, што 63% яго жыхароў складалі яўрэі і што з 6000 навагрудскіх яўрэяў пасля вайны ўжывых засталіся толькі 600 чалавек.

Першым, хто расказаў пра тое, што адбылося з навагрудскімі яўрэямі ў вайну, быў Джэк Каган. Ён адразу прыехаў з Лондана ў Навагрудак, калі гэта стала магчымым. Быў 1992 год, прайшло 47  гадоў пасля таго, як закончылася вайна…

3

Што значыць 47 гадоў для гісторыі? Кропля, адно імгненне... Але за гэты час горад змяніўся непазнавальна. Нават месцы расстрэлаў было цяжка знайсці без дапамогі знаёмых яўрэяў. Здавалася, толькі яны памяталі, дзе адбылася трагедыя, дзе людзей забівалі тысячамі толькі за тое, што яны былі яўрэямі. Як аказалася пазней, памяталі не толькі яўрэі. У гора­дзе жылі сведкі тых жахлівых падзей, толькі не гаварылі пра тое, што бачылі на свае вочы.  

Джэк Каган вельмі стрымана напісаў пра чатыры акцыі масавых расстрэлаў, расказаў гісторыю сваёй сям’і і папрасіў дазволу адміністрацыі горада паставіць новыя помнікі на месцах масавых пахаванняў.

У 1993 годзе на адкрыццё

помнікаў па дарозе на Літоўку і ў канцы вуліцы Мінскай прыехала вялікая група навагрудчан з розных краін свету.

Сярод іх былі і былыя партызаны атрада Бельскага Якаў Берман і Хая Бельская, жонка аднаго з братоў Бельскіх – Асаэля, які загінуў на фронце ў 1945 годзе. Яны ахвотна расказвалі свае гісторыі, адчувалася, што Навагрудак займае важнае месца ў іх жыцці, хоць успамі­наць было нялёгка.

Юдэль Слуцкі, стоячы на плошчы, якая да вайны была рынкам, расказаў, як у першыя дні акупацыі, 26 ліпеня 1941 г., тут расстралялі яго бацьку і брата ў ліку 52 яўрэяў. Гэта быў паказальны расстрэл. Гэта быў адказ гэбітскамісара Траўба на просьбу яўрэйскай дэлегацыі не пасылаць яўрэяў на працу ў шабат (яўрэйская традыцыя, якая патрабуе, каб кожную суботу яўрэі праводзілі ў малітве і не зай­маліся ніякай працай). А потым прымусілі яўрэйскіх дзяўчат і жанчын змываць кроў з бруку на плошчы. Сярод іх была і Рая Кушнер, унук якой Джарэд Кушнер – сёння саветнік прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі.

Шмат гадоў пазней знайшоўся сведка гэтага расстрэлу – Ге­надзь Міхайлавіч Коршун, які прыехаў з г. Ужгарада, што на Украіне. У гады вайны ён быў падлеткам, а дзеці, як вядома, паспяваюць усюды. У той дзень ён разам з маці прыйшоў у царкву і з-за дзіцячай цікаўнасці аказаўся на званіцы сабора св. Мікалая і ўсё бачыў. Разам з бацькам ён таксама прыязджаў у гета на вул. Ка­рэліцкай (зараз вул. Мінская). Бацька ў вайну працаваў вадзіцелем грузавіка і прывозіў вугаль для кузні ў гета. Яўрэі разгружалі вугаль, і лапаты з кузава знікалі. Потым іх выкарыстоўвалі, калі капалі тунэль.

У кабіне бацька знарок пакідаў кавалак хлеба і яшчэ што-небудзь з ежы. Гэта таксама было для тых, каго трымалі за калючым дротам.

Джэк Каган арганізоўваў прыезды былых навагрудчан амаль штогод. У першую чаргу госці наведвалі месцы расстрэлаў. Там ляжалі іх блізкія.

***

З 11 снежня 1941 г. у Навагрудку было створана гета на вул. Перасецкай (сёння вул. Сечка), у якім спачатку ўтрымлівалі каля 1500 вязняў. Вясной і летам  1942 г. у Навагрудак прывезлі і прыгналі яшчэ каля 4500 яўрэяў з мястэчак, такіх, як Любча, Івянец, Карэлічы, Рубяжэвічы, Уселюб і інш. Гета аказалася перанаселеным. Падчас падрыхтоўкі да чарговай акцыя расстрэлу 500 рамеснікаў перавялі ў новае гета на вул. Карэліцкай (зараз Мінская). Дзённы рацыён вязня складаўся спачатку з 250 г чорнага хлеба і міскі супу. Пазней норму хлеба зменшылі да 150 грам.

***

А потым ехалі ў вёску Каменку, якую ў вайну атрад Бельскага дзяліў з атрадам Віктара Панчанкава. У вёсцы тады яшчэ жылі людзі, якія памяталі Бельскіх. Праўда, ужо не было Агаты, якая дапамагала партызанам, і яе хаты. Але ўсе ў адзін голас успаміналі яе добрым словам. Мясцовы жыхар Віктар Шымон ведаў, дзе былі зямлянкі ў лесе. Для іх гэта таксама была святыня. Якаў Берман – партызан баявой часткі атрада Бельскіх – расказваў, якія хітрыкі прымянялі партызаны, каб не пакідаць у лесе слядоў зімой, як прыязджалі з Налібоцкай пушчы ў Каменку на некалькі тыдняў, каб узарваць нямецкі эшалон на станцыі Яцукі. У яго сям’і ў Ізраілі да сённяшняга часу захоўваецца доўгі скураны плашч нямецкага афіцэра, здабыты ў якасці трафея пасля той аперацыі.

Віктар Шымон разам з бацькам перадалі ў гета разабраны на часткі пісталет. А яшчэ ён казаў, што шапкі з матэрыі сіняга колеру, пашытыя краўцамі ў гета, насілі ў лесе партызаны з атрада Бельскага.  Ён ведаў, бо гэта яны з бацькам перадалі іх партызанам у лес. В. Шымон захоўваў паедзены мышамі гармонік, на якім ігралі на вечарынках у вайну. Вёску Каменка нават называлі «Чырвонай Масквой», таму што тут наўкола былі партызаны, а лагер Бельскіх знаходзіўся за  кіламетр ад вёскі.

4

Мірон Петрыкевіч з в. Малая Ізва ўспамінаў, як Асаэль Бельскі, як сцямнее, прыходзіў з лесу да іх у хату, вешаў у сенцах свой кажушок, апранаў кажух Мірона і ішоў на танцы. Пасля танцаў вяртаўся, зноў пераапранаўся і ішоў у лес. Ён быў лепшым танцорам у ваколіцы да вайны. У партызанскім атра­дзе Асаэль ажаніўся з Хаяй Дзянцёльскай з Малой Ізвы. Яны разам прыяз­джалі ў вёску да Духоўнікаў па хлеб, які гаспадыня  пякла для партызан. 

Да гэтага часу побач з домам Духоўнікаў засталося некалькі камянёў ад падмурка млына Дзянцёльскіх. А вось ад млына Бельскіх, як і ад самой вёскі Станкевічы, дзе жыла сям’я знакамітых яўрэйскіх партызан, не засталося і следу. 

 

Тамара Вяршыцкая,

навуковы супрацоўнік,

куратар «Музея яўрэйскага супраціўлення» г. Навагрудка