Малы бізнес і прадпрымальніцтва: падводзім вынікі развіцця сферы ў Навагрудскім раёне за апошнюю пяцігодку

Малы бізнес і прадпрымальніцтва: падводзім вынікі развіцця сферы ў Навагрудскім раёне за апошнюю пяцігодку

Малы бізнес і прадпрымальніцтва: падводзім вынікі развіцця сферы ў Навагрудскім раёне за апошнюю пяцігодку

28 августа 2020 3412

Сфера бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь уяўляе сабой перспектыўны сектар эканомікі, які паступова павялічвае свой уклад у забеспячэнне агульнага эканамічнага развіцця. Гэта шмат у чым садзейнічае фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, спрыяе павелічэнню вытворчасці тавараў народнага спажывання, а таксама значна пашырае спектр паслуг, якія прадастаўляюцца насельніцтву, што ў цэлым надае дадатковую стабільнасць эканоміцы краіны.

"Ад здабыткаў да перамог"

Вольга Скобля, начальнік упраўлення эканомікі, гандлю і паслуг Навагрудскага райвыканкама:

–  Малы   і сярэдні  бізнес займае трывалае месца ў эканоміцы нашага раёна спрыяе фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, развіццю сферы паслуг, стварэнню 
новых працоўных месц. У гэтый сферы працуе больш за 3 тыс. чалавек. 
Па выніках мінулага года доля малога і сярэдняга бізнесу ва ўласных падаткавых паступленнях у бюджэт раёна склала 35%. Таму стварэнне спрыяльных умоў для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, падтрымка прыватнай ініцыятывы з’яўляецца адной з прыярытэтных задач органоў улады.


 

Малому бізнесу надаецца значная ўвага: прыняты адпаведныя законы, распрацоўваюцца праграмы дзяржаўнай падтрымкі на агульнарэспубліканскім і абласным узроўнях, створаны цэнтры і фонды падтрымкі прадпрымальніцтва, шэраг своеасаблівых эканамічных зон, навукова-тэхналагічных паркаў і інавацыйных цэнтраў. За апошнія гады ў краіне прыняты шэраг нарматыўна-прававых актаў, накіраваных  на паляпшэнне бізнес-клімату. У 2018 годзе ўступіў у сілу дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», які ў значнай ступені спрыяў развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванню дзелавой актыўнасці, у тым ліку ў нашым раёне.

 За перыяд з 2015 па 2019 год у Навагрудскім раёне зарэгістравана 78 малых прадпрыемстваў (з іх 14 – фермерскія гаспадаркі) і 781 індывідуальны прадпрымальнік. За студзень-чэрвень 2020 года зарэгістравана 4 прадпрыемствы і 65 індывідуальных прадпрымальнікаў.



У Навагрудскім раёне сёння ажыццяўляюць дзейнасць 82 малыя прадпрыемствы і 846 індывідуальных прадпрымальнікаў. На прадпрыемствах малога і сярэдняга бізнесу працуе 3083 чалавекі, або 15,8% занятых у эканоміцы раёна.

Выручка ад рэалізацыі тавараў, работ і паслуг у сферы малога бізнесу склала 188 млн рублёў, ці больш за 30% выручкі прадпрыемстваў раёна. Падаткавыя паступленні ў бюджэт ад прадпрыемстваў малога бізнесу і прадпрымальніц­тва за 2019 год склалі каля 14 млн рублёў, або каля 35% уласных падаткавых паступленняў у бюджэт раёна. У 2019 годзе за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і адкрыцця новых вытворчых аб’ектаў створана 136 новых працоўных месц, за 1 паўгоддзе 2020 года створана 75 новых працоўных месц.


Ад цырульні да дрэваапрацоўкі

Адным з асноўных накірункаў дзейнасці бізнесу з’яўляецца гандаль, на яго долю прыходзіцца 27 % ад агульнай колькасці прадпрыемстваў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Таксама развіваецца транспартная і вытворчая сфера, фермерскія гаспадаркі і сфера паслуг. У раёне дзейнічае больш за 50 прыватных транспартных прадпрыемстваў, агульная колькасць аўтамабіляў – больш за 300. Экспарт паслуг у гэтай сферы за мінулы год склаў каля 3 млн долараў.

Вядучым напрамкам вытворчай дзейнасці суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу з’яўляецца дрэваапрацоўка. Звыш 10 прадпрыемстваў у раёне ажыццяўляюць вытворчасць піламатэрыялаў, паддонаў, дошкі палетнай і супрацоўнічаюць з кампаніямі Расійскай Федэрацыі, Польшчы, Бельгіі, Германіі, Літвы і Малдовы. 8 суб’ектаў малога бізнесу працуюць у сферы будаўніцтва. Акрамя таго, дзейнічаюць прыватныя прадпрыемствы па вытворчасці мясных вырабаў, фільтраў для вады,  жалезабетонных і бетонных вырабаў, спецадзення, прадпрыемства, якое займаецца металаапрацоўкай.


Галіна сельскай гаспадаркі прадстаўлена 29 фермерскімі гаспадаркамі, якія займаюцца вырошчваннем розных відаў кветак і дэкаратыўных кустоў, елак, ягад (ажына, маліна, клубніцы, парэчкі), гародніны (бульба, капуста, буракі, цыбуля), збожжавых культур і лекавых траў, жывёлагадоўляй (вырошчванне буйной рагатай жывёлы, авечак). На тэрыторыі раёна дзейнічае ПУП «ВАЛГЕН», якое займаецца нарыхтоўкай ягад і грыбоў з наступнай рэалізацыяй на экспарт. Самай буйной фермерскай гаспадаркай па агульнай плошчы зямель з’яўляецца СФГ «Арніка горная», дзе арганізавана вырошчванне лекавых траў. Толькі за студзень-чэрвень 2020 года прадпрыемствамі малога і сярэдняга бізнесу пастаўлена на экспарт тавараў на агульную суму каля 1,6 млн рублёў.


Для развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці на аўкцыёнах набываюцца зямельныя ўчасткі і капітальныя будынкі. За перыяд з 2015-2019 гг. на аўкцыёнах прададзена 3 зямельныя ўчасткі і 13 аб’ектаў нерухомасці.

Суб’екты гаспадарання Навагрудскага раёна прымаюць удзел у штогадовым Нацыянальным конкурсе «Прадпрымальнік года». Па выніках 2016 года прыватнае транспартнае ўнітарнае прадпрыемства «ДОС-аўта» стала пераможцам конкурсу ў намінацыі «Лепшы прадпрымальнік у сферы паслуг».


Суб’екты малога і сярэдняга бізнесу:

- гандаль – 27%;

- вытворчасць – 16%;

- транспарт – 18%;

- фермерскія гаспадаркі – 10%;

- іншыя віды паслуг: бытавыя паслугі, медыцынскія, архітэктурныя – 29%.

  

Больш гандлёвых цэнтраў і магазінаў

Гандаль, як шырокая вобласць прадпрымальніцкай дзейнасці, атрымаў у апошнія гады новыя імпульсы свайго развіцця. У той жа час гандаль з’яўляецца вельмі спецыфічным відам дзейнасці. Каб граматна, а галоўнае, эфектыўна гандляваць, нельга спадзявацца толькі на вопыт, здаровы сэнс і інтуіцыю. Працэс насычэння спажывецкага рынку таварамі і ўзрастанне канкурэнцыі патрабуюць ад тых, хто нядаўна ўліўся ў гэты бізнес і хоча надоўга ў ім застацца, глыбокіх і ўсебаковых ведаў яго асноў у разрэзе розных аспектаў гандлёвай дзейнасці.


Разам з тым гандаль –  гэта самы папулярны від дзейнасці сярод прадпрымальнікаў. На працягу апошніх гадоў назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя росту плошчаў гандлёвых цэнтраў і магазінаў, у тым ліку дзякуючы аб’ектам малога і сярэдняга бізнесу. Так, праведзена рэканструкцыя будынкаў 40 гандлёвых аб’ектаў. У 2015 годзе павялічаны месцы ў гандлёвым цэнтры «Поні», а ў 2016 годзе індывідуальным прадпрымальнікам адкрыты новы гандлёвы цэнтр «Мелодыя» з добраўпарадкаванымі магазінамі і павільёнамі, у рэканструяваных будынках пачалі працаваць магазін у г.п. Любча ПГУП «СанЛеш» і магазін «Лісток» індывідуальнага прадпрымальніка Н.А. Кузьміч.


У 2017 годзе ТАА «Рентцентр» узведзены гандлёвы цэнтр «HOLIDAY» на 2,7 тыс. кв. метраў, у якім, акрамя размяшчэння аб’ектаў грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, буйным арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам прадастаўлена магчымасць рэалізоўваць пакупнікам шырокі асартымент бытавой тэхнікі, адзення, абутку, сродкаў сувязі, гаспадарчых тавараў, мэблі.  Па вуліцы. Міцкевіча, 39 пачаў працаваць магазін адзення ТАА «ЖЮСИ-торг».


У 2018-2019 гг. гандлёвая інфраструктура развіваецца за кошт новых аб’ектаў фірменнага гандлю вытворцаў ТАА «НОВОФУДПЛЮС», ПГУП «Кветкавы дом» і аб’ектаў індывідуальных прадпрымальнікаў. Індывідуальным прадпрымальнікам В.А.  Янчукевічам уведзены ў эксплуатацыю аб’ект агульнай плошчай 0,7 тыс. кв. метраў, у якім размешчаны магазіны буйных арганізацый.

Гандлёвая сетка Навагрудскага раёна налічвае 377 магазінаў  (павільёнаў) з гандлёвай плошчай 30,5 тыс. кв. метраў.

У горадзе, акрамя рынку па вул. Валчэцкага, 21а, дзейнічаюць гандлёвы цэнтр «Поні» (вул. Міцкевіча, 104/1), гандлёвы цэнтр «Мелодыя» (вул. Мінская, 7-4а), гандлёвы цэнтр «Квадро» (вул. Леніна, 4), гандлёвы цэнтр» «HOLIDAY» (Міцкевіча, 104б).

За 6 месяцаў 2020 года ў раёне адкрыта 8 новых магазінаў малога і сярэдняга бізнесу на 3,5 тыс. кв. метраў, з іх за кошт рэканструкцыі негандлёвых памяшканняў – нехарчовы магазін буйнога фармату ТДА «КомРадТорг» на 2,9 тыс. кв. метраў.


Новыя аб’екты грамадскага харчавання

На 1 ліпеня 2020 года сетка грамадскага харчавання Навагрудскага раёна ўключае 49 аб'ектаў на 3472 месцы. У тым ліку – 29 аб'ектаў агульнадаступнай сеткі на 1914 месц: 3 рэстараны, 9 кафэ, 4 бары, 5 кафетэрыяў, 1 міні-кафэ, 2 буфеты, 5 сталовых.

Усё большую ролю ў жыцці сучаснага грамадства адыгрывае грамадскае харчаванне. Гэта забяспечваецца, перш за ўсё, змяненнем тэхналогій перапрацоўкі прадуктаў харчавання, развіццём камунікацый, сродкаў дастаўкі прадукцыі і сыравіны, інтэнсіфікацыяй многіх вытворчых працэсаў. Асноўнай мэтай развіцця грамадскага харчавання з’яўляецца забеспячэнне паслугамі харчавання розных катэгорый насельніцтва на аснове павышэння іх якасці і пашырэння пераліку паслуг харчавання, а таксама забеспячэння іх даступнасці па цэнавым і тэрытарыяльным фактары.


Грамадскае харчаванне – адна са сфер, якая найбольш дынамічна развіваецца ў нашай краіне. Пастаянна адкрываюцца новыя аб’екты, якія гатовы парадаваць сваіх гасцей шырокім асартыментам меню, прыемнай атмасферай і прымальнымі цэнамі.

У Навагрудскім раёне інфраструктура грамадскага харчавання развіваецца дзякуючы адкрыццю новых аб’ектаў прыватнай формы ўласнасці. Па заканчэнні рэканструкцыі гістарычнага будынка ў 2016 годзе ПГУП «НовНикМат» адкрыты бар і кафэ «Легенда». У пабудаваным гандлёвым цэнтры «HOLIDAY» ТДА «КомРадТорг» з 2017 года функцыянуе рэстаран хуткага абслугоўвання «Merry Berry», пры якім арганізавана дзіцячая гульнявая пляцоўка.


У 2018-2019 гг. адкрыліся кафэ «Гараж», кафэ «Калібры», кафэ ў аг. Нягневічы, кафэ «У Пятроўны» і іншыя суб’екты гаспадарання, праведзены работы па рэканструкцыі і пераабсталяванні кафетэрыя на аўтавакзале, які функцыянуе з 2016 года.

У першым паўгоддзі 2020 года ў горадзе адкрыліся кафэ ТАА «Фудстримтрейд» па вул. Мінскай, 1 на 29 пасадачных месц і нарыхтовачны аб’ект (цэх) ТДА «КомРадТорг» па вул. Скарыны, 32.  У мэтах набліжэння паслуг харчавання да спажыўца працягваецца работа па інтэграцыі аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання за кошт адкрыцця ў буйных харчовых магазінах цэхаў па вытворчасці кулінарных і кандытарскіх вырабаў.


Па стане на 1 ліпеня 2020 года 27 суб’ектаў гаспадарання ў сферы гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання скарысталіся ільготамі, прадугледжанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва». З 1 студзеня 2018 года і па цяперашні час адкрыта 29 аб’ектаў у сферы гандлю, грамадскага харчавання і бытавых паслуг на тэрыторыях, на якія распаўсюджваюцца прэферэнцыі.

Алена Ганцэвіч, «НЖ»