Мадэрнізацыя, інвестыцыі, экспарт. Расказваем пра вынікі работы прамысловасці Навагрудчыны за пяцігодку

Мадэрнізацыя, інвестыцыі, экспарт. Расказваем пра вынікі работы прамысловасці Навагрудчыны за пяцігодку

Мадэрнізацыя, інвестыцыі, экспарт. Расказваем пра вынікі работы прамысловасці Навагрудчыны за пяцігодку

05 августа 2020 3416

Асноўная роля ў павышэнні канкурэнтаздольнасці эканомікі раёна належыць прамысловасці, прадукцыя якой забяспечвае функцыянаванне іншых галін, задавальняе попыт насельніцтва ў таварах і вызначае экспартны патэнцыял раёна. Прамысловасць Навагрудскага раёна прадстаўлена 10 прадпрыемствамі, якія займаюцца вытворчасцю харчовай прадукцыі, тавараў лёгкай прамысловасці, машынабудаваннем, металаапрацоўкай.

Алена Сялевіч, першы намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама:

– Прамысловасць – найбуйнейшая галіна і флагман эканомікі раёна. Значную ролю адыгрывае прамысловасць у напаўненні бюджэту раёна – у мінулым годзе 11,3 млн рублёў даходаў прынеслі прамысловыя прадпрыемствы. Галоўнай задачай развіцця прамысловасці Навагрудчыны з’яўляецца забеспячэнне прыросту аб’ёмаў вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі, галоўным чынам за кошт росту прадукцыйнасці працы, зніжэння выдаткаў і павышэння рэнтабельнасці продажаў, укаранення новых высокаэфектыўных відаў абсталявання і тэхналогій.



 

Флагманы раёна

Прамысловая сфера раёна працуе ўпэўнена. Штогод павялічваюцца аб’ёмы прамысловай вытворчасці, рост дэманструюць усе галіны. Радуюць сваімі дасягненнямі прадпрыемствы раёна, якія выпускаюць якасную і запатрабаваную прадукцыю, якая рэалізуецца на ўнутраным і знешнім рынках.

За 2015-2019 гады прамысловымі арганізацыямі раёна выраблена прадукцыі на суму 1,5 млрд рублёў. У фактычных цэнах аб’ём вытворчасці за гэты перыяд вырас у 1,6 раза.

Адным з найбуйнейшых малочных прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці з’яўляецца філіял «Навагрудскія Дары» ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат». Удзельная вага гэтага прадпрыемства ў аб’ёме прамысловай вытворчасці Навагрудчыны займае ад 35% да 44%. На прадпрыемстве стаўка робіцца на «жывую» прадукцыю з мінімальнай тэхналагічнай апрацоўкай, без кансервантаў, штучных дабавак і генетычна мадыфікаваных кампанентаў.



СП «Леор Пластык» ТАА – буйнае перспектыўнае прадпрыемства з прыватнай формай уласнасці, якое ажыццяўляе вытворчасць агароднінных салатаў, перапрацоўку рыбы і морапрадуктаў. На долю прадпрыемства прыпадае ад 14% да 20% аб’ёму прамысловай вытворчасці раёна. Прадпрыемства абсталявана сучасным абсталяваннем, перапрацоўвае любую акіянічную, рачную рыбную сыравіну і агародніну.


Ад 17% да 20% у прамысловай вытворчасці раёна складае доля ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры» – аднаго з развітых высокаспецыялізавых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь. Тут выпускаюць розныя бытавыя газавыя, аўтамабільныя балоны і шырокі спектр іншай прадукцыі. Завод з’яўляецца асноўным вытворцам інавацыйнай прадукцыі (тараідальныя балоны, бытавыя газавыя і аўтамабільныя балоны розных мадыфікацый), доля якой у аб'ёме адгружанай прадукцыі за апошнія гады складае каля 28%.


Дзейнасць прыватнага прадпрыемства ТАА «ПравітБел» накіравана на лідарства ў сегменце прадуктаў хуткага прыгатавання, такіх, як замарожаныя харчовыя паўфабрыкаты і замарожаныя агароднінныя сумесі. Таварыства пастаўляе прадукцыю як на рынак Беларусі, так і за яе межы, вядзе актыўную работу па наладжванні новых кантактаў. У апошнія гады аб’ём прамысловай вытворчасці гэтага прадпрыемства стабільна перавышаў 100%, а ўдзельная вага ў раённым аб’ёме вытворчасці складае 8,2%–8,9%.


Працаваць з прыбыткам

Павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці ідзе паралельна з павышэннем якасці прадукцыі прадпрыемстваў раёна. З 2016 года па першае паўгоддзе 2020 года прадпрыемствамі прамысловасці адгружана прадукцыі на суму 1 318,5 млн рублёў, або 92,7% ад аб’ёма вырабленай, у тым ліку інавацыйнай прадукцыі – на суму 42,9 млн рублёў. Запасы гатовай прадукцыі на складах прадпрыемстваў складаюць ад 12,0 да 20,0 млн рублёў, але не перавышаюць дапушчальнага нарматыву.


Павялічваюцца аб’ёмы імпартазамяшчальнай прадукцыі, яе вытворчасць наладжана ў філіяле «Навагрудскія Дары», на СП «Леор Пластык» ТАА, ТАА «ПравітБел» і ААТ «Навагрудскі ЗМІ». З 2016 года прамысловымі прадпрыемствамі раёна выпушчана імпарта­замяшчальнай прадукцыі на суму 11,8 млн долараў.



За апошнюю пяцігодку назіраецца штогадовы рост выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг па прамысловых прадпрыемствах раёна. Павелічэнне выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг на працягу 2016 – 2020 гг. адзначана ў філіяле «Навагрудскі хлебазавод» ААТ «Гроднахлебпрам», дзе яна павялічылася з 7,8 млн рублёў у 2016 годзе да 8,9 млн рублёў у 2019. У ТАА «ПравітБел» выручка складала ў 2016 – 21,0 млн рублёў, а ў 2019 годзе – 32,7 млн рублёў. СП «Леор Пластык» ТАА павялічыла выручку ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг з 53,8 млн рублёў у 2017 годзе да 71,1 млн рублёў у 2019 годзе.


Мадэрнізацыя і інвестыцыі

Тэхнічнае пераўзбраенне, мадэрнізацыя вытворчасці былі і застаюцца прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці кожнага прадпрыемства раёна. З мэтай павелічэння аб’ёму вытворчасці, росту экспарту, паляпшэння канкурэнтаздольнасці вырабляемай прадукцыі, эканоміі паліўна-­энергетычных рэсурсаў, паляпшэння ўмоў працы на працягу апошняй пяцігодкі на прамысловых прадпрыемствах раёна праводзілася пэўная работа па рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытворчасці, укараненні новых перадавых тэхналогій.

З 2016 года па 1 чэрвеня 2020 года арганізацыямі раёна асвоена інвестыцый на суму 275,2 млн рублёў, з іх арганізацыямі прамысловасці – 40 млн рублёў. Да параўнання, у 2016 годзе – асвоена інвестыцый на суму 5,8 млн рублёў.


Сярод буйных інвестыцыйных праектаў апошніх гадоў – мадэрнізацыя ўчастка па вытворчасці тварагу ў філіяле «Навагрудскія Дары», пастаўка абсталявання для дэманстрацыйнага праекта ў г. Навагрудку для сартавання цвёрдых камунальных адходаў (праект Еўрапейскага Саюза «Падтрымка рэгіянальнага і мясцовага развіцця»). Акрамя таго, здзейснена будаўніцтва на СТАА «ЛеорФіш» ветраэнергетычнай устаноўкі магутнасцю 0,6 МВт для ўласнага спажывання.


У мінулым годзе завершана рэканструкцыя будынка кандытарскага цэха філіяла «Навагрудскі хлебазавод» ААТ «Гроднахлебпрам» – уведзена ў дзеянне тэхналагічнае абсталяванне, праведзена газіфікацыя ўчастка з усталяваннем асобнай кацельні. ААТ «БелКрэда» прыступіла да рэалізацыі праекта па мадэрнізацыі швейнай вытворчасці з укараненнем аўтаматызаванай тэхналогіі распрацоўкі і вытворчасці вырабаў з прымяненнем сучасных матэрыялаў.

За 5 месяцаў гэтага года арганізацыямі прамысловасці асвоена інвестыцый у асноўны капітал у суме 5,4 млн рублёў або 22,8% ад агульнага аб’ёму інвестыцый у раёне.

У гэтым годзе ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры» набыло комплекс для апрацоўкі запорна-рэдуцыйнай арматуры, філіял «Навагрудскія Дары» рэалізаваў інвестыцыйны праект па мадэрнізацыі сушыльных комплексаў, а СП «Леор Пластык» ТАА закупіла абсталяванне для агародніннага і рыбнага цэхаў, транспартныя сродкі.



Экспартны патэнцыял

Прадпрыемствы раёна ажыццяўляюць знешнегандлёвую дзейнасць больш чым з 50 краінамі свету. За 2015-2019 гады на экспарт пастаўлена тавараў на суму 328,4 млн долараў. Знешнегандлёвае сальда склалася станоўчае ў суме 163,2 млн долараў. Найбольш значных паказчыкаў дасягнуў філіял «Навагрудскія Дары», дзе па выніках 2019 года на экспарт пастаўлена прадукцыі на суму 46,5 млн долараў. За гэты перыяд прадпрыемства адгрузіла прадукцыю на рынкі 19 краін. А на ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры» ў мінулым годзе экспарт прадукцыі склаў 20,3 млн долараў. За апошнія гады прадпрыемствам адкрыты новыя рынкі збыту ў такія краіны, як Літва, Італія, Грузія, Балгарыя, Арменія.




СП «Леор Пластык» ТАА у 2019 годзе адгружана на экспарт прадукцыі на 14 млн долараў, а за I паўгоддзе 2020 года – 6,2 млн долараў. Асноўным рынкам збыту прадпрыемства з’яўляецца Расійская Федэрацыя.

Акрамя гэтага, ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры» вядзе пастаянную работу па нарошчванні экспарту паслуг (транспартныя, турыстычныя). Калі ў 2016 г. гэты паказчык складаў 52,1 тыс. долараў, то ў 2019 г. – 84,0 тыс. долараў.



Зроблена ў Навагрудку

Тавары пад маркай «Зроблена ў Навагрудку» ведаюць не только на Гродзеншчыне, але і ў іншых рэгіёнах краіны і далёка за яе межамі. Пацвярджэнне запатрабаванасці прадукцыі навагрудскіх вытворцаў, яе высокай якасці і канкурэнтаздольнасці – шматлікія ўзнагароды і перамогі рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўняў. Толькі за мінулы год скарбонка дасягненняў навагрудскіх прадпрыемстваў папоўнілася шэрагам перамог.

Навагрудскі завод газавай апаратуры ўвайшоў у лік 29-і лепшых беларускіх прадпрыемстваў, якія кожны год дынамічна развіваюцца, паказваюць дастойны прыклад па ўкараненні інавацый, тэхналогій, пашырэнні рынкаў збыту. У 2019 годзе прадпрыемства стала лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу «Зубры эканомікі–2019» у намінацыі «За значны ўклад у развіццё энергетычнай бяспекі краіны» і пераможцам 5-га Рэспубліканскага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці Рэспублікі Беларусь – 2019» у намінацыі «Энергаэфектыўная тэхналогія года». Да 2-х Еўрапейскіх гульняў на прадпрыемстве было выраблена 200 факелаў, якія ўдзельнікі эстафеты пранеслі 7 700 км – ад Рыма да Мінска.



Па выніках штогадовага абласнога спаборніцтва горада Гродна і раёнаў вобласці за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці за 2019 год Навагрудчыне прысуджана ІІ месца ў намінацыі «За дасягнутыя высокія паказчыкі ў развіцці прамысловасці».

На міжнародным малочным бізнес-форуме ЕАЭС па вытворчасці і перапрацоўцы малака ў г. Сочы філіялу «Навагрудскія Дары» ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат» было прысуджана Гран-пры, а таксама дыплом лаўрэата конкурсу. У скарбонцы прадпрыемства – тры першыя месцы на народным конкурсе-дэгустацыі «Чэмпіён смаку», а таксама дыплом пераможцы ў намінацыі «Лепшая прадукцыя года – 2019».

ААТ «Навагрудскі завод металавырабаў» у 2019 годзе атрымала спецыяльную прэмію рэспубліканскага конкурсу спажывецкіх пераваг «Прадукт года». Штогод дыпломы пераможцы ў рэспубліканскім конкурсе «Смаката» заваёўвае Навагрудскі хлебазавод.



Падрыхтавала Алена Ганцэвіч, «НЖ»