Сяргей Мішарын: «Зрабіць трэба яшчэ больш»

Сяргей Мішарын: «Зрабіць трэба яшчэ больш»

Сяргей Мішарын: «Зрабіць трэба яшчэ больш»

09 января 2022 2128
Дэпутаты мясцовых Саветаў, працуючы ў цесным кантакце з органамі выканаўчай улады, аказваюць уплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну, а галоўнае – вырашаюць канкрэтныя праблемы грамадзян. Якім быў для дэпутацкага корпуса год мінулы і чаго варта чакаць ад новага 2022 года? Пра гэта наша інтэрв’ю са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Сяргеем Мішарыным.

– Сяргей Васільевіч, чым быў знамянальны для Вас і Вашых калег-дэпутатаў 2021-ы год і якія з падзей найбольш запомніліся?

– Пачну з таго, што 2021-ы год быў, несумненна, няпросты. Нас працягвала выпрабоўваць на трываласць пандэмія. Мінулы год стаў не столькі годам выпрабаванняў, як, напрыклад, 2020-ы, але ён патрабаваў прымаць цяжкія рашэнні і ў той жа час падштурхнуў да пазітыўных змен, згуртаваўшы нас. Мы навучыліся спраўляцца з COVID-19, за што вялікі дзякуй нашым медыкам. Іх прафесіяналізм і стойкасць сталі той апошняй мяжой, на якой ідзе бітва за кожнае чалавечае жыццё. Мы навучыліся супрацьстаяць палітычным выклікам. Не магу не адзначыць мудрасці, адзінства і салідарнасці нашых грамадзян, у тым ліку і навагрудчан. Усе мы за гэты год сталі мацнейшымі і мудрэйшымі.

У лічбах дзейнасць раённага Савета дэпутатаў склалася наступным чынам: праведзена 9 пасяджэнняў Савета дэпутатаў, з якіх 2 выязныя, разгледжана больш за 60 пытанняў. Так, на выязных пасяджэннях былі абмеркаваны пытанні стану пажарнай бяспекі на тэрыторыі раёна і дзейнасці назіральных камісій па забеспячэнні бяспечных умоў пражывання грамадзян, а таксама аб рабоце Вераб’евіцкага сельвыканкама па забеспячэнні комплекснага сацыяльнаэканамічнага развіцця падведамнай тэрыторыі. Адны з важных пытанняў, якія разгледжаны на сесіі Савета дэпутатаў, – справаздача аб рабоце раённага выканаўчага камітэта і прыняцце рэгіянальных комплексаў мерапрыемстваў на 2021-2025 гады па розных накірунках.

– Найважнейшым напрамкам дзейнасці раённага Савета дэпутатаў з’яўляецца работа з насельніцтвам. Што зроблена ў гэтым кірунку?

– Зроблена многае. Хачу адзначыць, што гэта сумесная работа не толькі дэпутацкага корпуса, але і органаў выканаўчай улады, многіх кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Але навядзенне парадку на зямлі – не разавая акцыя, праца ідзе круглы год, а добраўпарадкаванне, на мой погляд, – гэта, у першую чаргу, стаўленне людзей да навакольнага свету, звычка і традыцыя жыць у чысціні. Добры гаспадар штодня сочыць за сваім асабістым домам. А ўсе мы – такія ж гаспадары свайго краю, і клапаціцца пра яго трэба з такой жа адказнасцю і неабыякавасцю. Вялікая праца праведзена на грамадзянскіх могілках па выдаленні аварыйных дрэў. За бягучы год выдалена 1466 дрэў, і гэта работа будзе працягвацца ў далейшым. У сельскіх саветах актыўна да яе падключаюцца і мясцовыя жыхары, за што ім вялікі дзякуй. У асабліва складаных сітуацыях, дзе пры выдаленні дрэў могуць быць пашкоджаны пахаванні, працуюць спецыяльныя брыгады, а гэта немалыя фінансавыя выдаткі.

– Праца з насельніцтвам, тым больш дэпутата, прадугледжвае асабісты прыклад у навядзенні парадку?

– На працягу апошніх пяці гадоў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, члены маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў штогод прымаюць удзел у акцыі «Тыдзень лесу» – мы высаджваем да 30-40 тысяч дрэў у год. Таксама дэпутаты прымаюць актыўны ўдзел у навядзенні парадку ў месцах масавага адпачынку, у лясным масіве, каля вадаёмаў.

Прыгажосцю і чысцінёй Навагрудскай зямлі не стамляемся захапляцца не толькі мы самі, але і госці, якія прыязджаюць у раён. Добраўпарадкаванне сваёй малой радзімы даўно ўжо стала справай усіх і кожнага, што пацвярджаюць і праведзеныя ў мінулым годзе суботнікі, і рэгулярныя санітарныя дні, у якіх нашы землякі прымаюць самы актыўны ўдзел. Але добраўпарадкаванне – гэта не толькі ўборка смецця. Гэта цэлы комплекс мерапрыемстваў, які ўключае стан дарог, месцаў адпачынку, грамадзянскіх могілак – увогуле, усёй інфраструктуры горада і сельскіх населеных пунктаў.

Вялікую працу па навядзенні парадку на зямлі праводзяць сельскагаспадарчыя і фермерскія гаспадаркі раёна. Асабліва хочацца адзначыць у гэтым кірунку ААТ «Прынёманскі» і «Шчорсы», СВК «Нягневічы», фермерскую гаспадарку «Грамыка».

– Сяргей Васільевіч, якія формы і метады работы прымяняюцца пры рашэнні актуальных праблем насельніцтва раёна?

– Працягваюць выкарыстоўвацца такія формы работы з насельніцтвам, якія сталі ўжо традыцыйнымі: сельскія сходы, святы вёсак, правядзенне справаздач аб дэпутацкай дзейнасці і сустрэч з насельніцтвам у выбарчай акрузе і іншыя.

Такія формы работы дазваляюць здымаць вялікую колькасць пытанняў, якія паступаюць ад насельніцтва ў самыя кароткія тэрміны. Аб выніковасці і станоўчай дынаміцы правядзення такіх сустрэч з насельніцтвам гаворыць і памяншэнне тэматыкі ўзнімаемых пытанняў. Знос непрыдатных дамоў і выдаленне падмуркаў дазволілі паменшыць колькасць зваротаў грамадзян па санітарным стане населеных пунктаў. Менш зваротаў стала паступаць і па выдаленні аварыйных дрэў як у населеных пунктах, так і на могілках. Радзей людзі, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, сталі скардзіцца на працу магазінаў і аўталавак.

У гэтым годзе ў раёне праведзена 8 свят вёсак, 167 сельскіх сходаў. Радуе тое, што ў апошнія гады ўсё больш ураджэнцаў вёсак, іх жыхароў, якія пастаянна не пражываюць на тэрыторыі, прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні такіх свят.

– Сяргей Васільевіч, згадзіцеся, упаўнаважаныя вёсак – вашы памочнікі. Каго б вы хацелі адзначыць з найлепшага боку, хто праяўляе актыўнасць і неабыякавасць да свайго роднага кутка?

– Станоўчымі прыкладамі ў працы па добраўпарадкаванні сваіх населеных пунктаў і працы з аднавяскоўцамі могуць служыць такія ўпаўнаважаныя, як Галіна Уладзіміраўна Дышлевіч (в. Сенна, Капашчава, Слабада Любчанскага сельсавета), Ніна Яўгеньеўна Бандзюкевіч, упаўнаважаная аг. Кашалева, Вера Іванаўна Іванова (в. Поўбераг Вераб’евіцкага сельсавета), Людміла Пятроўна Вілімовіч (в. Гнесічы Шчорсаўскага сельскага савета), Святлана Іванаўна Карчэўская (в. Оркавічы Пятрэвіцкага сельскага савета), Іван Канстанцінавіч Бублей (в. Суляцічы Брольніцкага сельскага савета).

Гэта ініцыятыўныя людзі, якія падштурхоўваюць сваіх аднавяскоўцаў на добрыя справы не толькі ў плане добраўпарадкавання і арганізацыі свят вёсак. Яны імкнуцца захаваць памяць для будучага пакалення аб сваіх земляках, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне на франтах і ў тыле ворага, даглядаюць пахаванні, прымаюць удзел у высаджванні алей памяці, з’яўляюцца памочнікамі ў рабоце назіральных камісій па забеспячэнні пажарнай бяспекі і злучальным звяном паміж старшынямі сельскіх саветаў і жыхарамі населеных пунктаў.

Гэтая работа праводзіцца ў цесным узаемадзеянні з упраўленнем адукацыі, аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі, упраўленнем па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама, а таксама пры падтрымцы раённых арганізацый «Белая Русь», «БРСМ», раённай прафсаюзнай і ветэранскай арганізацый.

– У апошнія гады сельскія саветы надаюць асаблівую ўвагу выкананню мерапрыемстваў Указа ад 24 сакавіка 2021 г. № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні працы з пустуючымі дамамі». Наколькі паспяхова вядзецца гэтая работа?

– Для гараджаніна вёска нярэдка ўяўляецца мілым, прывабным месцам з прыгожай прыродай і ўтульнымі дамамі. Псуюць гэтую ідылію пустуючыя домаўладанні, якіх з кожным годам становіцца ўсё больш. У гэтым кірунку таксама вядзецца актыўная работа старшынямі сельскіх саветаў з уласнікамі або спадчыннікамі. Заканадаўчая база пашырыла магчымасці для правядзення работы па зносе і выдаленні падмуркаў, а таксама ўключэнні зямлі ў севазварот.

Так, за 2021 год у раёне знесена 56 пустуючых і старых дамоў, выдалена 114 падмуркаў. Найбольш актыўна работа праводзілася ў Вераб’евіцкім, Валеўскім, Ладзеніцкім, Шчорсаўскім сельскіх саветах.

Вёска старэе, і нічога з гэтым не зробіш. Думаю, што пры пастаянным фінансаванні і свядомасці ўласнікаў і спадчыннікаў домаўладанняў гэтую работу мы актыўна будзем праводзіць і ў бягучым годзе.

– Сяргей Васільевіч, Вы ўзначальваеце ў раёне камісію па садзейнічанні занятасці насельніцтва ў рамках рэалізацыі норм Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». Якую работу праводзіць камісія з не занятымі ў эканоміцы раёна грамадзянамі?

– Ва ўсіх аграгарадках праведзены сельскія сходы з удзелам работнікаў розных службаў раёна. Былі дадзены тлумачэнні па гэтым пытанні, жыхароў таксама праінфармавалі аб магчымасці развіцця ў раёне малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці і дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, патлумачылі пытанні магчымасці перанавучання прафесіям, запатрабаваным на рынку працы.

На пасяджэннях камісіі ў гэтым годзе разгледжана 186 грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія прадставілі дакументы і такім чынам падцвердзілі сваю занятасць.

– Ці залежыць у канчатковым выніку камфорт жыцця нашага насельніцтва ад працы ўлады на месцах?

– У плане жыццезабеспячэння насельніцтва ў раёне зроблена ўжо многае, аднак зрабіць трэба яшчэ больш. І жыхары Навагрудчыны павінны разумець, што толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам зрабіць наша жыццё больш камфортным, а нашу зямлю лепшай і прыгажэйшай.

І сёння, чарговы раз, я дзякую ўсім, хто быў неабыякавы і ўнёс свой уклад у добраўпарадкаванне г. Навагрудка, сельскіх населеных пунктаў. Толькі агульнымі намаганнямі мы дасягнулі такога выніку.

Разам з тым нам ёсць над чым працаваць, многае яшчэ ў гэтым кірунку трэба будзе зрабіць у новым 2022 годзе. І тут я, безумоўна, разлічваю на падтрымку і разуменне нашых людзей.

– Што хацелі б пажадаць жыхарам Навагрудчыны ў новым годзе?

– Новы год – асаблівае свята. Яно дорыць надзею на шчасце і поспех, нясе радасць ад новых пачынанняў. У 2022 годзе жадаю ўсім жыхарам раёна перш за ўсё міру, стабільнасці, упэўненасці ў заўтрашнім дні і, вядома, здароўя. Сёлета мы гэта адчулі як ніколі, што кожны з нас адказны не толькі за сваё жыццё, але і за здароўе навакольных. Мы ўсе ў адказе адзін за аднаго.

Моладзі хачу пажадаць увасаблення самых смелых ідэй на карысць нашай Радзімы, а ветэранам – бадзёрасці духу і аптымізму, каб і далей перадаваць свае веды і вопыт. Хай заўсёды будуць побач з вамі вашы родныя і сябры, а ў нашых дамах пануюць дабрабыт, любоў і росквіт. Якім стане 2022 год, што ён прынясе – шмат у чым залежыць ад нас саміх. Перакананы, што, якія б выклікі ні рыхтаваў нам гэты год, разам мы зможам усё пераадолець.

Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць падзяку ўсім, хто сваёй сумленнай працай уносіць дастойны ўклад у эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё раёна, усім, хто раней ствараў перадумовы для яго дынамічнага і стабільнага развіцця і ў цяперашні час знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Шчырыя словы падзякі ветэранам працы і працаўнікам Навагрудчыны за добрасумленную працу на карысць свайго раёна, нашай любімай Беларусі!

Са святамі вас, паважаныя жыхары Навагрудчыны!

Алена Ермакова, «НЖ»